Выбрать главу

ЯНКА. Не, не ведаю.

АЛЕНКА. Няможна перабіваць, пане настаўнік, калі іншы хто гавора.

ЯНКА. Ого! Мы нават сур'ёзнымі зрабіліся.

АЛЕНКА. Дык вось што. Як выехалі вы з Дуброўкі, я ў шапку не спала і паехала ў Вільню!

ЯНКА. Аж у Вільню!

ГАРОШКА. А так, аж у Вільню, пане настаўнік.

АЛЕНКА. Там праслухала настаўніцкія курсы, і цяпер я — ваш таварыш: я таксама настаўнік!

ЯНКА (жартаўліва). Вельмі прыемна пазнаёміцца з новым канкурэнтам у маёй профэсіі.

АЛЕНКА. А цяпер я хачу вучыцца на курсістку, потым на доктара...

ЯНКА. А далей?

АЛЕНКА. Далей... не ведаю. Але дзеля гэтай мэты мяне татка і ў Менск да вас прытарабаніў.

ЯНКА. Адно трохі не ў час.

АЛЕНКА. Не ў час?

ЯНКА. Так! Гэтыя новыя акупанты ды іншыя згрызоты не даюць табе спакойна працаваць у Менску. На маю думку, найлепей пакуль што ехаць на вёску і там прывучаць да навукі людзей і самой ад іх вучыцца. Бо я таксама выязджаю па вёску.

АЛЕНКА. I вы? Ну што ж? на вёску дык на вёску! Нават хоць у пекла, калі вы параіце...

ЯНКА. О, там вельмі горача! Значыцца, згода?

АЛЕНКА (падаючы руку). Згода!

ЯНКА. Не адкладаючы справы ў доўгі мех, лахі пад пахі ды яшчэ заўтра — марш на свежае паветра!

АЛЕНКА. Але і кніжак з сабой набяром?

ЯНКА. Абавязкова!

АЛЕНКА (як бы саромеючыся, спускаючы вочы, сціха). Але толькі — беларускіх, дзядзька настаўнік!

ЯНКА. Аб іншых і рэчы быць не можа.

Кароткая паўза.

ГАРОШКА (да Аленкі). А ты, сарока, калі ўжо адсакатала сваё, аддала б настаўніку тое, што прывезла.

АЛЕНКА. Калі я саромлюся.

ЯНКА. Мабыць, нешта надта брыдкое.

АЛЕНКА. I зусім не брыдкое, а нават, як цётка Агата казала, дужа прыгожае. Самі гэта скажаце. (Дастае з торбы прыгожа вышытую кашулю і саматканы ўзорысты пояс і падае Янку, сур'ёзна кажучы.) Прымеце, калі ласка, дзядзька настаўнік, гэту драбніцу ад сваёй шчыра вам удзячнай і адданай вучаніцы. 3 нашага лёну гэта кашуля і з нашай воўны гэты пояс. А сама я ўласнымі рукамі ад шчырага сэрца для вас выткала і вышыла.

ГАРОШКА (падаючы новую, дзераўляную, па-мастацку зробленую лыжку). А ад мяне прымеце вось гэта... 3 сваёй яблыні й сваімі рукамі зрабіў.

ЯНКА (расчулены). Дзякую, ад усёй душы дзякую! Не ведаю, чым і заслужыў на гэткую ласку?

Уваходзяць Мікіта і Гануля.

З'ява XV

Тыя ж, Мікіта, Гануля.

МІКІТА (вясёлы, пасвіствае і напявае). Радуйся, вселенная! Абвяшчаю ўсім, усім, усім: немцы акупавалі, меджду протчым, Менск!..

ЯНКА. Ну і чорт з імі!

МІКІТА. I зусім не чорт, пане, хэ-хэ-хэ! беларус. (Напявае.)

Немцы едуць, нашы йдуць,

Немцы нашых падвязуць.

(Убачыўшы Янкавы падарункі.) Меджду протчым, што гэта ў вас, пане профэсар?

ЯНКА. Праўдзівая кашуля, праўдзівы пояс і праўдзівая лыжка.

ГАНУЛЯ. Якія ж прыгожыя!

МІКІТА. Як уважаю, то і вы сягоння імяніннік.

ЯНКА. А праўда, імяніннік, толькі з іншай плянэты.

Званок. ГАНУЛЯ выходзіць і варочаецца, а з ёю СПІЧЫНІ.

З'ява XVI

Тыя ж, СПІЧЫНІ.

МІКІТА (уніжліва вітаючыся). Маё найніжэйшае ўшанаванне, мусье прафэсару! А я думаў, што сягоння ўжо не прыйдзеце.

СПІЧЫНІ. Справы затрымалі. Але мы затое пазней пазаймаемся.

ЯНКА (да Ганулі, набок). А гэта што яшчэ за такі позны госць?

ГАНУЛЯ. Гэта не госць, а нейкі важны дырэктар. Вучыць Мікітку па-нямецку гергетаць. Хто ён родам — напэўна не ведаю. Але сам ён кажа, што ён немец, людзі кажуць, што італьянец, мне здаецца, што ён проста, як і мы, тутэйшы.

МІКІТА (да Ганулі). Меджду протчым, мамаша, апаражнеце стол, бо нам трэба хутчэй вучыцца «ўрокаў».

Гануля прыбірае стол, пасля ладзіць для Гарошкаў пасцель на падлозе. Ходзіць у іншыя пакоі.

ЯНКА (да Аленкі і Гарошкі). А мы, пакуль яны будуць вучыцца сваіх «урокаў», пойдзем у мой пакой.

Выходзяць.

З'ява XVII

Мікіта, Спічыні, Гануля.

МІКІТА (паклаўшы на стол некалькі тоўстых слоўнікаў). Меджду протчым, я гатоў, мусье профэсар.

СПІЧЫНІ. Можам прыступіць, мусье рэгістратар. Учора мы збольшага прайшлі аддзел прывітанняў, сягоння павінны іх паўтарыць болей стала. Як вы прывітаеце, спаткаўшы немца?

МІКІТА. Гута моргэн, гэр гэрманіш!

СПІЧЫНІ. Добра! А цяпер, як вы прывітаеце, спаткаўшы немку?