Выбрать главу

Ну, а Лявон?

Ходзіць ён, ходзіць як непрытульны, з кута ў кут, па ўсім пансіёне ходзіць... Часам падыдзе да акна і, як замучаны паэт, пажурыцца ў незамёрзлы кавалак шыбы, як там, на дварэ, ужо цямнее рана-невясёла, бялеецца сіне-сыпучы снег, круцяцца ў паветры марозныя сняжынкі, дзьме-замятае касякамі снегу замятуха, - і смутна ж яму, смутненька на сэрцы, і нудна ж яму, нудненька ўсё навакол.

Охо-хо-о! Сярод гэтага пансіённага тлуму і гоману, а злашча паглядзеўшы на снег і на пустую вуліцу, стаіць яму ўваччу дарагая Лёксачка, як другім часам, калі б не былі заняты думкі, стаяла б яму ўваччу двойка, што-ткі заляпіў нягодны Заёнц па хіміі.

Праўда, не столькі, можа, стаяла сама Лёксачка, колькі тая салодкая, паміма волі троху ліслівая думка, што вось і ён так дужа пакахаў, мучаецца... Сэрца прыемна млела ад успамінкаў, як сядзелі яны ўдваіх на судніку першы раз, як стаялі потым у сенцах, у куточку, як... ай, ой, што гэта было... пацалаваў яе... як ён асмельваў яе ў тым іхным такім харошым, чыстым, увазвышаным каханні, бо яна ўсё, дурненькая, баялася, што ён вучоны, а яна простая...

VII

Што напісана пяром -

не вырубіш тапаром.

Народная прыказка

Гардэробная лямпачка на століку-шафцы ціха і змрочна, жаўтава свеціць, у коміне вецер паціхеньку свішча, унізе, у першым паверсе, на гітары іграюць, і тужлівыя, прыгожыя, пустыя гукі так і лезуць з нейкай ціхай пакутай і ў вушы, і ў сэрца, лезуць і жмуць пад грудзьмі...

Пад уплывам тых гукаў так хочацца адчуць у словах на пісьме сваё каханне, так хочацца асвядоміць яго ў сабе, як нешта першае самае важнае ў жыцці, прычым ідзе ён, Лявон, справядлівым шляхам ідэйнага і сумленнага чалавека, шляхам дабра, праўды і хараства...

12 студзеня 1910-га году.

Ці здарова ты, мая даражэнькая, мая любенькая, мая прыгожанькая Лёксачка?

Ах, чаму я гэтакі шчаслівы, што спазнаўся з табою, Лёксачка мая, і нешчаслівы, што жыву так далёка-далёка? Здаецца, кінуў бы тут, рынуў усё чыста і паляцеў бы да свае Лёксачкі хоць на адну-адну хвіліначку.

Не есца мне тут і не п'ецца мне тут без цябе, Лёксачка! Усё думаю і думаю, калі то ўбачу? Доўга як чакаці...

Як то жывеш ты цяпер? Ці здаровенька? А ці бываюць вечарыны? Ці прыязджалі к нашым цёмналескім дзеўкам сваты? А можа, хлопец наш каторы высватаўся? А к Банадысёвым у супрадкі хадзіць табе не раю: іхны батрак мне надта не спадабаўся, - такі буян. І мяне дзівіць, што ты так любіш скакаць з ім польку. Ці мала лепшых хлопцаў ёсць? Але ты не падумай чаго-якога, гэта я толькі так, бо я ж павінен цяпер клапаціцца аб табе і пад сваёю абаронаю весці цябе па жыццёвым шляху сярод усякіх ворагаў. А людзі калі смяюцца - няхай смяюцца, ці каму закажаш не смяяцца? Але ведай, Лёксачка, што ты, ты ў мяне адна, мая першая і апошняя... Лепшай за цябе не знойдзецца мне ў цэлым свеце! Не будзь смутная, прашу цябе, што сказаў, на тое не забудуся, вось толькі скончу школу, ужо ж нядоўга.

Марку я пасылаю табе ў гэтым заказным лісце. Паперы купіш у краме ў Мэндаля, у Целяпенічах. У яго ж і напішы мне ліст, - сама, каб ніхто не ведаў. Адрас напіша табе Этка, яго дачка. І лісты мае будзе перадаваць яна, бо я буду пісаць на яе імя з перадачаю табе. А дзеўкам ты нічога не кажы. І майго лісту Этцы чытаць не давай, а чытай сама, я пішу так, што павінна разабраць усё.

Ну, а затым і аставайся здаровенька, мая красачка, мая журавіначка! Цалую цябе, Лёксачка, на ўсю сілу. Абшчапіўшы за шыйку, жалею, мілую на ўсю сілу. Люблю цябе, люблю! Лёксачка любая! Лёкса, Лёксачка!

На векі вечныя твой Лявон

Так пісаў Лявон у той самы дзень, першы па сваім прыездзе з Цёмналесся, калі і Рамашкін з хлопцамі над ім пасмяяўся, і Дуб-Дубовіч цяжка мову яго родную зняважыў, і фон Заёнц двойку па хіміі заляпіў, і ўвечары замучыла любоўная журба. І аднак жа не лічыў тады Лявон, што дзень той, 12-га студзеня, нешчаслівы для яго дзень.

А хітры, мудры змей, што сядзіць у самым сваім закутачку душы, хацеў-такі пашаптаць неспрактыкованаму хлопцу: «Ой, Лявон, Лявон! Ужо колькі бед прыняў ты ў працягу аднаго дня за любоў сваю. Дык хоць жа ты ёй сёння не пішы... пачакай троху, абдумайся. А то, братку, ад шчасця да няшчасця дужа блізка... А што, калі яна сама не расчытае і пакажа твой ліст каму другому?..»