Выбрать главу

ГАЛАСЫ. Хай жывуць! Хай цвітуць нашы кветкі, наша асалода! Віват! Ура!

ПОП. Разверзіся врата адовы і сам анціхрыст со своім сонмом святой Русью завладоша, ежэлі созерцать всё творымое ныне.

СПРАЎНІК. Ні поліцыі, ні поліцмэйстраў!..

ПАН. Ні маёнткаў, ні бравароў!

ДАМА. Ні раутаў, ні журфіксаў!

МІКІТА. Ні рангаў, ні клясаў, меджду протчым!

НАСТА. А, па-мойму, што-небудзь ды ёсць. Ёсць, напрыклад, свабода: што хачу, тое раблю. Узяць хоць бы тое: хто калі да рэволюцыі ў Менску лузаў семечкі? — ніхто! А цяпер усе і ўсюды — і дома, і на вуліцы, і нават у тэатры лузай сабе ды лузай, шапку на вушы нацягнуўшы.

ГАНУЛЯ (да папа). Бацюшка духавы, святы ўгоднік! Калі ласка, яшчэ вось гэты таўсцейшы кусочак.

ПОП. Благодарствую, матушка, благодарствую!

МІКІТА (да Ганулі, набок). Меджду протчым, мамаша, не святы ўгоднік, а ацец духоўны... (Да гасцей.) Цяпер я, высокія госці мае, прапаную тоста...

НАСТА. Не, не! Я цяпер тоста прапаную. За немцаў. Хай жывуць немцы!

ГАЛАСЫ. Хай жывуць! Віват! Ура!

Непрыемная паўза. Усе пераглядаюцца паміж сабой.

ДАМА. Можа, дарагія гаспадары дазволяць нам устаць?

ГАНУЛЯ. Калі ласка! Выбачайце толькі за недахватку ў ядзе.

ГАЛАСЫ. Сыты!.. вельмі сыты!.. дзякуем!.. дзякуем!..

Выходзяць з-за стала і рассядаюцца.

ПОП. Не врэмя лі подумаць нам і о ложэ в очаге домашнем?

МІКІТА. I зусім яшчэ не час, меджду протчым, найяснейшыя госці, вось адсунем стол і...

ДАМА....Патанцуем, мусье Зносілов?

МІКІТА. Мадам-сіньёра, вы згадалі.

ДАМА. А вы, мусье рэгістратар, мае слабасці адгадалі. Я ўміраю без танцаў.

МІКІТА. Ах, як я рад! Мусьі, згодны на гэта?

ГАЛАСЫ. Згодны! Згодны!

ДАМА. А як з музыкай?

НАСТА. А грамафон нашто?

МІКІТА. О, не, не! Толькі не грамафон. Вельмі ён крычыць, а я чалавек асцярожны, меджду протчым.

ГАНУЛЯ. Дык на балалайцы, сынок, сыграй: голас у ёй ціхі.

МІКІТА. Калі ж я сам хачу патанцаваць. Можа, папрасіць каго?

ГАНУЛЯ. Я папрашу нашага дзядзьку беларуса — ён умее.

НАСТА. Не, мадам, я лепей папрашу, і ён не адкажа. Я з пэўных крыніц ведаю, што беларусы падатлівы народ. (Бярэ балалайку і падходзіць да Янкі.) Сябра беларус, пайграйце нам.

ЯНКА. 3 ахвотай. Хоць раз паскачаце і вы пад маю дудку.

Грае вальца. Пачынаецца танец: Мікіта з Дамай, Спраўнік — з Настай, Пан — з Гануляй, Поп, Гарошка і Аленка не танцуюць. Вальц з фігурамі, без шаржу, крыху пануры.

ДАМА (як скончылі танец, да Мікіты). Вы, мусье рэгістратар, праўдзівы артысты ў вальцы. Я ачаравана вашымі віртуознымі па.

МІКІТА. Мадам-сіньёра, вы цераз лад ка мне міласцівы. Калі і выходзіць у мяне такое-сякое, меджду протчым, па, то мушу быць удзячным нашаму з Юраўскай вуліцы танц-клясісту Грачаніну. У яго я скончыў курс гэтых навук.

ДАМА. Я заўважыла адразу, што вы прайшлі добрую адукацыю.

Паўза.

СПРАЎНІК. Выражаючыся на сучасны лад, бяру сабе слова і ўношу пропозыцыю пакінуць спрэчкі і без рэзолюцыі пайсці дамоў.

МІКІТА. Я протэстую, меджду протчым!

ДАМА. Мусье Зносілов, наша большасць.

МІКІТА. Паддаюся, толькі ж не большасці, а вашаму аднаму голасу, мадам-сіньёра.

Госці падымаюцца, адвітваюцца і апранаюцца ў прынесеныя Мікітам вопраткі. Поп ізноў падтыкае полы, каб выглядаць па-цывільнаму.

МІКІТА (перад выходам гасцей). Мадамы і мусьі! мы з мамашай, меджду протчым, вас нямножка правядзём. (Выйшлі.)

З'ява XIV

Янка, Аленка, Гарошка.

АЛЕНКА (пырснуўшы смехам). Ха-ха-ха! Ну і панскае ігрышча дык ігрышча! Ха-ха-ха!

ГАРОШКА (выняўшы люльку з зубоў). Цьфу! Няма на іх доўгай пугі.

ЯНКА. Але дзядзька густа іх сваёй піпкай падкурваў. Бачыў, як насамі круцілі ды кіхалі.

ГАРОШКА. А як іначай з гэткімі? — куралём іх, куралём! Шкада толькі, што маці гэтага імянінніка ў гэтакую кампанію ўпуталася.

АЛЕНКА (з удаваным смуткам). Не ляжыць у таткі сэрца да іх, ой не ляжыць!

ЯНКА. Цікава, да каго ж у цябе, Аленка, сэрца ляжыць?

АЛЕНКА. Вы ўжо аб гэтым павінны ведаць з майго лісту.

ЯНКА. А так: да навукі і навучання.

АЛЕНКА. Але ж! Вучыцца і навучаць, навучаць і вучыцца. Вось да чаго маё сэрца ляжыць.

ЯНКА. Не была б то мая найздальнейшая вучаніца.

АЛЕНКА. Ды яшчэ, як вы казалі,— беларускага роду. Ха-ха-ха! Перахваліце, пане настаўнік. Але ведаеце, што... як...