Тут абойдзецца без эпіграфу,
а можна было б паставіць гэткі:
«Свядомасць азначаецца быццём...»
І пацякло яно - звычайнае, штодзеннае, будзённае жыццё... І ў школе, і ў горадзе, і ў Цёмналессі.
Вучні вучыліся. Шмат часу ў іх лабараторыі адбіралі, але вучні любілі там працаваць і з прыемнасцю рабілі і якасны, і колькасны аналізы і аналіз глебы. Фон Заёнц прыйшоў аднойчы дужа ўпіўшыся, доўга гаманіў з імі на патрыятычныя тэмы і ні з тога ні з сёга ўзяў журнал і пераправіў усе двойкі на тройкі з мінусам. На лекцыях вучні таміліся, а настаўнікі былі як сонныя, хоць і калядны перапынак толькі што мінуўся. Вучні, на жаль, многія, асабліва тыя, што на прыватных кватэрах, пілі гарэлку, гулялі ў карты. Потым начальства ўволіла аднаго за п'янства, у другога адабралі стыпендыю за карты, - сам дырэктар аб 11 гадзіне паехаў па кватэрах і злавіў яго.
У гарадскім клубе, на Дваранскай вуліцы, быў наладжаны спектакль-баль. Дружына тутэйшых аматараў тэатральнага мастацтва ставіла п'есу Раскатай-Раскатайскага «Дон Жуан» з Глебам Глебавічам Рамашкіным у галоўнай ролі. Пасля п'есы быў багаты дывертысмент, у якім выступала з цыганскімі рамансамі праслаўленая тутэйшая пявуння, швагерка начальніка пошты. Потым былі скокі, бой канфеці, серпантын, фанты і шмат чаго іншага. За буфетам падавала гімназістачка, дачка буфетчыка. Гімназістачку тую запрасіў на вальс яе стрэчны брат, вучань сельскагаспадарчай школы, у якой вучыўся і Лявон. І на пасяродку залы, у самы разгар вальсу, падышоў да гэтай пары старшыня клубу і папрасіў дзяўчынку выйсці з залы або не працаваць за буфетам. Дзяўчынка пачырванела, брат яе пачырванеў, прасіліся, але не ўпрасілі, мусілі выйсці - ну, і болей нічога.
У Цёмналессі і каля Цёмналесся навін асаблівых не было... Паны ізноў людзям грошы за падзёншчыну не аддалі. Вось паны! Судзіся з імі, калі хочаш! Лес чысценька зводзяць і каля цёмналескага поля Гаёк аднавокаму Хвальзону аддалі за даўгі. Целяпеніцкага пана жонка ў захвіцэнні (летаргіі) была доўга, троху за чым жывую не пахавалі... Целяпеніцкія жыды краму Саўчанку спалілі, каб не перабіваў ім гандлю. Мэндаля пасадзілі ў астрог, бо на яго думаюць, але, мусіць, нічога не будзе, выпусцяць, бо як гарэла, Мэндаля ў Целяпенічах не было. А Саўчанок зусім зжыўся, грошы, якія былі, на тавар пусціў, усё дымам пайшло. І сам быў на круку ў пятлі засіліўся, але ў час выхапілі... Вось і натаргаваў, наскакаўся той дужа разумны Саўчанок. У Халімона ў Цёмналессі воўк аўцу з пуні вывалак, але Халімон не бедаваў, казаў, што гэта «жэрства (ахвяра) Богу». Ваўкоў у гэтым годзе панабегла з Цёмнага Лесу - бяда! А забабонныя галовы кажуць тут, што гэта ехаў вясельны поезд каля чараўніцкага двору дзе бы то - дый абмінуў закінутага зайца, не пачаставаўшы ведзьмака. Вось ён іх усіх і пракляў - і ўвесь поезд пусціў ваўкалакамі, таму і ваўкоў многа. Дураць людзі галаву. А Лаўрынька ўжо і казку аб гэтым ад дзядзіны запісаў, хацеў Лявону пасылаць, ды бацька грошы на марку не даў, затым што няма чаго яму, малому, многа ведаць ды грошы на глупства траціць.
Усе ў Задумавых былі здаровы, толькі матка, ішоўшы з царквы на той нядзелі, застудзілася і дзён пяць пралежала на печы. Лаўрынька з Ганулькаю з самага рання выхадзілі ў школу ў Залужжа, і бацька заставаўся адзін у хаце з хвораю. Яму было шмат работы, і ён гневаўся.
Матка, бачачы, як яму цяжка аднаму цягнуць на двор цэбар з мешанкаю свінням, саскаквала з печы, як маладзенькая, і бегла хоць дзверы за ім зачыніць.
А ён гневаўся, і злаваўся, і крычаў на яе:
- Ляжы ты ўжо, калі хворая ляжыш! Што я, сам не зачыню дзвярэй? Пасобіш ты мне гэтым!
Яна ж, мала таго што саскаквала з печы зачыняць дзверы, часам не магла ўцерпець, каб не выбегчы на падворак паглядзець, ці добра ядуць свінні. Тады пачынаў біць яе кашаль, як у кадушку, і яна праганяла яго сцюдзёнаю вадою, бо ў варанай, казала, няма ніякага смаку.
Бацька за гэта сварыўся на яе.
Ды-ткі і досыць даставалася яму: вады прынясі, скаціне корму падавай, дроў няма - дроў насячы, а ўсё як сам дык сам, проста хоць ты гвалту чалавек крычы!
- Будзе мне з вашае навукі пацеха, хто там ведае. Вучоныя - за бацькавым каркам, - бурчэў ён часам пад павеццю; але трэба адзначыць, што ён сам дужа хацеў, каб Лявон вучыўся, а бурчэў - дык толькі так сабе, каб спагнаць злосць і паказаць, што стыпендыя - стыпендыя, а бацька ж таксама нешта значыць з сваёю дапамогаю, і бацьку тым часам няма палёгкі.
І як жа не злавацца: каровы галодныя рыкаюць, авечкі бляюць, свінні скігочуць, - ну не дай Божа яшчэ і бабскую работу спраўляць. Быццам ведаюць нягодныя жывёліны, што гаспадыня хворая, і ад сіроцтва пяюць у вушы гаспадару.
Папрасіў бы каго з сваіх, хоць трохдзеннікам на час, дык Антон жупаны пайшоў шыць, Панас канаплі ад Іцкі Броўды ў Смаленск павёз, - і мужчын няма, і бабам іхным таксама некалі.