Выбрать главу

— Эге! Пазнаю бацькаву хватку!

Максім ажно ўздрыгнуў ад нечаканасці і хутка павярнуўся з узнятай сякерай. Перад ім стаяў старшыня калгаса Амяльян Дзянісавіч Шаройка — чалавек год пяцідзесяці пяці, з паголенай барадой і кароткімі акуратна падстрыжанымі вусамі. Ва ўсёй постаці яго, не гледзячы на гады, была нейкая асаблівая дзябёласць.

Шаройка быў у новай ватоўцы, у баранняй шапцы, з бярданкай за плячыма.

— Ваюеш?.. Ну, здароў, здароў, брат, здароў, — ён падаў руку, потым зняў шапку, абняў Максіма і тройчы пацалаваў у шчаку. — Значыцца, зусім... Даўно пара, даўно, даўно. Трэба мірнае жыццё будаваць...

Максім усміхнуўся з яго прывычкі паўтараць адно і тое-ж слова; можа праз гэта яму і вясковая мянушка была Амелька Тройца.

— Прабач, што ўчора на чарку не прышоў. Позна прыехаў з раёна... Пасля чарговай галавамойкі.

Яны селі на паваленую сасну, не змаўляючыся, выцягнулі табакеркі: Шаройка — дзюралюмініевую, уласнай работы, Максім — трафейную, японскую, з чырвонага дрэва, інкруставаную.

Шаройка ўзяў Максімаву табакерку ў рукі, задаволена цмокнуў губамі.

— Але, гэта рэч... Рэч... Нічога не скажаш, рэч... А люльку не люблю... Смярдзіць. Куры мой, з уласнага гароду, першагатунковы. Адвык? Але-е, брат, цяжка прывыкаць будзе...

— Да чаго? — спытаў Максім.

— Як да чаго? Да ўсяго... Сякерай вось, напрыклад, махаць, у зямлянцы жыць...

Максіма пакрыўдзілі гэтыя словы.

— Я не з харомаў прышоў у зямлянку. Пяць год у зямлянках жыў. Ды, урэшце, зямлянка — з'ява часовая. Будзем і мы ў хаце. А вось вам, Амяльян Дзянісавіч, варта было-б пра гэта і памаўчаць. Вам павінна быць сорамна, што сям'я загінуўшага партызана, маці двух афіцэраў Совецкай Арміі дагэтуль жыве ў зямлянцы.

— Так, так! — Шаройка глядзеў у расчырванелы Максімаў твар і весела ўсміхаўся. — Пазнаю характар Антона Захаравіча. Бацька твой, бывала, яшчэ і не прывітаецца, а пачынае ўжо крытыкаваць. Што-ж, крытыка і самакрытыка — галоўнае ў нашым жыцці. Мяне крытыкай не пакрыўдзіш. Я люблю яе, люблю, брат. Толькі ты дарма гарачышся, Максім Антонавіч. Маці тваю ў крыўду не давалі. Каму-каму, а ёй першая дапамога была. Ды толькі, скажу табе, гордая яна старая. Спытай у яе, папрасіла яна хоць раз чаго-небудзь. А паспрабуй ёй прапанаваць — пакрыўдзіцца, гэта я, брат, пераканаўся. Далібог пакрыўдзіцца...

Цёплыя словы пра маці ўлашчылі Максіма, і ён ужо спакойна, нібы жартуючы, сказаў:

— А вы і рады былі гэтаму.

Шаройка адчуў гэтую раптоўную змену і, прапусціўшы заўвагу міма вушэй, зрабіў другі заход:

— Зноў-жа, сам ведаеш, якая там ні дапамога, — але такі цяжар, як хата, адной старой жанчыне не па сіле. Сынклета Лукічна гэта добра разумела. Іншая справа цяпер, калі гаспадар — такі асілак. Тут і дапамагчы радасна. Я ўжо думаў сёння. У нядзелю мабілізуем усё наша цягло, можам нават у суседа пазычыць, так, каб за адзін дзень увесь твой лес быў дома. А там і брыгаду перакінем. Грамадой, брат, гэта хутка...

Максім падзякаваў.

— Няма за што дзякаваць. Святы абавязак наш. А крытыкаваць — крытыкуй. Свежаму чалавеку яно відней усе нашы промахі. Крытыкуй, брат, крытыкуй... Толькі дзякуй скажу за гэта.

Максім паглядзеў на каня, які стаяў воддаль і падбіраў рэшткі кінутага сена.

— Скажаце ці не — справа ваша. А крытыкаваць ёсць за што... Вось... Ці бачылі вы, гаспадар, гэтага каня? За такія адносіны да яго я не ведаю, што зрабіў-бы... Далібог-жа... Вы прабачце, але-ж...

Твар старшыні на момант пацямнеў, знікла весялосць у вачах. Пальцы рукі праскакалі па рамню бярданкі, якую ён трымаў перад сабой, заціснуўшы між кален. Потым ён прыхінуўся шчакой да ствала і хвіліну памаўчаў.

— Та-ак, канешне... Не ведаючы, яно ўсё здаецца... А конь гэты — інвалід вайны. Надарваны, скалечаны... Іх, можа, палова такіх. Такія коні ў другім месцы даўно ўжо богу душу аддалі. А ў мяне за два гады, слава богу, толькі трое...

Максім перапыніў яго:

— А вы збрую бачылі на ім? Ад такой збруі любы конь ногі выцягне. Вы паглядзіце толькі.

Але Шаройка не скрануўся з месца, толькі нервова шчоўкнуў пальцам па рулі бярданкі. Уздыхнуў.

— Але-е-е, брат. Паказваць на недахопы, вядома, лягчэй, чым выпраўляць іх.

Максім зразумеў, што старшыня пакрыўдзіўся і, употай усміхаючыся, падумаў: «Вось яна твая любоў да крытыкі». Але адказаў больш лагодна:

— Справа ў тым, Амяльян Дзянісавіч, што крыўдна мне стала за свой калгас і за вас... Вы-ж стары, спрактыкаваны гаспадар. І раптам — на табе! Другі дзень жыву дома і толькі чую: Лазавенка ды Лазавенка. А хто такі Лазавенка? Мой аднагодак. Васька-Крук. Адкуль-жа ў яго гэты вопыт? А, гавораць, яшчэ які год назад «Воля» была адсталым калгасам.