Выбрать главу

Сказаўшы так, матка ўжо безуважна маўчыць. І бацька даўно маўчыць, бо спіць.

Лявон моўчкі лістае кнігу - і гастрэй пакутуе, калі таксама безуважна шумяць лісты паперы.

- А можа, і праўда - схадзіць? - раптам аклікае ён матку.

- Як сабе хочаш, сынок, - ухільна кажа яна, змораная дрымотаю.

- Не, сяння ўжо позна, - ізноў раздумаўся ён сам.

...Цемнавата, сцюдзенавата і ціха ў хаце.

- Зараз, мусіць, будуць расходзіцца з вечарушак, - кажа сонная матка, яшчэ раз перамяняючы руку, а не кладучыся, каб не разаспацца.

IV

Ад зямлі адарваўся і неба не дастаў...

Народная прыказка

У Цёмналессі дзве лазні: адна старая - усіхная, а другую, новую, паставіў сабе гаспадар, які робіць сані, каткі, гне дугі, і свая лазня патрэбна яму скрозь усю зіму сушыць дрэва. Мыюцца цёмналесцы зазвычай у сваёй старой супольнай лазні.

Хто не толькі ніколі не мыўся ў старой цёмналескай лазні, але нават ні разу нічога такога і не бачыў, хто наогул думае, што ў Цёмналессі - гэта яму і як у Вільні або ў Менску: калі заманулася, тады і пайшоў у лазню, - дык той, пэўна ж, не зразумее, чаму Лявон цэлы дзень не мог надумацца - пайсці яму ў лазню ці не пайсці?

Было гэта ўжо ў самым канцы калядных святак, калі дзядзька яго, Якуб, дамяў сваю пяньку і выпаліў лазню так, што ўсе, хто толькі быў там на дамінках ці так хадзіў у лазню, мімаходам даведацца, ці ўжо гатова, усе казалі:

- Ну, братцы, сяння-ткі лазня з духам!

Увечары бацька, падаваўшы нанач скату і напаіўшы коні, прыйшоў у хату, дастаў з-пад лаўкі свае карэлыя апорачкі ад старых ботаў і сеў на калодачцы, каля полу, разуваць лапці.

- Ну, я ўправіўся, - сказаў ён. - А дзе ж гэта Лаўрынька? - трэба ж на вышкі па венікі ўзлезці... А Лявон чаго гэта сядзіць? Ай ты не пойдзеш сяння ў лазню? - спытаўся ён у сына. - Ідзі, лазня з духам, дзядзька дроў не пашкадаваў.

Лявон устаў з лаўкі, паклаў на паліцу кніжку, нечага задумаўся, трохі памаўчаўшы, адказаў:

- Я і сам не ведаю: ісці мне ў гэтую лазню ці то ўжо не пачынаць. Паеду ж, дык памыюся ў горадзе. Але не вадзіла б і сяння схадзіць: цела пачынае свярбець.

- Што ты гэта, Лявонічка, - умяшалася матка, - чаму ж табе не схадзіць у сваю лазню, пакуліцька там той горад? Праўда што, гразнява троху яна, вады цёплае няма, але ж у канаўцы на канаве ё сцюдзёная вада і не дужа мутная, ды ўсё ж ткі папарышся, костачкі пагрэеш свае, і на душы табе палягчэець... Ідзі, сынок, ідзі!

Стары цёмналесец, ласун парыцца, прачнуўся на момант у свярбячым Лявонавым целе і пасобіў хлопцу вынесці пастанову на карысць цёмналескае лазні.

Бацька тым часам напрануў старэнькую дублёнку, уздзеў на голыя ногі апорачкі - і мусіў пастаяць, пакуль Лявон вымаў з кішэні ключык, ножык, партманецік і ўсякую дробязь, каб не згубіць у лазні.

- Барзджэй! - крыкнуў яму Лаўрынька, паспеўшы злазіць па венік і стаўшы з гэтым венікам у руках, як салдат на варце, і босы, нягледзячы на жаночыя матчыны ўпросы, каб не бег у лазню па снезе галаногі.

- Паспееш з козамі на торг, - жартаўліва адказаў яму Лявон, уздзяваючы старыя валенкі, пададзеныя маткаю, каб ён, адзвычаены ад цёмналескай простасці, не прастудзіўся ў лазні з сваімі маруднымі на ўздзяванне ботамі.

- Паслухаў бы во мамы ды абуўся, цёмналескі дзікун, - нібы ізноў жартам, але з асадкам цывілізованай горычы дадаў Лявон.

- Лазня блізюхтанька, буду я абувацца! Што я - пан? - пакрыўдзіўся за сваю ўдачу Лаўрынька, бо вядома, што кожны цёмналесец такога веку ходзіць у лазню, хоць пры якім надвор'і, канешне, босы.

- Калі не абуешся, я не пайду ў лазню, - цвёрда сказаў Лявон і падаў яму свае боты: - Абувайся!

Бедны Лаўрынька, з слязьмі на вочах, мусіў улезці ў іх, бо дужа любіў брата, хоць ужо і заўважаў у ім некаторыя непатрэбныя прыхамаці.

Урэшце Лявон адчапіў свой кішэнны гадзіннік, адзяг матчын кажух, каб не запэцкаць у лазні свайго пальта, - і пайшлі ў лазню.

Лазня была за гоні ад хат, каля заплыўшае канавы, што была некалі, пакуль яшчэ паны лясоў не прадавалі, даволі добрай рэчкаю. Чорная ўся прост на вугалле, - бо шмат разоў на сваім вяку гарэла, але заўсёды шчасціла ўратаваць яе ад агнёвай навалы, - ліпела сабе тая лазня на ўзгорачку. І пакуль Лявон узглабаўся на гэты ўзгорачак, паваліўся, бедны, два разы і абскробаў правую руку аб мёрзлы снег. Лаўрынька павесялеў, чуючы цяпер у сваім спрыце перавагу, падбег к яму, крыкнуў:

- О, які ўжо пан стаў - не ўзойдзеш! - падняў яму ўронены кавалак мыла, якое таксама прыкра сведчыла яму аб тым братавым панстве, бо ніхто не мыецца тут з мылам, - і шыбка, па-сабаччу, пакаціў за ўсіх наперад к лазні, хоць праклятыя боты звязалі яму ўсе ногі. Там кумільгам упаў ён у прымыльнік і прывітаў сабраных так, як тое водзіцца ўва ўсіх добрых людзей.