- Тпрфу-у-у! - рагочуць хлопцы.
- ...Пажалста, без шуму! Продолжайте, кгаспадін Задума! Да-а, ррразумеецца, верррхній...
- Больш ілі менш рыхлы слой, пакрыты адналетнімі, двулетнімі і многалетнімі дзярэўямі...
Хлопцы ізноў фыркаюць. Усміхаецца і Рамашкін. Дужа міла ашчэрыўшыся, а потым артыстычна сціснуўшы ў канцах разрэзу рот, ён ціханька жартуе:
- Да-а і фамілію вам Кгасподь дал... задумываться... да-а!
Аднак, дзеля свае добрае натуры, ён не робіць больш ніякае ўвагі, а пачынае сам казаць яшчэ разок, што ёсць такое глеба. Ды зараз трашчыць званок, і рэшту лекцыі Глеб Глебавіч просіць («Прррашу... да-а!..») выўчыцца па яго запісках, друкованых на шапірографе і паступіўшых у продажы ў кніжнай краме мадам Хейфец.
Чацвертая лекцыя - хімія, колькасны аналіз - была самая нешчаслівая. Граза - выкладчык прыйшоў, выпіўшы таго, што ў арганічнай хіміі вядома пад назовам «цэ два аш пяць о аш» (C2H5OH). А выкладаў і ён таксама па запісках, - не дзеля асабістае славы, не! - а таму, што хоць і прызнаваў патрэбу падручнікаў у сучаснай школе, але ўсе, існаваўшыя ў расейскай мове, раз і назаўсёды зганіў, шануючы толькі нямецкі. Быў ён родам з Пазнані, зваўся Ян Янавіч фон Заёнц, палітыкай цікавіўся мала, але так ненавідзеў палякаў, што запісаўся ў «Саюз рускаво народа» і быў там самым акуратным платнікам сяброўскіх складак. Прадыктаваўшы без краю-крайняга даўгую формулу, ён сонным злюшчым і па-нямецку пэўным ува ўсім чыста голасам узяўся растлумачыць, што мела значыць формула ў вялікіх тайнасцях навукі хіміі...
А Лявон, узгадаваны на ціхіх дробнаўласных сялянскіх ідэалах, тым часам так салодзенька задумаўся! Ён летуцеў: вось каб адкупіць у пані балота «Мох», што побач з цёмналескім полем, правесці там канаўкі, залажыць дрэнаж, асушыць, паскарадзіць, пасеяць розную траву... Вось ён будуе сабе чысценькую хатку - і будзе жыць там з Лёксаю. Увечары, калі заходзіць сонейка, яны будуць адпачываць ад працы, вячэраць пад зялёнаю бярозаю на цёплым вольненькім паветры.
- Пофторіте, Задума, как, следофательно, получается эфта кіслая фосфорно-кіслая соль?
Збялеў Лявон як тая беленькая крэйдачка ў вечна дрыжачай п'яніцкай руцэ фон Заёнца, узняўся, стаў, стаіць...
- Не слушаете? - сказаў фон Заёнц. - Коемфуждо по делом ефо... - дадаў ён славянскі тэкст у ісціна расейскіх вуснах абнямечанага паляка, што азначала: «кожнаму па яго заслугах», і цвёрда, толькі трошку дрыгнуўшы рукою, вывеў нешчасліваму Задуме страшную, асабліва для скарбова-коштных вучняў, двойку.
Пасля лекцыі вечна вясёлыя сябры, каб супакоіць засмучанага Задуму, абступілі і развесялілі яго так:
- «Не слушаете?» А, закахаўся, галубок! (Казалі наздагад, а лучалі ў самае сэрца, гады.) Замаркоціўся коця-варкоця! Так-так! Ну, якая ж яна? Чарнявенькая? (Тут троху мыляліся, бо Лёкса ж русявая.) Як зоркі, вочкі, крумяны шчочкі? Ай ды наш Лявон! А дзе ж яна вучыцца? Мусіць, папоўначка, епархіялка? Ай шляхцяначка? Ай жыдовачка?
Так жартавалі вечныя дуронікі, а Лявон сумна разважаў... Не аб двойцы, не! усё гэта палепшыцца! Ён разважаў аб тым, што бедная Лёксачка засталася без навукі і нават невядома, ці здолее прачытаць яна і яго ліст, калі ёй напісаць, як сумненька яму тут без яе... Вось аб чым былі развагі. «Ат, няма нічога! - змірыўся ён нарэшце, - друкаванае ж у кніжцы яна добра разбірае... толькі што піша не вельмі...ць! Э, ці ў пісьменнасці ўсё шчасце? Каб было можна, пэўна ж і Лёксачка не засталася б без навукі... О, гэтая беднасць, гэтая несправядлівая сацыяльная няроўнасць! Будзьце вы прокляты ўсе, хто ў чарнасотніцкім «Саюзе рускаво народа». Хай жыве сацыялізм! Слава ўсім змаганнікам за лепшую будучыню чалавецтва!»
Так разважаў Лявон, пайшоўшы вялаю хадою на абед, так разважаў ён і абедаўшы, разважаў з нямалым біццём сэрца. Ён так узварушыўся, што ледзьве стрымаў слёзы, калі еў з супам піражок і думаў, што ні бацькі яго, ні Лёкса, ні ўсе цёмналесцы, апрача яго, як і цэлыя тысячы і мільёны бедных людзей, не маюць магчымасць на тыя піражкі... Такія рэфлексіі былі ў яго заўсёды, калі прыязджаў у горад з вёскі.
Па абедзе, калі ў працягу дзвюх з паловаю гадзін у пансіёне павінна быць ціха, сонна, нудна, закаханаму чалавеку найлепшы ратунак - хадзіць аднаму па шашы ў полі і, наставіўшы каўнер ад ёдкага ветру, слухаць, і як гудзяць далёкім светам тэлеграфныя стаўпы, і строіць бясконцыя развагі па сваёй натуры. Паціху сунецца звычайны, а ўжо паслякалядны зімовы вечар, і сцюдзёная меланхалічная паэзія сціскае сэрца.
Лявон так і зрабіў. Ён хадзіў там сёння, аж пакуль добра не пазяб, што-ткі прысілён быў ісці назад у пансіён.
Яшчэ раз к астатняму стаўпу прыпаў ён левым, укушаным Лёксачкаю, вухам і з асабліва войстрым і глыбокім сумным пачуццём зліўся мыслячай душою з гэтым аграмадным лікам розных дзіўных, маркотных, абняўшых увесь свет, гукаў-шумаў у гудзеўшым ад ветру тэлеграфным стаўпе.