Выбрать главу

— Нічога, сынок. Бацьку ўспомніла. Як ён любіў гэты дзень! Гэта-ж у яго было самае вялікае свята. Ні адно, здаецца, свята ён не святкаваў з такой радасцю. Аж маладзейшым рабіўся, — яна хвіліну памаўчала, схіліўшы галаву, потым схамянулася, выхапіла з печы падгарэлы блін і загаварыла зноў: — У гэты дзень ён і дома апошні раз быў. Прышоў змораны, брудны, але вясёлы такі. Баклажку спірту прынёс. Вельмі шкадаваў, што бліноў нельга было напекчы. Да рання прасядзелі мы з ім у цёмнай хаце. Ён мне аб Сталінградзе ўсё расказваў, цябе і Аляксея ўспаміналі. А на развітанне сказаў: — Ну, кажа, з табой, Сыля, адсвяткаваў, пайду цяпер з хлопцамі адсвяткую... А праз тыдзень... — маці ўсхліпнула.

Максіму шмат разоў пісалі пра гераічную смерць бацькі, але напамінак маці неяк асабліва ўзрушыў яго. Ён сцёр далоняй са шчакі мыла, падышоў і пяшчотна абняў маці.

— Не плач, мама, — а сам рукавом змахнуў слязу...

3...

Каля крамы Максіма спынілі мужчыны, што стаялі там, павіншавалі з прыездам і жартамі дамагліся, каб ён паставіў па сто грамаў. Прышлося затрымацца. Потым падышлі новыя людзі і ўжо частавалі яго. Зразумеўшы, што гэтаму не будзе канца ў такі дзень, ён непрыкметна вышаў з крамы і шпарка пайшоў у напрамку Дабрадзееўкі, баючыся, што яшчэ хто-небудзь затрымае і, чаго добрага, зацягне ў хату. На вуліцы з ім віталіся дарослыя і дзеці. Ён ветліва адказваў, хоць многіх з моладзі не пазнаваў.

Ён быў ужо ў канцы вуліцы, як раптам сустрэўся з Машай.

Здарылася гэта вельмі неспадзявана для абаіх. Маша вышла з завулка, які між двух новых хат вёў на калгасны двор. У руцэ яе былі вілы. Апранута яна была ў стары залатаны кажушок, на нагах — буркі з бахіламі, на галаве — шэрая вязаная хустка.

Ад нечаканасці дзяўчына ажно адхіснулася назад. Твар яе спачатку пабялеў, потым заліўся чырванню.

Максім таксама спыніўся, з халаднаватай цікавасцю разглядаючы яе.

«Пастарэла», — і яму чамусьці стала шкада яе, захацелася прытуліць, прыласкаць.

Першая загаварыла Маша. Спытала:

— Ты-ы?.. — нібы не паверыла ўласным вачам.

Максім хутка падышоў, працягнуў руку.

— Я. Не пазнаеш?

Яна спачатку разгублена глянула на сваю далонь, выцерла яе аб кажушок, потым шчасліва засмяялася і моцна сціснула яго руку.

— З прыездам, Максім.

— Дзякую. Аднак... давай-жа хоць пацалуемся.

— Што ты! Глядзяць.

Сапраўды, аглянуўшыся, Максім убачыў, што ў бліжніх хатах у кожным акне да шыб прыліплі твары. Людзі з цікавасцю назіралі за іх крыху незвычайнай сустрэчай. Гэта збянтэжыла абодвух. Маша сарамліва апусціла вочы. Максім таксама некаторы час не мог знайсці патрэбных слоў, каб пачаць гаворку.

— Ты што... працавала? Сёння-ж свята.

— А мы ўжо скончылі. Невялічкая работка была... Рыхтуемся да вясны.

— Цяпер — да вясны?

— Але... А ты куды? — яна ясным, шчаслівым позіркам глянула яму ў твар.

— У Дабрадзееўку схаджу. Дамоўлюся наконт партыйнага ўліку.

Маша зноў апусціла вочы, прыдушыла ўздых, што ледзь-ледзь не вырваўся з грудзей, з лёгкім дакорам сказала:

— А калі-ж гэта мы сустрэнемся? Калі прыехаў і вачэй не паказваеш.

Ён моцна сціснуў яе шурпатую ад працы руку.

— Прыду, Машок, прыду...

— Калі?

— Сёння абавязкова.

У яе вачах зноў бліснула радасць.

— Значыцца, чакаць?

— Чакай.

— Ну, добра. Ідзі. Не будзем развітвацца. — Яна пяшчотна правяла рукой па яго грудзях, лёгенька адштурхнула. А адышоўшы некалькі крокаў, павярнулася і яшчэ раз напомніла: — Глядзі-ж, Максім...

Алеся чытала, калі Маша зайшла ў хату.

Яна стаяла на ўслоне на каленях, схіліўшыся над сталом, і рогам касынкі выцірала слёзы.

— Зноў, Алеся! Ну і дурніца! Хіба-ж так можна? Над кожнай кніжкай плакаць — слёз нахопіць.

Дзяўчына закрылася далоняй і, не адказваючы, чытала далей. Хвілін праз колькі, відаць, скончыўшы, яна, урэшце, адарвала ад кнігі чырвоныя ад слёз вочы, паглядзела на сястру, з вачэй яе пырснулі іскрыстыя праменні захаплення. Маша скінула кажушок, развязала хустку і села каля Алесі, абняла яе за плечы, якія ўсё яшчэ ўздрыгвалі, але невядома — ці ад плачу, ці ўжо ад смеху.

— Дзіўная ты! Што гэта?

— «Тры сястры» Чэхава. Чытала?

— Чытала. Але, помніцца, не плакала. Шкада іх, але... Я толькі яскравей адчувала сваё шчасце...

— Вось... Шкада... Якое ў іх было жыццё, Машанька! Страшна. Глядзі, які смутак у словах Ірыны, калі яна паўтарае: «У Маскву! У Маскву! У Маскву!» А гэтыя вось заключныя словы, што Ольга гаворыць. Слухай, Машанька,—і Алеся пачала чытаць. Прачытаўшы, яна заплюшчыла вочы, шэптам паўтарыла апошнія словы і раптам імкліва абняла Машу.