Яшчэ далей была патайная прыпісачка, ад Лаўрынькі:
«Лявонічка, брахненька! Дагэтуль я пісаў тое, што казаў мне пісаць тата. А цяпер я пішу сам, каб ты ведаў, што на руках у яе кароста і яна дзеўка дрэнная. Усе смяюцца і дражняць мяне «Лёксіным дзевярочкам». Тата злуецца дужа. Лёкса аддавала твой ліст чытаць усім. Проська іхная хоча за твой ліст кніжку з людзьмі, а мне шкода. Калі-небудзь на вечарушках, як будуць чытаць, выхаплю з рук і падзяру. Толькі ты болей не пішы. Цалую цябе на ўсю сілачку. Твой брат Лаўрынька».
І ў маленечкім канверціку была такая картка ад Максіма:
«З Новым годам, закаханы і задуманы Задума! Чакаю, браце, працягу і канца трагікамедыі, а тады і напішу свой погляд. Дужа не задумвайся! Твой насмешлівы, але далёка не заўсёды, Максім Г.».
Лявон схапіў два аркушы чыстае паштовае паперы і напісаў:
«Лаўрынька! Кніжак не шкадуй. Сам чытай і другім давай. І кніжачку з людзьмі якую-небудзь аджалей. Або, калі не ўдасца, рабі так, як надумаўся. На Вялікдзень не прыеду. Пісаць ёй больш не буду. Твой Лявон».
«Дарагі Максіме! Дужа-дужа прашу цябе: калі захаваў мой ліст, што я пісаў табе пасля Каляд (даўгі такі), то ці спалі, ці падзяры, ці - што найлепей - прышлі мне яго. Не дзіві і не смейся; спаткаемся калі - вытлумачу ўсё. Твой скрыўджаны жыццём Лявон Задума».
[1925-1926]