Выбрать главу

I, як можна, так стараўся:

Дзе прасілі, дзе ўздыхнулі,

Дзе гасцінца падаткнулі,

Каб дабіцца да медалі,

I плацілі, і прасілі, і стагналі...

Леў гаворыць: — Ходзяць толкі,

Што авец з’ядаюць воўкі.

I сазваць сказаў народ

На звярыны вольны сход,

Паспытаць усіх звярат:

— Воўк ці добры, ці ён гад?

Чыны важны ўсе прыйшлі,

Ўсё пачальства тут было.

Ды прычыны не знайшлі,

Зла аб воўку не чутно:

Пад судом ён, бач, не быў

I з начальствам добра жыў,

Дык медаль пан войт надзеў

На авечы цэлы хлеў.

А авечкі што сказалі? —

Іх на сход зусім не звалі,

А ўпісана ў пратаколе,

Што «авечкам дана воля».

СУД

Там, дзе пушча, за прасёлкам, Калісь ліс жыў з шэрым воўкам I, як весць людская кажа, Жыло згодна племя ўража;     Ды да часу. Хутка сварка там пайшла: Ўкрыўдзіў нечым ліс ваўка.     Дайшло дзела да суда. Можа, праўда, можа, не,— Адвакаты — два сабакі на судзе. Кожны брэша, на праціўніка вядзе. А суддзёю быў глушэц, Ён разумны ці глупец, Тое трудна разгадаць, Адно толькі, як чуваць, Што рашыў ён дзела так: Выгнаць з суду ўсіх сабак, А воўк з лісам плоцяць штраф. Воўк — бо хлусіць ён напрасна, Ліс — бо злодзей.     Гэта ясна: Круцялёў чым разбіраць, Лепш абодвух пакараць.

ВОЎК I ЛІСІЦА

«На табе, нябожа,

Што мне нязгожа».

Раз папалася лісіцы

Ажно тры злавіць курыцы.

Падушыла; дзве з іх з’ела,

Трэццю скрыла. Сама села —

Як па працы — пад стажком

Воўк галодны йшоў нішком[1].

А што з кумою быў знаём,

То такую рэч павёў:

— Ах, сястрыца,— кажа кум,—

Я ад рання браў на вум,

Каб што-кольвек мне пад’есці,

А тут на злосць негдзе ўлезці.

Падхапіў бы я хоць птушку...

Да авец падходзіў збочку,

Ды пастух чупрыну чэша,

I сабака прытым брэша,—

Падступіцца няма складу!..

Дай ты, кумка, яку раду?!

— Ох, мой куме даражэнькі!

То ж стог сена цалюсенькі.

Еж, як хочаш,— не шкадую,

Хоць апошнім, ды частую!

— Дзякуй, дзякуй! — сказаў шэры

I пацягся без вячэры.

ДУМА А КАРАЛЮ XII

Зоры паўночы кроўю пылаюць,     Снежны чырвонюць прасторы; Людзям варожбы ліхі звяшчаюць     Зораў паўночных разоры.
Ось тры малойцы,— з асобна кожны,—     Буйныя думы гналі з укрыцця; На поўнач кідалі ўзгляды трывожны     З мыслю, што стрэнуць у жыцці.
Той каралеўскай жадаў кароны,—     Не дбаў аб чэсць у патомных, Каб толькі д’ядэм меці злачоны     На скронях сваіх нікчомных.
Гэты, дзе поўнач, зроджэн на цара,     Імператорам меў стацца, Хоць баранілі народ і вера     Айчызне з грунту зменяцца.
Дала абодвым злая фартуна     Сваіх дасцігці намераў: Першы на Польшчу кінуў цалуны,     А той расшырыў моц цараў.
Трэці, на стромкай апёршысь скалі,     Дзе вілі гнёзды саколы, Думаў прайначыць злой долі шалі,     Не дбаў аб цяжкі мазолі.
Зоры шырока неба крывавюць,     Крывавюць землі і воды,— Гэтак шырока твае расславяць,     Манаршэ, імя народы.
К шчасцю народаў, дзля іхнай славы     Агністо біло ў ім сэрцэ... Будзьце ж пракляты, палі Палтавы,     I ты, народаў мардэрца!
Памерклі зоры, памеркла слава,     Русь у няволі марнее; З гробу Кароля, з поля Палтавы     Устаньце, народаў надзеі!

З ПАПЕРАЎ АЛЬГЕРДА АБУХОВІЧА

І. Успаміны Кіева

 Радзіўся я, 25 ліпеня (дзень св. Якуба) 1840 года. Прынялі мяне з жалем і абразай: быў я калекі. Думалі, што або зара памру, як брат майго бацькі, каторы меў гэтае самае калецтва, або буду ідыётам, як Генрык Быкоўскі з Русаковіч, таксама трывусны. Тым часам я гадаваўся, і пастанавілі аддаць мяне ў гімназію ў Слуцак. Але і мне самому не хацелася і бацькам маім таксама не хацелася аддаваць калекага хлопца на кпінкі і здзекі равеснікаў; трэба было зрабіць спярша аперацыю, каторай тагачасныя дактары на Беларусі неяк баяліся. Слылі тады як аператары: Пірагоў, Кажанеўскі і Караваеў. Гэты апошні быў прафесарам Кіеўскага універсітэта, а да Кіева было і найбліжэй і найлягчэй дабрацца. Пачалі выбірацца ў Кіеў да Караваева, а ў гэтым часе разышлася чутка, што царыца, жонка Мікалая I, занядужыла на вочы, што маюць рабіць ёй аперацыю і што Караваева на вясну паклікалі ў Пецярбург. Дык едзем перад вясною, але ўжо коламі, па чарнігаўскіх растопах. Дарога ішла на Лоеў і Чарнігаў. Запрагалі ў адну карэту шэсцера каней, а пад фарысія[2] — трое або чацвера, у каламажку, што ішла ззаду з нашай службай, запрэжана было пяцёра каней. Мы нідзе не загразлі, але бачылі карэты, цягнутыя некалькімі парамі валоў, і то на паштовым тракце (шосы яшчэ не было). На Дзесні, пад Чарнігавам разлітай на 10 вёрст, сарвалася бура, і паром наш занесла на нейкі бязлюдны груд[3], дзе і прыйшлося нам начаваць. У Браварох уз’ехалі мы на шосу і пасля станулі над разлітым Дняпром. Мост тады яшчэ будаваўся: перабіраліся паромам.

вернуться

1

Нішком — хаваючыся.

вернуться

2

Фарысія — памочнік кучара.

вернуться

3

Груд — тут у сэнсе ўзгорак або невялікі астравок.