Выбрать главу

— Каб хаця ўсё было добра… Чаго сюды прыехаў палкоўнік? Пры маёй памяці ў Даўгінаве ніякіх палкоўнікаў не бывала…

Рувін стагнаў глыбока і працягла. У гэты самы час мая цётка зірнула ў акно, імпэтна адскочыла назад і піскнула, як заяц:

— Да нас ідзе палкоўнік… А Божа мой… Што яму ў нас трэба?

Мы ўсе шуганулі ў дзядзькаву камору. На сваім месцы застаўся адзін стары Рувін. Мы пачулі, як адчыніліся дзверы і як нехта ўвайшоў старэчым крокам, кашлянуў і старэчым голасам сказаў:

— Здраствуйце!

— Здрасце, — адказаў Рувін.

— Тут жыве Рувін Ліберман? — запытаўся басавы голас.

— Тут, — адказаў Рувін. — А што пану начальніку трэба?

— Цудоўна! Мне неабходна ведаць пра вас усё!.. Скажыце, будзьце ласкавы, Рувін Ліберман, як звалі вашага бацьку?

— Майго бацьку? Зараз скажу пану начальніку. Майго бацьку звалі Абрам.

— Так… Абрам. Цудоўна! А маці?

— Матку? Матку звалі Рахіль.

— Цудоўна! Дзе яны пахаваны?

— Пахаваны? На старым магільніку, ля самай агарожы. А што?

— Так! Цудоўна! Скажыце, будзьце ласкавы, Рувін Ліберман, у вас быў старшы брат?

— Старшы брат? Так, так! Быў, панок, быў. А як жа! Быў! Гершаль зваўся.

— Вельмі добра! — узрадаваўся палкоўнік.

Мы ў каморцы слухалі, навастрыўшы вушы. Я не вытрымаў і зірнуў у шчыліну дзвярэй. На ўслонку, побач з Рувінам, сядзеў старэнькі палкоўнік, у доўгім шынелі з бліскучымі гузікамі і залатымі пагонамі, з кійком у дрыжачых руках. Белыя як снег бровы, бакенбарды і вусы свяціліся на яго зморшчаным шараватым твары з гладка выгаленым падбародкам. Рукі ў яго так дрыжэлі, што кіёк, які ён не выпускаў з рук, адбіваў на падлозе лёгкую дроб.

Збянтэжаны Рувін узнімаўся і зноў садзіўся, зрываў з галавы ярмолку і зноў надзяваў.

Палкоўнік крыху памаўчаў. Выцер хустачкай успацелы лоб. Потым працягваў далей свой допыт:

— А скажыце, будзьце ласкавы, Рувін Ліберман, ваш брат памёр?

— Не ведаю, пане начальнік. Мне маці, светлы ёй рай, гаварыла, што яго маленькага ў салдаты забралі.

— Так… Так… — падтакваў палкоўнік.

— Схапілі, надзелі яму кайданы на рукі і ногі, кінулі ў воз і павезлі. Маці, светлы ёй рай, валасы на сабе рвала, гвалту крычала і бягом бегла за возам.

— Так… Так…

— Маці, светлы ёй рай, кідалася на зямлю, паднімалася, зноў бегла за возам ды ўсё лямантавала: «Гершалэ… Гершалэ… Гершалэ…»

— Так… Так… Яшчэ… Яшчэ… — сказаў палкоўнік і палажыў руку на плячо Рувіна.

— А фурман гнаў каня пугай з усіх сіл. Конь імчаўся так шпарка, аж Гершаль, які сядзеў на возе і плакаў, моцна ўдарыўся лбом аб свае жалезныя кайданы. Маці, светлы ёй рай, бачыла, як твар Гершалэ заліўся крывёй.

Палкоўнік ківаў галавой, выцер хустачкай лоб, вочы і сказаў:

— Так… Яшчэ…

— Маці, светлы ёй рай, абамлела і павалілася ў лужыну. Як прачнулася, дык ужо воза не відаць было. Гершалэ павезлі ў салдаты. Тады, пане начальнік, у бедных бацькоў лавілі малых хлопчыкаў і аддавалі ў салдаты.

— Скажыце, Рувін Ліберман, доўга маці-нябожчыца плакала па Гершалэ?

— Усё жыццё, дарагі панок… Як толькі ўспомніць, так і заліваецца слязьмі.

— Цудоўна… Дасканала… Паглядзі, Рувін, на мой лоб… Вось рубец! Гэта я тады моцна параніў лоб. На ўсё жыццё знак астаўся. Я — твой брат Гершаль. Урэшце знайшоў! Мілы… Родны… Гэта было семдзесят год таму назад. Цябе яшчэ на свеце не было. Маці звалі Рахіль, бацьку — Абрам. Маці-нябожчыца насіла ў свята чорную касынку з чырвонымі пчолкамі.

Бацька ў суботу пры абедзе спяваў:

Оса а-адэр лейсудо-осо Беца-а-аафро дэйшаба-ато, Веазмін-бо гашто… Веазмін-бо гашто…[1]

Рувін не зводзіў вачэй з палкоўніка. Слухаў, як заварожаны.

— Родны… Рувін…

— Гершалэ… Братку мой…

Старыя кінуліся адзін аднаму на шыю і абодва захліпалі, як малыя дзеці.

Мы ўсе выскачылі з каморкі, ашаломленыя, здзіўленыя, усхваляваныя. Нам усім здавалася, што гэта сон. Палкоўнік пазнаёміўся з усімі намі. Цётка зняла з яго шынель. Бліснулі залатыя эпалеты, гузікі, медалі… Усё гэта было незвычайна і вельмі цікава.

Палкоўнік гладзіў пяшчотна запрацаваныя рукі роднага брата, яго аброслы зморшчаны твар і зазіраў яму глыбока ў вочы.

— Перад смерцю давялося пабачыцца, — гаварыў ён. — Мяне цяпер завуць Аляксандр Пятровіч Лібераў. Але ў душы я ранейшы Герш Абрамавіч Ліберман. Як быў хлопчыкам, білі мяне, пакуль не згадзіўся хрысціцца. Потым мяне аддалі ў школу. Я быў здольны хлапчук, добра вучыўся. Стаў ваенным і за многа год службы дайшоў да чына палкоўніка. Цяпер я ў адстаўцы. Жыву ў Вільні. Дзеці, унукі. І ўсё жыццё з сэрца цягнулася нітачка сюды, у Даўгінава. Знайшоўся браток. О, госпадзі…

вернуться

1

Старадаўняя суботняя застольная песня на старажыдоўскай мове.