Выбрать главу

Бацька думаў сваё, Лявон сваё, а матка думала аб сыне: як бы гэта яго развесяліць?

Калі ён, няўпрыцям сабе, цяжанька ўздыхнуў, яна прамовіла, асмеліўшыся перабіць яго чытанне:

- Сыночак!..

- Ну, што? - з ніяк няскрытай злосцю ў голасе перабіў пытанне сын.

- Трэба ж ткі табе сядзець цалюткі дзень у хаце! - яна перамяніла рукі і прыхінулася прасцей да цёплай печы. - Прайдзіся ты на вечарушкі, пагуляй з людзьмі...

- Што я там знайду? - адказаў сыночак, мімаволі натапырыўшыся, як той індык.

- Ну што: вядома, што... усе гуляюць.

- Ну так: вядома, што... - гэтак сказаў Лявон, а тое, што хацеў бы сказаць далей, тое толькі падумаў.

«Знайду тупагаловых дзевак, - падумаў ён, - буяншчыкаў-хлапцоў, расейскую брыдкую лаяніну, гульню на грошы ў карты, гідкае скалазубства, насміханне над маімі думкамі аб лепшым, зусім не гэтакім жыцці».

- Усе гуляюць, а ты сядзіш адзін у хаце, - сказала матка.

- Я не адзін, а з вамі...

- Што - што з намі? Ты з намі нічога не гамоніш.

- Пытайцеся ў мяне, калі што хочаце пытацца...

Матка памаўчала, падумала, а падумаўшы, сказала:

- І дзеўкі ўжо дзівіліся, чаму гуляць не ходзіш. Што гэта, кажуць, з вашым Лявонам? Быццам людзей баіцца ці ўжо сароміцца нашых простых гульняў.

- Ат, мама! Гаворыш...

Тады і бацька павярнуўся.

- Што ты, старая, прычапілася к яму з сваімі дзеўкамі? Што яму, вучонаму, тыя твае дзеўкі? К настаўніцам няхай бы з'ездзіў, усё ж яны вучоныя - і ведаюць, што як нашто...

- Ага, паеду к настаўніцам! Як слова я ў іх што лепшае знайду? - так сказаў, а тое, што хацелася дадаць яшчэ, тое толькі падумаў. «Настаўніцы з паповічамі круцяцца, - падумаў ён, - звяжыся я, скажуць цёмналесцы: наўчыўся на сабачы брэх, запанеў, да мужыкоў - ні блізка, а да папоў стаў ліпнуць». Падумаўшы, не ўцерпеў і дадаў уголас: - Усе скажуць на мяне: запанеў! Ведаю ўжо я...

- Што ты ведаеш? Ніхто йшчэ гэтак не казаў на цябе і не скажа, калі і пагуляеш з настаўніцамі, - ужо стараўся бацька сціхамірыць узлаванага без бачнае прычыны сына.

- Прайдзіся ты, сыночак, хаця да дзядзькавых, - бярэцца ізноў матка, - прачытаў бы ты што дзядзіне: яна ж, бывала, дужа любіла цябе слухаць, як ты чытаў ёй змалку.

- Ага, пайду! А там ужо сядзіць гэты свяценькі Халімон, пачне прасіць (Лявон з'ядліва ўдаў старога Халімона): «Прачытайце, Рыгоравіч, што-небудзь бажэсцвенае...»

- Ну дык што, калі папросіць? - дзівуецца на яго нездаволенне матка. - І дзядзіна папросіць, каб прачытаў ёй што-небудзь слёзна-жаласнае. Хто што любіць, той таго і просіць. Ну дык што?

- Нічога!

Доўга ўсе маўчаць. Бацькі чакаюць, ці не скажа сын чаго яшчэ. А сын гаворыць толькі ў сваіх думах: «Мінуўся час, калі я быў усякаму Халімону дурным чытакам».

Але змякчыўшыся і перайшоўшы з злосці на пакуту, якая горш яшчэ з'ядала яму сэрца, ён разважае ў думках: «Праўда, чаму я стаў такі крывы?» І каб хоць трошкі абязвініцца, не столькі перад бацькамі, колькі перад самім сабою, і тым зменшыць прыкрую пакуту, ён нарэшце парушае нуднае маўчанне:

- Не хацелі мяне малога нікуды пускаць, вось я і адзвычаіўся.

Тады крыўдзіцца бацька. Ён нават узнімае галаву.

- Хто цябе не пускаў? Як пачаў вучыцца, калі хацеў - гуляў...

- Не хачу я з вамі спрачацца. Вось падушку ўзялі б сабе пад галаву.

- Я падам! - падлівае ласкі матка.

- На печ падушку?! Хм!.. - чмыхае бацька. - Каб яна тут упылілася, ці што?

Ён папраўляе пад галавою свой армячок і кажа сыну з наўмыснай бесклапотнасцю:

- Э, што там куды хадзіць і ездзіць! Як сабе ведаеш. Во, дзякуй табе, што сядзіш з намі старымі. Прачытай-ка ты хоць нам... Што ты там такое чытаеш?

- Гэта вам будзе нецікава слухаць.

- Чаму нецікава? Што там такое? - не маўчыць бацька.

- Ну, песні розныя, наскія, запісаныя ад народу вучонымі людзьмі.

- Дык нашто гэта яны запісвалі? - дзівіцца матка і просіць: - Прачытай-ка ж нам іх, Лявонічка!

Лявон ведае, што просяць яны так сабе, абы наладзіць з ім нейкую духовую сувязь і разагнаць яго невясёлыя думкі. І ён чытае, нудна і нецікаўна, пару-другую жніўных песень. Бацька спачатку слухае, ды зараз галава яго сцішаецца на армячку ў дрымотным супакоі. Матка ж баіцца і руку перамяніць, а калі чытаннік азірнуўся, яна сумысля падпіраецца другою рукою, каб паказаць, што не заснула, слухае! І з далікатнасці, як думае Лявон, яна гаворыць:

- А сыночак мой! Гэта ж і ў нас іх пяюць. Глядзі, га! Вось жа нехта не паленаваўся, аддрукаваў у кніжцы. Схадзі, Лявонічка, прачытай іх дзядзіне. І я пайду з табою, калі адзін не хочаш, - хапаючыся, дадае яна.

- Не пайду.

- Чаму? Сходзім.

- Сяння ўжо позна...

- Ну во: не пайду і не пайду. Сядзіш цалюткі дзень у хаце.