МІКІТА. Дык пакажэце мне, меджду протчым, ваша чырвонае благородзіе, чэк на мой арышт.
НАЧАЛЬНІК. Чэк атрымаеце, як прыйдзеце на месца. Ідзем! Прашу забіраць «вешчэственныя даказацельства». (Начальнік забірае рэвальверы, адзін партфель і пагоны. Даме, Спраўніку, Спічыні і Грамадзяніну дае несці па пары бутэлек, Мікіту — патаку. Двум патрульным — па партфелю.) А цяпер — марш за мной!
МІКІТА. Оей! Оей! Ваша таварыская міласць! Пакіньце мяне з мамашай. Меджду протчым, пайду памагаць вам забіраць Варшаву, толькі не забірайце мяне!
ГАНУЛЯ. Мае паночкі, мае галубочкі! Хаця не змікіцьце майго Мікіткі. Хаця не змікіцьце! (Апускаецца з ціхім плачам на спакаваныя манаткі.)
Усе, апрача яе, выходзяць. Пры апошніх Гануліных словах разлягаецца за вокнамі на вуліцы харавая песня.
Пасля паўмінутнай паўзы, пад несціхаючыя гукі песні, паволі апускаецца
3аслона