Выбрать главу

Пасля пераезду з Калаціч у Слуцак Альгерд Рышардавіч наймаў пакой у доме Хведаровічаў па вуліцы Іванаўскай (цяпер вуліца Розы Люксембург). Пасля смерці пісьменніка яго бібліятэка і рукапісы былі перенесены на гарышча дома. Яны захоўваліся ў плеценых з лазы карзінах, абшытых палатном, і ў скрутках. Пасля смерці Хведаровічыхі ў 1928 годзе дом купілі Барташэвічы. У пачатку 30-х гадоў нехта данёс, што ў Барташэвічаў ёсць золата. У іх доме зрабілі вобыск, знайшлі на гарышчы «кучу папераў, роўную з чалавекам» (выраз Барташэвічыхі), і арыштавалі гаспадара дома. Абуховіч-Бандынэлі, як сведчаць яго рукапісы, пісаў не кірыліцаю, а лацінкаю. Той, хто рабіў вобыск, відаць, палічыў рукапісы не беларускімі, а польскімі. Раніцою наступнага дня да дома Барташэвічаў падагналі балаголскую падводу, пагрузілі на яе карзіны з рукапісамі, скруткі папер і кніжкі, сярод якіх была энцыклапедыя ў сінім пераплёце, і вывезлі ўсё гэта ў невядомым напрамку. Пра ўсё гэта расказвалі мне старая Барташэвічыха (яна ўжо памерла), яе дачка і сын.

Улічваючы абставіны пачатку 30-х гадоў у Слуцку, можна сцвярджаць, што рукапісы Абуховіча-Бандынэлі або спалілі, або здалі ў макулатуру. Першае верагодней. У тыя дні, напрыклад, скасавалі Слуцкі трайчанскі манастыр і яго бібліятэку. Старажытныя кніжкі з манастырскай бібліятэкі пагрузілі ў некалькі дамавінаў, атэісты ўзнялі дамавіны на плечы, вынеслі іх на бераг Случы і там спалілі. Гэта «мерапрыемства» было названа пахаваннем рэлігіі… Падобны лёс мог тады напаткаць і рукапісную спадчыну Абуховіча-Бандынэлі.

Нейкімі нявысветленымі яшчэ шляхамі ў дарэвалюцыйны час некалькі рукапісных твораў пісьменніка трапіла ў Вільню, і там яны былі надрукаваны ў календары, у газеце «Гоман» і ў школьнай чытанцы. Рукапісы дзвюх баек Абуховіча-Бандынэлі захоўваюцца сёння ў Вільнюсе. Рукапісы дзвюх баек Крылова, перакладзеныя Абуховічам гр[афам] Бандынэлі на польскую мову, захоўваюцца ў Польшчы…

Максім Гарэцкі ў сваёй «Гісторыі беларускае літаратуры», аналізуючы творы Абуховіча-Бандынэлі, адзначыў: «…на ўспамінах […] адбіліся два галоўныя наслаенні веку: панскі рамантызм і хлопаманства». Не адмаўляючы правільнасць гэтай высновы Гарэцкага, нельга не адзначыць, што Альгерд Рышардавіч ад панскага рамантызму і хлопаманства ішоў і прыйшоў да крытычнага рэалізму і да сапраўднай любові да свайго народа. У пачатку 80-х гадоў XIX стагоддзя ў светапоглядзе пісьменніка адбыліся істотныя змены, якія былі звязаны з пераходам яго са становішча «пана-хлопамана» на становішча беларускага гарадскога інтэлігента, які ўласнаю працаю павінен быў зарабляць сабе сродкі на жыццё. Пры гэтым трэба ўлічыць, што праца беларускага пісьменніка тады ніякіх прыбыткаў не давала, а прыбыткі хатняга настаўніка (рэпетытара) былі выпадковымі. Як сведчыць у сваіх успамінах пра пісьменніка Язэп Дыла, былі дні, калі Альгерд Рышардавіч мог траціць на абед толькі 5 капеек.

Пры такіх абставінах не маглі не адбыцца змены ў светапоглядзе пісьменніка, бо адна справа глядзець збоку на жыццё сельскіх і гарадскіх нізоў, а іншая справа апынуцца ў іх становішчы.

Калі ў апошнія гады жыцця ў адным са сваіх вершаваных твораў Абуховіч-Бандынэлі, напрыклад, пісаў:

Хоць галодзен – я свабодзен…–

то тут ён гаварыў не толькі пра галодны люд свайго часу, але і пра сябе…

Публікацыі А. Абуховіча-Бандынэлі, зробленыя пры яго жыцці, пакуль што не выяўлены. Першая публікацыя твораў пісьменніка зроблена праз семнаццаць гадоў пасля яго смерці ў «Беларускім календары на 1915 год». Там былі апублікаваны байкі «Ваўкалак», «Старшына». У 1916 годзе ў газеце «Гоман» (№ 33–40 і 49) былі змешчаны фрагменты з мемуараў пісьменніка і яго верш «Дума а Каралю XII». Пазней у школьным падручніку з’явіліся яго байкі «Суд», «Воўк і лісіца».

Літаратурная творчасць і асветніцкая дзейнасць А. Абуховіча-Бандынэлі былі працягам той барацьбы за свабоду, за сацыяльную і нацыянальную справядлівасць за «ўваскрашэнне Бацькаўшчыны» (як казаў пісьменнік), якую ён вёў у атрадзе паўстанцаў у 1863 годзе.

Аб трагічным лёсе рукапіснай спадчыны Альгерда Рышардавіча я ўжо гаварыў. He менш трагічным з’яўляецца і лёс тых лічаных твораў пісьменніка, якія дайшлі да нас. Бадай усе яны былі надрукаваны яшчэ да рэвалюцыі, але некаторыя з іх нашай крытыкай свядома абходзяцца аж да нашых дзён. Напрыклад, яшчэ ў 1916 годзе ў газеце «Гоман» побач з «мемуарамі» быў надрукаваны верш Абуховіча-Бандынэлі «Дума а Каралю XII». У кнізе «Таямніцы старажытных сховішчаў» Адам Мальдзіс назваў гэты твор «цікавым і супярэчлівым вершам», які «чамусьці аказаўся па-за ўвагай нашага літаратуразнаўства».