- Гу-гу-гу! - пяяла там сусветная гісторыя ў сугалоссе з яго ўласнымі думкамі.
- Бом-бом-бом! - жалілася, як вецер і дождж, і плакала, як бяздольны чалавек ці хворае дзіця, бедная бацькаўшчына Беларусь, просячы аб сваім вызваленні, аб адраджэнні свае культуры.
- Шу-шу-шу... - шапталася там людское гора, людское шчасце...
І, адным словам, гаманілі там усе змыслы вечнасці, журба раскіданых прастораў і трудныя шляхі на іх ідэйнага чалавека.
- Кахаць, вучыцца і працаваць дзеля вызвалення Беларусі! - сказаў сам сабе Лявон Задума і пайшоў у пансіён.
Усе вучні пасля Каляд ужо з'ехаліся, і ўвесь будынак пансіённы ад чацвертай гадзіны да шостай - па абедзенным адпачынку да падрыхтоўкі лекцыі - гудзеў і грымеў.
Можа быць, горды і самотны дэман, пралятаючы над пансіёнам гэтаю парою ў горняй чорнай вышыні, чуе тут толькі такі самы шум, які бывае ў пчаліным вуллі, калі па ім стукнуць, увечары колькі разоў, а тады прыкласці вуха і слухаць. Шум бывае досыць музыкальны, але ціхі, мізэрны. (Між іншым, добры зямец сам гэтага не зробіць і другога не пахваліць.)
Але на мове невысокіх ад зямлі стварэнняў будзе лепш сказаць, што пансіён у гэтую пару шуміць, часам, як бабы ў цёмналескай лазні, часам, як багамольны «стары закон» у юдэйскай сінагозе, а часам, як сябры беларускай грамадскай установы на агульным сходзе або нават паседжанні.
У гэтую пару пансіянерам дазволена пяяць, іграць, скакаць і наогул «шумець».
І пансіён шуміць, заняўшыся хто чым... А ёсць тут хлопцы розных нацый і народнасцей і розных сацыяльных укладаў жыцця ў вялікай расейскай імперыі; яны прыехалі здабываць навуку ў Беларусі дзеля таго, што беларусы, па сваёй класічнай беднасці і гэткай жа цямноце, не займаюць тут на школьных лавах асабліва (дый не асабліва) шырокага месца...
Вось акуратны як у навуках, так і ў выпіўцы, так і ў музыкальных справах, белабрысы латыш Бэрзінь ужо добрую гадзіну выводзіць у пустым класе на скарбовай скрыпцы і па скарбовых нотах гамы. Ён пільнуе, каб локаць левае рукі быў чуць-чуць-чуць відаць правым вокам; каб шыйка скрыпкі была ў пальцах левае рукі, а не ляжала б на яе далоні; каб правая рука згібалася б толькі ў кісці, а не ў локці... І бедная скрыпка раве, як зарэзаная.
Вось пэўны, але не самахвальны ў сваіх здольнасцях эстонец Янсен іграе таксама на скарбовай, але добрай мандаліне вальс «На сопках Маньчжурыі», што ўвайшоў у моду пасля расейска-японскае вайны, - і аж у сентыментальнага Янсена блішчаць на вачах слёзы, пэўна ж, ад сумнай музыкі, а не ад вайны.
Вось данскі казак Рысякін, на мянушку «Бегемот», галёпае ў ніжнім паверсе, у зале з плінтусоваю падлогаю, як той кавалерыйскі конь на кордзе. Ён самастойна вучыцца скакаць мазурку, каб не плаціць без асаблівае патрэбы за скочную навуку ў школе скокаў знамянітага на ўвесь тутэйшы горад артыста з самае Варшавы, Ісака Шпрынглера.
Вось кіраўнік школьнае царкоўнае капэлы, прыгожы элеганцік Пеця Мальцаў, спачатку ходзіць і бурчыць, каб мець навекі ў слабой памяці парадак дыезаў і бемоляў... - «фадосольрэлямісі, сімілярэсольдофа... фадосольрэлямісі, сімілярэсольдофа!..» - чуецца ад яго хуценька-хуценька, многа-многа разоў. Потым, салодка задуманы, ён ціханька курняўкае маркотныя рамансы, пэўна, уяўляючы сябе ў пакоях самога пана дырэктара на імянінах маладзейшае дырэктаравае дачушкі.
Вось чорны, як жук, украінец Яўхім Грыцюк, заклаўшы рукі за спіну, грэе ля грубачкі плечы і апавядае, як хадзіў ён Калядамі ў залатаноскім павеце на вечарніцы... Наўкол яго найбольшы груд хлапцоў і часам гэткі рогат, што ажно столь дрыжыць і з яе сыплецца аблезлая пабела, а святло ў вялікай круглай вісячай лямпе фірмы «сонца» мігае і мітусіцца. Толькі сам Яўхім не смяецца, а трошачку ўсміхаецца.
А вось мяшанец з расейскай і беларускай народнасці, троху сухапары, але здаровенькі сынок паўпанка з Рослаўшчыны, Ражкоў, забраўся ў гардэроб, бясконцу перабірае ў сваёй скрыні дабро і кніжкі і безупынку, рупліва паядае то кончык каўбасы, то кавалачак пампушкі, то мачоны яблык, то камочак салодзенькага сыру, то ўсяго таго патроху, чым надарыла смаленская прырода яго мілых і не скнарых для свайго сыночка бацькоў-падпанкаў.
А вось і ён, наш стоўп пальшчызны, дваранін з барысаўскай засцянковай шляхты, сам пан Апалінары Лапць-Лапцеўскі, з якім вучні-маскалі, не ўзгадаваныя па-далікатнаму, маюць звычай дражніцца тымі словамі: «Благадару, я не куру, бо ваш табак, як трапка...» (каб паказаць яго цвярдое для іх «р»). Пагаліўся, пачысціў баціначкі, памыўся (раз на тыдзень) дарагім «Сакрэтам хараства», зачасаўся, як цырульнік або ангельскі прэм'ер-міністр, уздзеў манішку і манкеты, абліўся незвычайна пахнючаю парфумаю, абгарадзіўся партамі з усіх бакоў, паставіў ля сябе ж картку ў асадцы з чарвівых чарапашак... і піша... піша ёй... уздыхне, падумае, салодка закоціць маленькія і глыбокія вочкі... і піша... Сцеражэцеся ісці там гэтым часам! Пан Апалінары зробіцца з вамі заклятым ворагам навекі, калі вы хоць троху кінеце смяшлівым вокам.