Яму было шкада Байкова. Ён ужо ведаў яго цяжкую партызанскую біяграфію — расказвала маці. Зімой сорак другога года фашысты расстралялі яго сям'ю. У роспачы ён павёў атрад на нейкую неабдуманую аперацыю, супраць правядзення якой падпольны райком пратэставаў. Ён не паслухаўся. Атрад панёс цяжкія страты. Бюро райкома вынесла Байкову вымову і змясціла з камандзіра. Атрад прыняў Антон Лескавец, бацька Максіма. Тады Байкоў паспрабаваў заліць сваё гора самагонкай і атрымаў яшчэ адну вымову, з апошнім папярэджаннем. Гэта ўтаймавала яго. Пасля, камандуючы групай падрыўнікоў, ён заваяваў легендарную славу, атрымаў два ордэны. Але ў часе апошняй блакады быў цяжка паранены, вывезены на самалёце ў совецкі тыл і больш года ляжаў у шпіталі, недзе на Урале.
... «Навошта цяпер крыўдзіць такога чалавека?» — падумаў Максім і рашыў, пры выпадку, выступіць у яго абарону.
— А мы зараз разбярэмся, Сяргей Іванавіч, у каго тут галава кружыцца, — сказаў Ладынін і, яшчэ раз пералічыўшы задачы, што стаяць перад партарганізацыяй, скончыў свой даклад.
Выступалі ўсе, акрамя Мурашкі. Цішыня, якая панавала ў часе выступлення Ладыніна, была паламана, нібы лёд на рэчцы. Гаварылі горача, спрачаліся, кідалі адзін аднаму пытанні, заўвагі, падказвалі, пра што сказаць яшчэ. Відаць, пытанне ўсіх хвалявала. Асабліва многа гаварылі аб справах у «Партызане» і ўсе пагаджаліся на думцы, што Шаройку трэба змяніць, і чым хутчэй — тым больш карысці будзе для калгаса.
Крытыкавалі Байкова. Ён маўчаў, панурыўшы галаву.
— На паседжаннях сельвыканкома, на сесіях мы прынялі нямала добрых пастаноў, а як яны выконваюцца — гэта старшыню сельсовета мала турбуе. Ён вельмі многа ходзіць па калгасах, залішне многа, а вынікаў ад гэтага нешта малавата, — гаварыў Вячэра.
Байкоў нервова кудлачыў рукой валасы і маўчаў, хоць па ўсім было відаць, што крытыку ён успрымае хваравіта і з шмат чым не згаджаецца.
Максім выступіў таксама. Расказаў пра свой калгас. Пасля заступіўся за Байкова.
— Мне, чалавеку новаму, з боку здаецца, што некаторыя таварышы маюць тэндэнцыю памылкі ўсёй арганізацыі ўзвальваць на аднаго чалавека.
Байкоў падняў галаву і, акрылены падтрымкай, загаварыў:
— У нас гэта могуць. Я аб гэтым даўно гаварыў...
— Няпраўда, Сяргей Іванавіч! — перапыніў яго Ладынін. — Мы ўмеем прызнаваць свае агульныя памылкі. Але на сваіх сходах... давайце дамовімся, таварышы, яшчэ раз, мы будзем крытыкаваць не наогул, а канкрэтна, называючы дакладны адрас. Ад гэтага будзе больш карысці. І давайце адкінем усе крыўды. Мы павінны ставіцца да крытыкі па-большэвіцку.
... Пасля разбіралі справу Мурашкі.
Прайшло чатыры месяцы, як ён вярнуўся з арміі. Але за ўвесь гэты час ён і не падумаў аб рабоце, не зарабіў у калгасе ніводнага працадня. Хадзіў, гуляў, «выбіраў нявесту». «Жанюся — тады адразу за ўсё адпрацую», — гаварыў ён, калі яму часам хто рабіў напамінак пра работу.
Ладынін дакладваў пра паводзіны Мурашкі з абурэннем. Максім бачыў, як доктар адразу перамяніўся: густыя бровы яго сышліся, утварыўшы адну лінію, маршчыны на ілбе сталі глыбейшыя.
— ...У такі адказны час, калі наша маленькая, але, я скажу, дружная, працавітая арганізацыя напружвае ўсе сілы, адзін з членаў яе спакойна прахалоджваецца. Ганьба і сорам! Мы гаворым аб умацаванні дысцыпліны ў калгасах, а таварыш Мурашка развальвае яе. Усе гультаі на вас пальцамі тыркаюць. Вунь, бачыце, комуніст, і той не вельмі кідаецца да калгаснай работы, а што нам... Да мяне жанчыны прыходзяць скардзіцца на вас. Не было вас, яны працавалі, выбіваліся з сіл, каб мы ў арміі ні ў чым не адчувалі патрэбы; вярнуліся вы, і зноў яны вымушаны вас карміць. Сорам.
— Я чужога хлеба не ем!..
— Не, выходзіць, што ясі...
Максім падумаў:
«Але, стары — той... Пападзіся такому ў рукі — у рог сагне».
Мурашка паспрабаваў апраўдацца, пачаў гаварыць жартаўліва, з адмоўкамі.
— ...Няўжо за пяць год я не маю права якіх тры месяцы адпачыць?
«Па сутнасці, ён мае рацыю,— зноў падумаў Максім. — Няўжо і я не маю права адпачыць? Няўжо на другі-ж дзень трэба запрагацца ў работу?»
Але на пытанне Мурашкі адказаў Прымак.
— Не маеш! — злосна выгукнуў ён і падняўся, выхапіўшы з кішэні пусты рукаў. — Я вось які прышоў, са шпіталю, і на другі-ж тыдзень пайшоў у МТС. А ты — здаровы, як бык, са шчок кроў пырсне скора, і рашыў поўгода адпачынку сабе даць... Сароміўся-б у вочы людзям глядзець! За якія сродкі ты п'еш? Скажы сходу! Накраў у арміі, калі за старшыну быў? А-а? Выключыць яго, каб не ганьбіў вялікае званне...
Мурашка, які пачынаў гаварыць спакойна, з усмешкай, відаць, мяркуючы, што справа абмяжуецца таварыскай размовай накшталт тых, якія вёў з ім ужо не раз і Ладынін, — раптам пабялеў і паімкнуўся да Прымака.