Выбрать главу

Тым часам свежанькія, беленькія сняговыя завеі, на няўезджанай за хатамі дарозе, спынялі абутую ў не дужа лёгкі казённы бот нагу (вучыўся ён на скарбовы кошт, бо бацька толькі спачатку троху пасабляў). І вучань, можа б, зараз і прыстаў бы, каб вось ужо зімовая пустэльнасць засыпанага снегам поля не пацягнула яго змораных і кніжным друкам, і сядзеннем цэлы дзень у хаце воч яшчэ троху наперад, пад недалёчкі змёрзлы лес. І рух, наўздзіў самое волі, не спыняўся.

Пустэльня, як заўсёды, цямнелася па-свойму гэтым вячэрнім часам ягоных пагулянак: цямнела яму ў вочы ціха і без дум. Яна не ведала, бо не чытала ў кнігах, што ёсць шырэйшы свет з вышэйшаю культураю. Яна быццам і ведаць не хацела шпаркасці жыцця і клопатаў далёкае адгэтуль цывілізацыі, зусім чужой і непатрэбнай дзеля пустыннага спакою. Пустэльня маўчала цяжка, сцюдзёна і безуважна. Маўчала так, каб і атручаны чужнінай сын яе забыўся тут, на родненькіх улоннях, на ўсё тое, што ўдзень казалі яму кнігі, а нават і на тое, што час да часу даводзіла яму так пільна нецярпліва чаканая і так марудная ў сваім жыцці і яшчэ больш у сваім паштовым падарожжы газета адраджэнцаў «Наша ніва».

Даплёўшыся патроху аж да лесу, ён разглядаўся, што тут канчаецца прасцяг хады.

Каб не паддацца, няведамай як мае быць самому, супраціўнасці прастору ці то, можа, каб не вярнуцца ніякава дамоў, а задаволіць першым яўным чынам сваё жаданне перавярнуць на свой капыл усё жыццё гэтай пустэльні, - хлапец схадзіў, на два разы ступіць, з дарогі.

Тут, падкомкаўшы аднак жа пад сябе дзеля цяпла кажух, садзіўся ён, як добрая квакуха, толькі не ў рэшата, а на пухова-снежнае сцюдзёнае гняздо. Паклаўшы побач кій, а рукі сашчапіўшы ў касматых рукавах, узводзіў вочы на бедны месяц, спавіты нудным туманом.

Галава яго была цяпер тым целяпнёвым мужыцкім пірагом, які так шчодра накрапаны сваім хатнім добрым мясам ды пераперчаны да вомігу новым, дагэтуль не ўжываным гатункам перцу.

Месяцу ж было ўсё роўна: ці там хоча завыць сабака, з высокім апетытам і нізка падтуленым ад голаду хвастом, ці там хоча пяяць свой хвальны гімн пустэльнай адзіноце вучоны хлопец, з сваім высока ўзнятым ідэалам над нізка апушчаным жыццём.

- А-а, калі ж табе ўсё роўна, дык вось і мне ўсё роўна, - распінаўся ў сваіх думках вучань.

- А-ву-у! А-ву-у! - дзеля смеху стараўся ён удаць сабачае выццё як можна лепей.

- А-ву-у-у! А-ву-у-у! - чуў ён сам сваё, а быццам нечае чужое, вельмі слабенькае супроць сабачага, выццё. І ізноў са смехам - праўда, не вялікім смехам - думаў: як бы рагаталі цяпер, убачыўшы яго, тыя людзі, што лічаць яго за такога заўсягды паважнага маладога чалавека.

А месяц, які свяціў цяпер і там, над той вышэйшаю культураю, хаваўся гэтым часам яшчэ глыбей у свой туман.

Каб болей не сядзець на холадзе няведама чаго, Лявон браў кій, усхопліваўся раптам на ўсе ногі і бег, не гледзячы, угрунь, як той ліхі казак на ворага ў атаку, з выстаўленым, як ражон, кіём, заместа пікі, і распусціўшы кажуховыя полы па волі ветру. Бег і пяяў на ўсю сілу:

А хто там ідзе, а хто там ідзе

У агромністай такой грамадзе?

- Беларусы!!!

Слова «беларусы» крычаў ён што ёсць духу, дзіка, праразліва, быццам склікаючы другіх падобных неўрастэнікаў на страшэнны гвалт.

І бег так, халяруючы, аж пакуль не выбіваўся з духу. Тады ўжо прыставаў, збаяўшыся, што можна прастудзіцца, бо аж да поту ўвагрэўся і ляціць з разяўленаю глоткаю.

І ішоў паціху, з весялейшым сэрцам, але з маленькім сорамам. Як трошку вінаваты, без злосці пазіраў на хаты, а там гарэла ціхае сялянскае святло і гулялі святам людзі.

III

Не гарыць, а цьмее...

Народн[ая] прымаўка

І так быў не першы і не апошні звычайны калядны вечар даўнага рэжыму, калі ўдзень можна працаваць, а як сцямнее - грэх, дзеля чаго бабы не прадуць, мужчыны не плятуць лапцей, а хлопцы і дзеўкі збіраюцца на вечарушкі.

Бацька ляжаў наўзнак на печы, паклаўшы ў голавы старэнькі армячок. Матка сядзела ля яго на запечку, падпёршы схіленую набак ад маўклівасці і зробленае за век працы галаву праваю рукою, а локаць паставіўшы на далонь левае рукі, - адным словам, так, як сядзяць усе старэйшыя ці збедаваныя славянскія, а ў нашым краі нават і жыдоўскія, жанчыны.

Лявон, вядома, сядзеў на зэдліку пры стале, узняўшы галаву троху вышэй, пад цямнявую малую лямпу (бо дарагоўля на карасін), і чытаў. Вочы бегалі па кнізе, а думкі ішлі сваім шляхам.

У хаце ж былі толькі яны ўтраіх: бацькі і ён, бо ўсе няўчоныя маладзейшыя пабеглі гуляць.