Ёсць тут у ваколіцах і шляхта. Па праўдзе кажучы, у сваёй культуры, узятай, як той казаў, «у цэлым і агульным», шляхта гэтая не вялікае што супроць самых акаянных мужыкоў, - значыцца, працуе яна, як чорны вол, есць яна бульбу, у пісьменнасці яна ні бэ ні мэ, абуваецца яна ў лапці і анучы... Але ж у свята, ідучы ў царкву (тут шляхта праваслаўная), накладаюць шляхтуны на свае, па-мужыцку змуленыя шыі вялікія каўняры, хоць і не надта чыстыя і ўжо пажаўцелыя ад пераклонных лецяў, але ўсё ж, знакам тым, на іхны розум - панскія, а на Лявонаў - агульнаэўрапейскія; шляхцянкі ж напінаюць на свае, не ў крыўду будзь ім казана, потныя і немаленькія працоўныя рукі ніцяныя белыя пальчаткі і бяруць з сабою парасоны, не столькі дзеля сонейка і дажджу, колькі дзеля хараства. Нават на Лявонаў мужыцкі смак, парасоны гэтыя больш прыгожы на музейны погляд, бо маюць часам гадоў па дваццаць, а можа, і болей (наогул цяжка сказаць дакладна, колькі яны маюць гадоў); але як нешта з эўрапейскае матэрыяльнае культуры, а злашча ў прыгожае шляхцяначкі, маглі б яны, разам з не зусім мужыцкімі азнакамі і разумовае культуры ў шляхецкім жыцці, пацягнуць к сабе вучонага Задуму, ну хоць бы (падумаем, як ён), ну хоць бы для цікаўнасці. Аднак і шляхта, якую нават прыемна было яму дагнаць па дарозе да царквы і ўспомніць, гледзячы на тыя ўборы, усё, што дадзена было яму ў расейскай школе з гісторыі культуры ў яго родным краі, нават і яна грэбуе чорнай мужыцкай косткаю і прымае ў сваю кампанію вучонага мужыцкага хлапца толькі за яго вучонасць, паказаную навочна звездкаю на шапцы і бліскучымі, у два рады, гузікамі на форменнай тужурцы, бо за той яго вучонасцю ідзе і панскасць. «Дык няўжо ж хадзіць да іх, - думаў Лявон Задума, - дзеля тых іх каўняроў, пальчатак і старавечных парасонаў?»
II
А хто там ідзе, а хто там ідзе
У агромністай такой грамадзе?
Янка Купала
Лявон нікуды не хадзіў і цэлы дзень, скрозь цэлыя Каляды, сядзеў у хаце.
А каб не выпусціць на волю злосці і не пасварыцца з хатнімі, абнізіўшы тым свой вучоны гонар, - ён цэлы час глядзеў у кніжкі. Такое там было і чытанне: больш таго зласлівага, але ж бясплоднага думання і наракання, бо ўсё наўкола не так, як яму хочацца.
Але чакайце, не кажыце пакуль што: «Эх, Лявон, Лявон Задума! Махнеш ты, мусіць, на ўсё рукою, кінеш роднае балота і з'едзеш у чужы вясёлы край... Не ты ў нас гэткі першы, не ты ў нас гэткі і апошні». Не кажыце, бо трапілі ж яму да рук «Песні-жальбы» - Якуба Коласа і «Жалейка» - Янкі Купалы, а гэтыя-то кнігі многіх той парою зусім збілі з даўнага тору, а некаторых, прынамсі, звялі з яго на ўбочныя дарожкі і працягнулі іхнае блуканне на тых убочынах на значна большы час, як тое магло быць у перадгэтую эпоху.
Дык пакуль што Лявон, як пэўны адраджэнец, ані мысліў нават пра тыя ўцёкі, толькі запёрся на ўсе Каляды ў бацькавай хаце.
Хіба ж увечары, і то не ўсякі дзень, уздзеўшы на чорнае сваё паліто з жоўтымі гузікамі і зялёным кантам, а напрануўшы буры (і цяплейшы) бацькаў кажух ды ўзяўшы ў рукі качарэжку (бывае, на ўсякага сабаку), вылязаў ён гэткі на вуліцу. У такім убранні лепей яму хадзіць у Цёмналессі познаю парою, бо ніхто не ўбачыць яго вучонасці (а на яго вучнёўскае паліто сабакі надта брэшуць).
І тут жа, ля свае хаты, стаяў нямала часу і паглядаў ува ўсе сумныя бакі. Глядзеў - і, пэўна, думаў: куды ж бы гэта пацягнуцца?
Хоць і слабы загад з раздуманай галованькі, усё ж, нарэшце, зрушаў нагу і плёўся ён абы-куды: хоць да канца хат.
Калі ж не бачыў ён на вуліцы ні чалавека, ні сабакі, калі не чуў нідзе нічога, а тут падобная ціша не дзіва, - дык пускаў адну нагу і другую пераступаць самохаць далей за край хат. І яны пераступалі, як той мужыцкі конь з калёсамі, на якіх ехаў-ехаў чалавек дый задрамаў ад невясёласці або заснуў ад лішняй кварты, пусціўшы коніка па яго добрай волі.