Выбрать главу

 Людвік Міраслаўскі хоць тры разы быў дыктатарам: у Бадэні, у Неапалі і ў Пазнаншчыне, але грошы не збіраў. Жыў заўсёды скромна, зарабляючы лекцыямі, а па смерці пакінуў усяго 1700 франкаў; які-колечы пазнаншчык гэтулькі міліёнаў пэўне б, на яго месцы будучы, саббраў бы.

 Міраслаўскі быў — гэта знача выказваў сябе — атэістам, але ў яго пакойчыку вісеў на сцяне абраз Маці Божай Чэнстахоўскай. Раз Фелікс Вратноўскі адведаў яго ў хваробе; прыціснуты болямі, пан Людвік голасна ўзываў ласкі Маці Божай. Калі мінуў прыступ боляў, Вратноўскі спытаў Міраслаўскага, што гэта мае значыць? Той выкруціўся жартамі, што ён заўсёды гатоў шукаць ласкі ў кожнай паненкі.

 Міраслаўскі ў мутнай вадзе рыбы не лавіў, але затое заўсёды гатоў быў у муці сабраць жменьку гразі, каб кінуць у вочы сваім палітычным праціўнікам. Не гэткага крою павінны быць стаўпы народаў, уваскрасіцелі Бацькаўшчыны!

VIII. Дзве смерці (3 мая 1894 г.)

 Зваліліся дзве навіны, як гром з яснага неба, аб дзвёх смерцях: п. п. Адам Перасвет Солтан і Марка Узлоўскі ўчора развіталіся са светам. Абодвы ў ваколіцах Слуцка пражылі свой век. Варта аб іх пагаварыць. Пан Адам паходзіць са слаўнага роду Перасвет Салтанаў гербу Сыракомля. Адвечным гняздом гэтай галіны Салтаноў былі і ёсць маетнасць Горкі,— даўней у павеце Рэчыцкім, а цяпер Бабруйскім над ракой Арэсай. Адам радзіўся ў першай чвэрці XIX сталецця, вучыўся ў слуцкай гімназіі. У гімназіяльныя часы хоць быстратой лішне не выдзяляўся, але меў нахіл да літаратуры. Прабаваў пісаць вершы, але, сустрэўшыся з вострай крытыкай на свае польскія «трэны»[30], перакінуўся да пісання сатыры ў беларускай мове, што, трэба прызнаць, яму ўдавалася рабіць даволі гладка, аднак жа з гэтым крыўся і, чытаючы свае творы, выдаваў за чужыя, перапісаныя ім. Вышаўшы з гімназіі, здаецца, што саўсім закінуў свае літаратурныя спробы, прынамсі, ніколі не ўспамінаў аб іх. Ажаніўся дужа малады з Стэфаніей Баранцэвічанкай, асобай вялікага духу, дужа тактычнай і незвычайнага розуму. Нябожчык Адам бачыў высшасць духовую сваей жонкі і сам рад стушовываўся перад ёй, але і жонка мела той такт, уласцівы людзям выдатным, што ніколі свайго Адама не дапусціла да непрыстойнай ролі «мужа пад пантофлем». Жыццё іх плыло ціха і шчасліва. Ад малых дзён памятаю, што заўсёды гаворэна аб Адаме як аб дужа добрым, але крыху цяжкаватым чалавеку. Жыццё пана Адама можна прыраўняць да дня, ужо ж буднага, але каторы раніцай загарэўся чырвонай зоркай і да канца пагодна сышоў.

 Солтан не меў ворагаў, не меў іх і Марка Узлоўскі — «пястун павету», Марачкам да смерці празывавы. Арыгінальны ў манерах, адкрытага сэрца, шырокай веды, незвычайна здольны і добры, гэты чалавек на сваю бяду няўдачна ажаніўся. Двох людзей толькі знаў я, абдарэных такой памяццю, якую меў пан Марка Узлоўскі: Владыслава Войзбона і князя Дзівеева.

IХ. П. П. Дашкевічу

Аб стасунках маіх з Дашкевічамі многа было б гаворкі, але ўсяго казаць не гожа. Пан Ігнацы быў калісь у дужа цяжкім палажэнні, я памог яму, меў у мяне прытулак, з гэтага вывязалася інтрыга, каторая на нейкі час папсавала нашы стасункі. Цяпер ужо ўсё гэта мінула. Ён да мяне прыязлівы, бо ўсё выйшла яму на дабро, і прызнае мне рацыю, а я не маю да яго нічога, бо быў ён тады дужа яшчэ малады і непрактычны.

Цяпер залічаю абоіх п. п. Дашкевічаў да маіх наймілейшых знаёмых; ён — шанаваны і добры чалавек, яна — гожая і разумная кабета, каторая патрапіла як найлепей устроіць быт мужа і яго дому. Паміма асабістых яе дадатных старон, маю я яшчэ і іншыя на яе ласкі: 1-е тое, што яна — матка трох ладных дзяўчынак, дробязь гэта яшчэ, бо найстарэйшая толькі што пачынае быць падлёткам, але міленькія і, дасць бог, вырастуць на карысць нашага краю; кажу: на карысць, бо бачыцца мне, што з іх будуць «людзі» ў шырокім гэтага слова разуменні. Пасля п. Дашкевічовая, сястра Мерэсоў, людзей добрых, учынных вельмі і заўсёды вельмі ўплывовых (ведаю, як гэткі стасунак можа быць карысцен для маіх маладых прыяцелеў, бедных вучняў слуцкай гімназіі).

вернуться

30

Трэны (польск.) — элегіі.