А зорачкі блішчэлі так хораша на небе, і скрыпеў снег. І мерныя тужлівыя вершы ляцелі знедкуль.
Мой родны край, краса мая,
З табой навек расстаўся я!..
«Не, не расстаўся я з табою, мой родны край, - думаў Лявон, - не расстаўся, але ў вялікай нязгодзе ўжо мы з табою... Ты не разумееш мяне, а я не магу згодзіцца з табою і з тваімі парадкамі».
«З якімі парадкамі? - вытыркнулася з'ядлівае джала мудрага змея з самага свайго закутачку душы, - што ў мужыцкай лазні табе ўжо невыгодна мыцца, дык усё Цёмналессе павінна перакуліцца перад табою?.. Падумаеш, які важны, вучоны, разумны, цывілізованы зрабіўся! А чаму Цёмналессе такое, ты ўжо менш думаеш! А як лёгенька дастаецца мужыку і той быт, які ён мае, ты ўжо менш думаеш!.. Ты ўжо забываешся, забываешся!..»
Тады струны сэрца задрыжэлі вялікім жалем. Маркотна-маркотна панясліся ў памяці іншыя радкі прачытанага нядаўна верша:
Мой родны край, як ты ж мне мілы!
Забыць цябе не маю сілы...
«Ага, вось так... - закруціўся ў сваім закутку з'ядлівы мудры змей, - самае лепшае: забыцца на яго! Забудзь, забудзь!.. Не ты ў нас гэткі першы, не ты ў нас гэткі і апошні...»
«О, не! - змагаўся хлопец, - о, не! Ніколі я не адарвуся ад цябе! Але што рабіць, за што ўхапіцца, адкуль пачынаць?»
У мазгах адным момантам прамільгнула «Наша ніва» і невядомыя людзі, што яе пішуць, і Якуб Колас, і Янка Купала, і свае больш рэвалюцыйныя таварышы - вучні, з якімі на фермскім полі, а часам ціханька і ў пансіёне пяяў «Вихри враждебные веют над нами...» ці «Адвеку мы спалі і нас разбудзілі...», і быўшы яго рэпетытар - бундавец, які рэвалюцыйна настрайваў свайго вучня, але ніколі словам не заікнуўся ні аб якай партыйнай арганізацыі ў сваім горадзе і як туды паступаць...
Адным момантам прамільгнула - і было пуста. А так хацелася зараз узяцца, зараз пачаць будаваць усё на іншы лад, зараз нешта рабіць!
«Але што рабіць, за што ўхапіцца, адкуль пачынаць?..»
V
- Расці, хмелю, глыбока, караніста, высока!..
З народн[ай] песні
Лявон меўся паехаць у школу на посную куццю, перад Вадохрышчамі, але стары конь нешта кашляў, а малады, як на тое, намуляў сабе троху плячо, дык прыйшлося адлажыць выезд на пару дзён.
І вось Вадохрышчы, па волі сляпых багоў - прыпадкаў, зрабіліся пераломным днём у Лявонавым настроі. Нават можна сказаць, што самы дзень Вадохрышчаў яшчэ належаў да старых парадкаў, а новыя пачаліся толькі ўвечары.
Пэўна ж, Лявон у царкву не паехаў. Але пасля паўдня, добра паабедаўшы, надумаўся ён схадзіць у Залужжа к Лейзару па свае бацінкі. І схадзіў, і ўзяў бацінкі, былі ўжо наладжаны, і ішоў ужо назад. Аж на вуліцы стаяў сват іхны залужанскі (яго дачка ды была замужам за дзядзькавым пляменнікам). Убачыўшы Лявона, ён пераняў яго, прычапіўся да беднага хлапца, як якая смала, і прост гвалтам пацягнуў к сабе ў хату на чэсць.
- Ну хоць пасядзіце ў мяне, калі ўжо нічога ніякага не хочаце, - цягнуў ён Лявона за рукаў і за гузік.
І каб не сорам было перад людзьмі тузгацца з гасцінным сватам на вуліцы, Лявон пайшоў на часінку.
Свацця зараз саскочыла з печы, збегала ў клець, нарэзала поўную латушку сцюдзёнага сырога сала і паставіла на стол. А меншага сына паслала к Лейзару пазычыць самавар.
Неўспадзеўкі трапіў наш Лявон у нуднае сіло і з цярплівай боязню меркаваў, колькі яшчэ прыйдзецца сядзець на гэтай чэсці, пакуль паспее самавар. А вядома, што ў Залужжы, як і ў Цёмналессі, не можа паспець самавар раней як цераз добрую гадзіну, нягледзячы на самае пільнае паддзьмухванне яго самаю шырокаю халяваю.
Тым часам не драмаў і сват. Ён ведаў, што Лявон, як чалавек нябы-які, гарэлкі піць не будзе, дык, папрасіўшы прабачэння ў госціка і даручыўшы жонцы вартаваць яго, каб не надумаўся бы часам уцячы, сам кінуўся, стары, да Лейзара па піва. І не паспела свацця сказаць з гасцём і пары слоў і накраіць пяць скібак хлеба, як сват, маўклівы ад пышнага пачуцця, пераступіў парог з распёртымі кішэнямі, з выпнутаю пазухаю і нават з рукава дастаў адну бутэльку.
Свацця паставіла на стол пару нямытых шклянак і адзін шчарбаты кубак, а сват наліў.
- Ну, сваток! Давай Бог... вып'ем жа хоць піва, калі гарэлку зневажаеце... - і ўзяў адну шклянку сабе ў рукі, другую падсунуў ён Лявону, а на шчарбаты кубак мігнуў вачыма жонцы.
- Будзьце здаровы!
- Піце-ка на здароўе!
Піва было нішто сабе - трошачку гаркавае дзеля непрывычкі.
- Закусіце ж, сваточак, нашым салам! - абцёршыся, прыстала свацця.
«Ай Божа мой! Не хочацца мне сала!» - хацеў адпрашвацца госць, але тут жа прачытаў у іх вачах нецярплівае ўпрашальнае чаканне: ці ён будзе есці сала, ці ён не?