Выбрать главу

- Вы так адкрыта пра ўсё гаворыце, - сцепанулася як ад холаду я. - А што, калi тыя вас пачуюць?

- Яны ведаюць, што я пра iх думаю, ведаюць, што я не задаволены той роляй, якая мне вызначана. I некалькi разоў папярэджвалi...

- I вы?

- Што я? Не сам жа я сябе ствараў, а яны мяне стварылi. Якога хацелi, няхай такога i маюць, церпяць. Дый... Што мне пагражае? Смерць. Дык я i так ведаю, без iх, што памерцi мне давядзецца. А калi... Гэта не мае значэння. Ва ўсякiм разе для мяне.

- I для мяне таксама, - прызналася я. - Вось толькi б з iмi, тымi, як вы iх называеце, звязацца.

- Добра, я звяжу вас, - паабяцаў Анатоль Iванавiч.

- Калi?

- Сам не ведаю. У мяне цяпер, я казаў вам, адпачынак.

- I ад iх, - паказала я няпэўна ў неба, - таксама?

- На жаль, не, - пакруцiў галавою Анатоль Iванавiч. - Ад iх адпачынку няма. I не будзе. Нiколi i нiдзе. Хiба, можа, на тым свеце.

- А ён, той свет, ёсць?

- Гэтак жа, як у зерня, якое мы мелем на хлеб, цi ў той жывёлiны, якую мы забiваем на свой харч...

I Анатоль Iванавiч падняўся раптам з лаўкi, узяў мяне пад руку, сказаў:

- Пойдземце дадому, вам заўтра трэба на працу. Ды i ў мяне... Справы. А што да таго, каб вас звязаць з тымi... То я... Звяжу. Як толькi яны пераканаюцца, што вы гатовы iх пачуць, яны пададуць сiгнал...

- Як я яго пазнаю?

- Пазнаеце, - яшчэ больш сумна, але ўпэўнена адказаў Анатоль Iванавiч i больш не прамовiў нi слова - моўчкi давёў мяне да дому, дзе я жыла, i гэтак жа моўчкi, нiчога не сказаўшы, расстаўся, знiк з пад'езда, як толькi схавалася, зайшла я ў выклiканы iм лiфт...

I вось я жыву якi ўжо год, чакаю таго абяцанага сiгналу. А яго няма i няма. I Анатоль Iванавiч дзе падзеўся - не прыходзiць, хоць я па-ранейшаму штовечар спяшаюся ў парк, сяджу на лаўцы пад старымi таполямi ля вадаспада. Няўжо ён забыўся на мяне? А мо... Слова не стрымаў, не сказаў нiкому пра мяне, не звязаў па нейкай прычыне з тымi?.. Цi... i самога яго жывога няма, адпомсцiлi яму тыя за яго вальнадумства i размовы пра незямное, вiдаць, не толькi са мной адной?.. А мо ўсё гэта няпраўда, лухта, няма нiдзе нiякiх тых?..

1984