- Пакуль што не, дзякуй.
Яна далiкатна пакланiлася i выйшла. А я доўга потым думаў, як магло здарыцца, што гэтая цiкавая пажылая ангелька апынулася гаспадыняй атэля ў Малой Азii. Было нялёгка завесцi з ёю знаёмства, яна добра ведала сваё месца, якое сама сабе вызначыла, i трымалася ад мяне на адлегласцi. Служба ў прыстойнай ангельскай сям'i не прайшла бясследна i наклала на сiньёру Нiкалiнi пэўны адбiтак. Але дзякуючы маёй настойлiвасцi, я ўрэшце быў запрошаны на кубачак чаю ў яе невялiчкую гасцiную. Я дазнаўся, што яна працавала пакаёўкай у нейкай лэдзi Ормскiрк, а сiньёр Нiкалiнi (толькi так дазваляла яна сабе называць нябожчыка мужа) служыў у маёнтку кухарам. Сiньёр Нiкалiнi быў вельмi прывабны мужчына, i ўжо некалькi гадоў да замужжа яна з iм сустракалася. Яны назбiралi патрэбную суму i пажанiлiся. Пакiнулi служыць i вырашылi купiць атэль. Прыдбалi гэтую гасцiнiцу па аб'яве, таму што сiньёр Нiкалiнi хацеў пабачыць свету. Гэта было амаль трыццаць гадоў назад, а ўжо пятнаццаць, як няма сiньёра Нiкалiнi. За ўвесь час удава нi разу не пабывала ў Ангельшчыне. Я пацiкавiўся, цi не сумавала яна па радзiме.
- Не скажу, што не хацела пабыць дома, хоць i ведала, што там многае змянiлася. Бацькi былi супраць майго шлюбу з чужаземцам, i з таго часу я не падтрымлiваю з iмi адносiн. Вядома, тут шмат чаго не так, як у мяне на радзiме. Дзiва, але надта хутка прызвычайваешся. Многа пабачыла я ў жыццi. Не ведаю, цi змагла б я жыць так сумна i нецiкава, як жывуць, напрыклад, у Лондане.
Я ўсмiхнуўся. Словы гэтыя анiяк не стасавалiся з яе манерамi. Яна была ўзорам этыкету. Неверагодна, што гэтая жанчына больш за трыццаць гадоў пражыла ў такой дзiкай, амаль варварскай краiне, i гэта на ёй не адбiлася. Хоць турэцкай мовы я не ведаў, а яна размаўляла на ёй лёгка, я быў упэўнены, што гаворыць яна з памылкамi, дый таксама акцэнт кокнi вельмi адчуваецца. Яна, прайшоўшы праз усе выпрабаваннi i дзякуючы здольнасцi нiколi не дзiвiцца, засталася той адпаведна выхаванай ангельскай служанкай, што добра ведае сваё месца. Успрымала ўсё, як нешта само па сабе зразумелае. Яна бачыла ў кожным неангельцы iншаземца, таму - амаль прыдуркаватага чалавека, што заўсёды трэба прымаць у разлiк. Яна кiравала сваiмi падначаленымi дэспатычна - няўжо яна не ведае, як у багатым доме старшая чэлядзь павiнна паказваць сваю ўладу над iншымi слугамi, што стаяць нiжэй? - i такiм чынам у атэлi заўсёды падтрымлiвалiся парадак i чысцiня.
- Раблю ўсё, што магу, - сказала яна, пачцiва склаўшы накрыж рукi, як заўсёды рабiла, калi гаварыла са мною. - Зразумела, нельга чакаць ад iншаземцаў такiх жа разумных думак, як ад нас. Мой гаспадар звычайна гаварыў мне: "Паркер, у гэтай штодзённай мiтусне, у якой мы жывём, трэба цвёрда весцi сваю лiнiю".
Сiньёра Нiколiнi падрыхтавала найвялiкшы сюрпрыз у дзень майго ад'езду.
- Я вельмi рада, што вы не паедзеце, не пазнаёмiўшыся з маiмi сынамi.
- А я i не ведаў, што ў вас ёсць дзецi.
- Яны ездзiлi па справах, але вось-вось павiнны вярнуцца. Вы, вядома, здзiвiцеся, калi iх убачыце. Я выгадавала iх, як кажуць, сваiмi рукамi. Калi я памру, яны абодва стануць гаспадарамi гэтага атэля.
Праз нейкi час у хол увайшлi два высокiя, смуглявыя, маладыя хлопцы. Вочы ў жанчыны засвяцiлiся ад радасцi. А сыны падышлi да мацi, абнялi яе i моцна пацалавалi.
- Яны не гавораць па-ангельску, сэр, але крышачку разумеюць. Ну i, вядома, валодаюць турэцкай мовай, як мясцовыя, а таксама - грэчаскай i iталiйскай.
Я пацiснуў iм рукi, потым сiньёра Нiкалiнi нешта сказала, i яны пайшлi.
- У вас прыгожыя хлопцы, сiньёра, - сказаў я. - Вы, пэўна, ганарыцеся iмi.
- А як жа, сэр. Слаўныя хлопцы, абодва. З самага нараджэння не мела я з iмi клопату, а галоўнае, яны надта падобныя на сiньёра Нiкалiнi.
- Ведаеце, нiколi не здагадаешся, што мацi ў iх ангелька.
- А я не зусiм iх мацi, сэр. Я толькi што пасылала iх праведаць яе.
Шчыра кажучы, я быў трохi збiты з толку.
- Гэта дзецi сiньёра Нiкалiнi i грачанкi, што працавала ў нашым атэлi. У мяне не было сваiх дзяцей, i я iх усынавiла.
Я не ведаў, што сказаць, таму маўчаў.
- Я спадзяюся, што вы не падумалi нiчога кепскага пра сiньёра Нiкалiнi, сказала яна, блiжэй падсоўваючыся да мяне, - мне хацелася б, каб вы так не думалi, сэр.
I яна зноў скрыжавала на грудзях рукi i з гонарам i задаволена дадала:
- Сiньёр Нiкалiнi быў вельмi тэмпераментны мужчына.