ЯНКА. Спрытная, спрытная! Але і пры змененых сытуацыях каб вы толькі з сваім асэсарствам і з гэтай мамзэляй не вылецелі ў трубу. (Выйшаў у свой пакой.)
МІКІТА. Зайздрасць яго так і разбірае, меджду протчым. (Дастае з шуфляды ў стале чыноўніцкія адзнакі і перад люстрам прымяркоўвае іх.)
Уваходзяць Наста і Гануля.
З'ява VIII
Мікіта, Наста, Гануля.
НАСТА. Аей, што я бачу?! Без усякае цэрамоніі нашаму дзявоцкаму стану канкурэнцыю робіце — як кокетка, фліртуеце з люстэркам. А яшчэ калежскі рэгістратар!
МІКІТА. Але і мамзэль Наста, меджду протчым, сягоння падфуфырылася, як на баль-маскараду ў Белую залю.
НАСТА. На баль як на баль, а з гасцямі спаткацца прыйдзецца, дык чаму ж крыху і не паднядзеліцца?
МІКІТА. А так, так! На тое ж сягоння мае імяніны.
НАСТА. Ды я не аб імянінных гасцёх.
МІКІТА. Аб якіх жа гасцёх яшчэ, меджду протчым?
НАСТА. Які ж вы недагадлівы!
МІКІТА. Ах, ужо ведаю — вы аб немцах?!
НАСТА. Няўжо ж аб кім? Я з пэўных крыніц маю пэўныя весткі, што яны яшчэ сягоння будуць у Менску.
МІКІТА. О, ліханька! Каб хаця не ўваліліся на імяніны, а то сапсуюць усю абедню. А так, меджду протчым, хай сабе ідуць, гэта мне пад руку — буду зноў засядаць у губарнатарскай канцылярыі.
НАСТА. Ого! так адразу. А я чула ад пэўнай асобы, што немцы як прыходзяць, то першым чынам направа і налева хапаюць усіх на работы — капаць акопы, а гэта не губарнатарская канцылярыя.
МІКІТА. Хэ-хэ-хэ! Я ўжо ведаў аб гэтым і загадзя забарыкадаваўся. Глядзеце! (Знімае з сцяны і надзяе пажарніцкую куртку і каску.)
НАСТА. I што гэта значыць?
МІКІТА. А тое, што немцы пажарнікаў на работы не бяруць. Ну, вось я і падумаў аб гэтым раней і ўпісаўся ў Менскую пажарную дружыну.
Чуваць злева званок.
Ай, госці ідуць! Меджду протчым, мамаша, завесьце чым-небудзь вокны, можа — коўдрамі... а я пабягу спаткаць. (Выбягае.)
Гануля завешвае вокны. Наста круціцца каля люстра. Уваходзяць ГОСЦІ ў парваных верхніх вопратках, якія Мікіта знімае і выносіць у другі пакой. ПОП апускае падоткнутыя полы сутаны. Пасля прывітання госці рассаджваюцца і крытычным вокам аглядаюць кватэру.
З'ява IX
Мікіта, Наста, Гануля, Дама, Поп, Спраўнік, Пан.
МІКІТА (як госці ўвайшлі і раздзеліся, надскакваючы). Міласці прашу! Прашу пакорна! Маю гонар пазнаёміць — меджду протчым, мая мамаша, а гэта — мамзэль Наста Пабягунская.
ДАМА (углядаючыся пільна цераз акуляры з ручкай на Мікіту). Што гэта ў вас, мусье, за такі орыгінальны ўбор? Напамінае сабой форму а-ля-кум пажарны.
МІКІТА (глянуўшы на сябе). Мадам-сіньёра, вы згадалі. Гэта... Як яно... гэта... меджду протчым, прынёс мне мой прыдворны кравец для меркі, а я так захапіўся найяснейшымі гасцямі (госці ківаюць галовамі), што і забыўся зняць. Меджду протчым, я заказаў сабе гэты віцмундзір з пэўнай мэтай... Прыходзяць немцы, пачнуцца балі, рауты, маскарады, а ў мяне во і гатоў маскарадны касцюм. Але, выбачайце, найяснейшыя госці,— пайду ўжо скіну, меджду протчым. (Выходзіць і варочаецца ў чыноўніцкай форме з усімі адзнакамі.)
ДАМА (ізноў узіраючыся на Мікіту). Ах, мусье! але вы фарсун: у вас мундзір са шліфамі!
МІКІТА. А гэта зроблена спэцыяльна для маіх, меджду протчым, найславутнейшых гасцей: хацеў прыняць іх, як і калісь прымаў розных дастойных асоб.
СПРАЎНІК. Тады дазвольце і я свой мундзір удастойню.
Дастае з кішэні пагоны і прышпільвае. Дама памагае. Чуваць званок. Гануля выходзіць і прыводзіць з сабой АЛЕНКУ І ГАРОШКУ, які, уваходзячы ў хату, выбівае аб пазногаць попел з люлькі.
З'ява X
Тыя ж, Аленка, Гарошка.
АЛЕНКА (узіраючыся ў пісульку). Ці тут жыве дзядзька... як яго?! дзядзька Мікіта Зносак?
МІКІТА. I не дзядзька, і не Мікіта, і не Зносак, а тут жыве, меджду протчым, колежскі рэгістратар Нікіцій Зносілов.