Да ранейшай нядолі прыбавілася цяпер і гора і ліха. Я палохаюся не на жарт і кажу ад усёй шчырасці сэрца:
— Дальбог, маці, не прытвараюся. Я вельмі баюся… Не пакідай мяне аднаго ў лесе… Мяне з'ядуць ваўкі.
Я пачынаю горка плакаць. Я ў сэрцы каюся, што дома свавольнічаў і часта наўмысне кашляў.
— Ды што ты, сынок мой… Што ты, родны… Ты ж глупства пляцеш. Я ж цябе ніколі не пакіну. Ніколі!
Яна туліць мяне да сябе і плача разам са мною. Бярэ мяне на рукі і нясе далей. Яна доўга ўсхліпвае…
Над намі шушукаюцца высокія гордыя хвоі. Я думаю, што яны шэпчуць замову супроць майго кашлю. Па шурпатых дрэвах цячэ жывіца. Я ўпэўнены, што гэта дрэвы плачуць над горам маёй маткі. Мне становіцца шкада яе. Яна так пакутуе, гаротная, з-за мяне, з-за майго кашлю. Пастараюся больш ніколі не кашляць. Нават, калі захочацца кашляць, я сцісну зубы так моцна, што задушу свой кашаль. Задушу, як гадзюку. Мне гэты спосаб лячэння пачынае падабацца. Стрымаю свой кашаль, не выпушчу яго з рота. Але ў гэтую ж хвіліну я так закашляўся, што прыйшлося мне пакінуць на ўзвей-вецер такое цікавае адкрыццё ў медыцыне…
Пасля дзвюх гадзін хадзьбы і адпачынкаў мы набліжаемся да татарскага хутара. На нас нападаюць вялізныя, як ваўкі, сабакі. Я войкаю ад страху. Чорны, як сажа, хударлявы дзяцюк адганяе сабак. Мы ўваходзім у багатую чыстую хату татарына Мунькі. У яго чорныя вочы, сівая барада і чырвоная ярмолка на голенай галаве. На ім доўгі паркалёвы ў палоскі халат. Такі цікавы выгляд чалавека ўнушае давер'е. Пачынаю верыць, што ён мяне вылечыць.
Маці падрабязна апавядае Муньку пра маю хваробу. Ён цярпліва слухае і ківае галавой. Пры гэтым ён адрэзвае лустку хлеба, намазвае на яе тонкі слой масла, раскрывае на стале тоўстую кнігу ў скураным пераплёце і доўга перагортвае лісты, пільна шукаючы нешта вачыма. Урэшце дастае з халата іголку і пачынае перапісваць іголкай на масле нейкія значкі з кнігі.
Дома я глытаў мудрасці татарскай кнігі «Кітаб» на хлебе з маслам. Не дапамог і «Кітаб».
Паўгода я быў матчынай нядоляй: кашляў, кашляў і кашляў.
. . . . . . . . . .
Маці збірае шчаўе ля бярэзніка. Я лаўлю матылькоў і стракоз. Пахне канюшынай, падасінавікамі і рознымі палявымі кветкамі. Балюча кусаюцца авадні. Самая касьба і ўборка сена. Тут жа блізка накладваюць сена на вазы. Мужчыны, жанчыны і падлеткі працуюць граблямі. Побач за лазовымі кустамі працуюць з граблямі ў руках нашы суседзі — стрыечныя браты Іосель і Гірша. Яны ціха перагіркваюцца. Бачу, як чырванеюць іх твары і вочы наліваюцца злосцю. З кожнай хвілінай іх галасы становяцца больш гучнымі і гнеўнымі.
— Мая мяжа! — кажа адзін.
— Мая мяжа! — кажа другі.
Слова «мяжа» мяняе інтанацыю. Ад лірычнага тону спачатку яно набывае ўрэшце музыку грымот. Гірша з Іоселем пераходзяць ад слоў да ўзаемнай спробы грабель на родных спінах. Граблі не вытрымліваюць — друзгаюцца на кавалкі. Тады яны мяняюць граблі на кулакі. Крывавяць адзін аднаму насы і качаюцца па зямлі, моцна абняўшыся. У бойку ўмешваюцца іх жонкі і дзеці. Сям'я Іоселя малоціць граблямі Гіршу. Гадунцы Гіршы лупцуюць граблямі Іоселя. Часам пры такім імпэце дзеці хвошчуць роднага бацьку. Тактыка бітвы ў Іоселя і Гіршы адна і тая самая. Сілы таксама аднолькавыя. Крыкі, лаянкі, плач, лямант. Прыпеўка адна:
— Наша мяжа! — кажуць адны.
— Наша мяжа! — кажуць другія.
За гэтую самую мяжу біліся іх дзяды, ваявалі бацькі. Ніяк спадчыны падзяліць не маглі. За гэту мяжу дзед Калман забіў насмерць жалезным замком свайго роднага брата. За гэту мяжу стары Янкель трапным ударам дайніцы ў скронь прыкончыў свайго брата Мордуха. За гэту самую мяжу частуюцца цяпер іх дзеці. На гэтай аблітай крывёй мяжы можна накасіць усяго каля пуда сена…
Відаць, вайна трох пакаленняў адбываецца не так за сена, як за прынцып: «маё, а не тваё»…
Маці бярэ мяне за руку і вядзе дамоў. Па дарозе яна гаворыць сама з сабой:
— Мы шчаслівыя людзі. Нам жывецца спакойна, бо не маем сваёй зямлі.
. . . . . . . . . .
Гукі скрыпкі і бубна. Кадрылі, полькі, песні, смех, вясёлыя галасы, тупат ног. Наш самы блізкі сусед Ануфрэй жэніць свайго старэйшага сына.
Мяне вельмі цягне туды. Употайку ад маткі пускаюся бягом у Ануфрэеву хату. Дзяўчаты і хлопцы танцуюць. Пажылыя мужчыны п'юць гарэлку. Жанчыны ў яркіх каптурах сядзяць на ложках і спяваюць. На доўгіх лавах у хаце і ў сенцах на зямлі сядзяць п'яныя. Некаторыя дрэмлюць. Некаторыя дрыгаюць нагамі ў такт музыкі. На парозе сустракае мяне сам Ануфрэй: