Выбрать главу

У сераду гукнуў старую Міхасіху печ тапіць, дык яна, як пастаралася, рана юшку зачыніла, напусціла чаду паўнюхтанькую хату. Як на ліха, улучыў ён вольную часінку, прыйшоў у цёплую хату з марозу і пачаў задоўку віць. Чуе сморад, кажа матцы:

- Ідзі-тка ты паціху, напрануўшы кажух, пасядзі ў каго, а то на хворую галаву ўчадзееш зусім.

Выйшла яна з Міхасіхай, а ён, надзеўшы па голаў шапку, каб дужа не ўчадзець, сеў віць задоўку, думае - не возьме яго чад.

Тым часам, не паспела вярнуцца хворая, аж тут другі хворы... Спачатку пачала яго забіраць млявасць, пад абед жа так заламіла яму ў галаве, так пачаў казлы драць, што, як вярнулася яна, - думала: канчаецца яе чалавек. Затым і не сказала яна адразу аб навіне, якую пачула. А навіна была цікавая.

Дзеля таго што да Мікітавых было бліжэй, чымся да Якубавых, Задуміха з старою Міхасіхаю зайшлі пасядзець у Мікітавых. Там жа была ў супрадках і Лёкса. І яшчэ да іхнага прыходу была там такая гаворка... Гаманілі пра Лявона.

- Запанеў ужо Лявон, з нашымі дзеўкамі займацца не хоча, - сказала Мікітава нявестка.

- Ды ў Лёксу ўлюбіўся, - падміргнула на Лёксу Мікітаўна.

- А ідзі ўжо ты!.. - крыкнула, пачырванеўшы, Лёкса, ураніла верацяно і парвала нітку.

Яна хацела бараніць Лявона, як родненькага брата, хацела казаць, што ён зусім не запанеў, але саромелася.

- Ці ён сабе не знойдзе жонкі ў горадзе, пад брыльком? Нашто яму, вучонаму, нашы дзеўкі ў хустачках? - з пэўнасцю, каб падражніцца, казала ізноў нявестка.

- Купіць Лёксе шляхецкі капялюш, вось і будзе... - зарагатала Мікітаўна, а за ёю і нявестка. І Мікіціха не ўцерпела ад смеху, нават самой Лёксе зрабілася смешна...

- Во і хадзі к табе ў супрадкі, - паказала, аднак, крыўду Лёкса, - ты ўсіх толькі прасмяхаеш.

- Ай, мае вы дзетухны! - сказала тады Мікіціха. - Усё вы жартуеце, а я дык не жартамі іму веры, што Лявон, хоць і вучоны, а можа ўзяць наскую, простую. Добры хлопец, дай Бог яму здароўя. Гэта ж другі хамула няўчоны пабудзе ў свеце, дык ужо к яму не прыступіцца: «как-ста», ды «что-ста», «я-та ста ўсё прайзашол, а вы-та ста няўчоная дзеравеншчына»... Бліскучыя боты гармонікам уздзене, дык думае, што ўжо ён несусветнай далікатнасці. А глядзіце, Лявон заўсёды з намі, як свой. Ні ён гэтых «как-ста», ні ён гэтых «что-ста»...

- Ён наўмысля прыстаўляецца, а ў ім гордасць, як у злым, сядзіць, - запярэчыла нявестка.

- Ай, няпраўда твая! - бараніла Лявона Мікіціха. - Ён і любіць усё сваё простае, ён і пагаворыць з простым чалавекам, як чалавек...

Мікіціха хацела і яшчэ многа чаго добрага сказаць пра Лявона, але якраз на гэтых яе словах у хату ўвайшоў стараста.

Ён даў дзяньдобры, аббіў гальнём снег з лапцей і сказаў:

- А дзе ж вашы мужчыны і хлопцы?

- А ў дровы паехалі, Самсонавіч! Ай справа якая? - зацікавіла Мікіціху.

Стараста вясёла ўсміхнуўся.

- Ды такая справа, што бачу адных баб і дзевак, а людзей нікога няма...

- А мы ўжо і не людзі, Самсонавіч? - засмяялася Мікіціха. - Што ж гэта цягнеш там з-за пазухі, ці не ліст каму?

- Жартую, цётка Мікіціха, жартую! Як жа вы не людзі, калі ўжо і дзеўкі нашы ў людзі ідуць... Во, ужо лісты адзержваюць! Не ведаю толькі, ці ўмеюць самі чытаць? - і падаў Лёксе ліст: - Маеш, курносая!..

- Ад каго ж гэта? - пачырванела, як каліна, Лёкса.

- Ад каго? - пэўна ж ад маладога, не ад старога! - правіў свае жарты стараста. - Шкода, што няма нікога з хлопцаў, а то зараз бы даведаліся, што там такое табе пішуць.

- Можа, гэта не мне? - як не плакала Лёкса, разбіраючы па складах адрас. - Тут нешта напісана «Эсфір» нейкая...

- Эсхвір?! - зарагатаў стараста. - Заказное, на імя Эткі Мэндалеўны, а табе з перадачаю. Яна адзяржала, а мяне папрасіла, каб табе аддаў і нікому не казаў. У Целяпенічах сяння быў.

- А па чым цяпер соль, Самсонавіч? - зараз запыталася Мікіціха, і гутарка пабегла ў другі бок.

Стараста пакурыў, пасмяяўся і пайшоў, а тады ўжо прыйшлі Лявонава матка і старая Міхасіха. Бедная Лёксачка! Што б ёй было выйсці трошку раней...

Мікіціха пахвалілася Задумісе, што соль недарагую прывезлі ў кааперацыйную краму, а Задуміха спыталася, ад каго яна чула. А такім чынам размова дайшла да старасты, да ліста, да Эткі Мэндалеўны і да Лёксы. Задуміха пахвалілася, што Этка заўсёды пытаецца ў яе пра Лявона, а тут-то і асяніла думка Мікітаву нявестку.

- Лёксачка! - плёснула нявестка далонямі. - А я ведаю, ад каго табе гэты ліст.

- Ну ад каго? - ужо стоячы на парозе, мусіла адказаць Лёкса і пачакаць.

- А вот ад іхнага Лявона!

- А пакажы-ка, Лёксачка... - закашлялася Задуміха. - Хоць жа я і няпісьменная, а няўжо ж рукі свайго Лявонькі не пазнаю? Акхі! Акх-ха-аха, аха... Ён, ён, ён! - усцешылася матка, што як бы і пазнала сынаву руку, калі Лёкса паказала ёй адрас на лісце.