НАЧАЛЬНІК. Мы ўсё-такі маленькія агледзіны зробім вашых рэчаў, каб часам памылкова не запуталіся між імі і чужыя. (Робяць збольшага рэвізію. Начальнік знаходзіць кошык з бутэлькамі.) А гэта не награбленая гарэлка?
МІКІТА (набок). Оеей! Оеей! зусім прапаў і з костачкамі нават. (Да Начальніка.) Гэта... гэта не гарэлка, а, меджду протчым, лікер пазнанскі, ваша таварыскасць. На гандаль купіў, на свабодны гандаль, меджду протчым.
НАЧАЛЬНІК. Добры гандаль! (Падымаючы вядро з патакай.) А гэты мёд таксама на гандаль?
МІКІТА. Гэта не мёд, меджду протчым, і не на гандаль, а патака, якую сам з мамашай буду есці.
НАЧАЛЬНІК. Награбленая?
МІКІТА. Меджду протчым... меджду протчым, так сабе ўзятая з агульнадаступных грамадзянскіх складаў, зусім так сабе.
НАЧАЛЬНІК. Добрае так сабе... Вашы дакумэнты!
МІКІТА. Якія — старыя ці новыя? старыя во дзе — у гэтых портфэльчыках. (Паказвае на прынесеныя к таму часу Гануляй партфелі.)
НАЧАЛЬНІК. Старыя потым раскумекаем — давайце новыя.
МІКІТА (пакапаўшыся ў кішэнях і за пазухай, набок). Оей! Оей! Польскі дакумэнт трэба паказваць. Каб я лепей скрозь дна праваліўся. (Дастаўшы дакумент з-за пазухі, да Начальніка.) Во ён гэты, меджду протчым, дакумэнт. (Набок.) Каб яго калядны пярун спаліў!
НАЧАЛЬНІК (разглядаючы дакумент). Польскі?
МІКІТА. Зусім польскі і з усіх бакоў польскі. (Набок.) Каб яго за Буг вынесла, меджду протчым!
НАЧАЛЬНІК. Хто можа прачытаць?
СПІЧЫНІ. Пазвольце, таварыш, я прачытаю. (Чытае.) «Оказіцель нінейшэго Нікіціуш Зносіловскі служы пшы Комісарыяце поліцыі мяста Мінска, яко доносіцель».
МІКІТА. «Яко розносіцель», Гэнрых Мотавіч!
СПІЧЫНІ. Паложым, не «яко розносіцель», а «яко доносіцель», — чорнае на белым стаіць.
НАЧАЛЬНІК. Ператлумачце дакумэнт.
СПІЧЫНІ. «Паказчык гэтага, Нікіцій Зносілов, служыць у Менскім Камісарыяце поліцыі даношчыкам».
МІКІТА. «Разношчыкам», Гэнрых Мотавіч!
СПІЧЫНІ. Не «разношчыкам», а «даношчыкам», — чорнае па беламу стаіць, гражданін Зносілов.
МІКІТА. Вы, мусье профэсар, кепска прачыталі і кепска ператлумачылі.
СПІЧЫНІ. Паложым, я ніколі кепска не чытаю і кепска не тлумачу, глядзеце самі, гражданін рэгістратар!
МІКІТА (чытаючы). До... до... до... доносіцелем. Оей! Оей! Як жа гэта выйшла? я сам пісаў, сам рукою ўласнай пісаў, а начальства подпісь дало і не прачытала, мабыць, Гэнрых Мотавіч! Як жа гэта вы мяне вучылі, меджду протчым?
СПІЧЫНІ. Паложым, пры чым тут мая навука, калі вы самі пераблуталі «до» з «роз'ам». А можа, вы й не пераблуталі?
МІКІТА. Увесь Менск ведае, што я служыў разношчыкам, а не даношчыкам.
НАЧАЛЬНІК. Ну, досыць! Пасля разбяром! (Да Мікіты.) Хто тут з вамі яшчэ знаходзіцца?
МІКІТА (паказваючы). Гэта, меджду протчым, мая мамаша, а гэта і гэна, як іх? — мае госці.
НАЧАЛЬНІК (да Спраўніка і Дамы). Вашы дакумэнты. (Прыгледзеўшыся.) I вы, здаецца, мае старыя знаёмыя? Во цёплая кампанія.
Дама і Спраўнік кланяюцца і аддаюць свае дакументы.
(Начальнік да Спічыні.) Прачытайце.
СПІЧЫНІ. У гэтым напісана: «рэвіровы сюдмэго рэвіру мяста Мінска».
НАЧАЛЬНІК. Што гэта знача?
СПРАЎНІК. «Акалодачны надзірацель сёмай часці места Менску», гаспадзін таварыш.
НАЧАЛЬНІК (да Патрульнага). Зрабеце рэвізію кішэняў гэтага грамадзяніна.
Патрульны робіць рэвізію, знаходзіць у кішэнях Спраўніка пагоны і падае іх Начальніку.
НАЧАЛЬНІК (круцячы пагоны ў руках, да Спраўніка.) Што гэта?
СПРАЎНІК. Спраўніцкія пагоны, гаспадзін таварыш: памятка былога вялічча.
НАЧАЛЬНІК (палажыўшы пагоны на стол, да Спічыні). Чытайце другі дакумэнт.
СПІЧЫНІ (чытае). «Баронэса Шпацэрзон, ганаровы член Менскай дабрачыннасці».
НАЧАЛЬНІК. Шпацэрзон... Шпацэрзон... Ну, усё роўна, — пойдзе і яна. А цяпер, калі рэвізія скончана, прашу ўсіх ісці са мной. (Да Ганулі.) Вы, цётка, застаіцёся хаты пільнаваць.
МІКІТА. Оей! Оей! Што, і мне йсці, мусье таварыш?
НАЧАЛЬНІК. А вы думалі як?
МІКІТА. Оей! Оей! Пакіньце мяне. Нашто я вам, меджду протчым, патрэбен? Вось у гэтых портфэлях зусім што іншае аба мне сказана. Зірнеце ў гэтыя паперы, ваша таварыскасць. Як прачытаеце, то ўсё роўна не заберыцё мяне, меджду протчым.
НАЧАЛЬНІК. Усё роўна не магу йначай. Гэтыя пісталеты, награбленая гарэлка, патака, цяганне чужых рэчаў, служба даношчыкам, усё гэта таксама для нас добрыя паперы, хоць для вас, можа, і дрэнныя паперы.