Выбрать главу

— Дык вось, — сказаў рэб Эля, — гэтая самая сінагога пабудавана пяцьдзесят, а мо сто год таму назад. Аднаго разу прыйшоў у кагал незнаёмы чалавек — высокі, прыгожы, з сівой барадой, з вачыма, бы зоркі, у простым ільняным халаце, з сандаліямі на нагах.

— Я разьбяр! — заявіў ён. — Хачу зрабіць каўчэг. Аб цане не буду з вамі гаварыць, аб ядзе таксама. Няхай толькі хлеб і ваду прыносяць да дзвярэй. Адно буду прасіць пачэсны кагал, каб ніхто ка мне не прыходзіў глядзець, пакуль не скончу работы.

— Добра! — згадзіліся братчыкі з кагала. — Няхай будзе так. Працуйце! Прымаем вашы ўмовы. Толькі памятайце, за працу шмат грошай вы ў нас не дастанеце, бо нашы местачкоўцы не Ротшыльды і не графы Патоцкія.

Разьбяр працуе сабе дзень, два, тры. Ён нікуды не ходзіць. Яго ніхто не бачыць. Кожны дзень жанчына прыносіць яму жбан вады і акраец хлеба, ставіць ля дзвярэй ды ўходзіць. Як ні цікавяцца кагальныя братчыкі паглядзець работу, але прапала — умовіліся не глядзець. Яны здалёк бачылі, што і ўночы светла ў новай сінагозе. Разьбяр працаваў круглыя суткі.

Затое габай, гад і злюдзюга, як усе габаі на свеце, каб яго імя сцёрлася з памяці добрых людзей, не стрымаў слова. Аднаго разу ўночы ён пракраўся на жаночую галёрку сінагогі і давай глядзець праз маленькае акенца. Бачыць ён: разьбяр сядзіць на падлозе перад свечкай, трымае на каленях тоўсты фаліянт і ціхенька чытае і ціхенька спявае, і пры гэтым, як маятнік, ківаецца. А працы яшчэ і знаку няма. Нават не пачынаў.

Хацеў пракляты габай стукнуць кулаком аб сцяну ды вылаяць на чым свет стаіць разьбяра. У гэты час заспявалі першыя пеўні, і ўсё ператварылася.

Замест падлогі зелянеў прыгожы стэп. Буялі стройныя пальмы, вінаграднікі, прыгожыя кветкі, апельсінавыя і лаўровыя дрэвы. Замест каменнага суфіта сінела паўночнае зорачнае неба. Над дрэвамі і раслінамі свяціўся яркі поўны месяц.

Пракляты габай анямеў ад дзіва.

У самым цэнтры красаваўся новы драўляны каўчэг. Разьбяр да яго падышоў, паглядзеў, памацаў, зноў адышоў. Глядзеў з правага боку, з левага і строга сказаў:

— Старадаўнія ткачыхі ўсходу і захаду. Загадваю вам з'явіцца сюды!

Адразу прыйшлі жанчыны ў доўгіх вопратках, з затуленымі празрыстым шоўкам тварамі. На руках блішчэлі залатыя бранзалеты з дарагімі каменнямі. Праз празрысты шоўк свяціліся іх вочы — чорныя, сінія, зялёныя.

Пракляты габай таропіў у іх свае бельмы.

І зноў сказаў разьбяр:

— Старадаўнія ткачыхі ўсходу і захаду! Загадваю вам зрабіць з гэтых кветак і раслін прыгожыя ўзоры для святога каўчэга.

І паслухмяныя ткачыхі пачалі працаваць: нарвалі кветак, траў, пальмавых галін, залатых апельсінаў і давай плясці ўзоры, як тыя пастушкі, што плятуць вянкі на полі з нашых каласоў, траў і васількоў. Пры гэтым старадаўнія ткачыхі спявалі песні на незразумелай мове. Яны хутка скончылі работу і давай абвешваць жывымі гірляндамі кветак, апельсінаў і вінаграду сцены і дзверы каўчэга.

Разьбяр махнуў рукой.

Ткачыхі зніклі. Разьбяр любаваўся на работу. Падыходзіў да каўчэга, адыходзіў, мацаў рукамі і задаволена цмокаў губамі.

Потым ён зірнуў на неба і сказаў:

— Мне яшчэ патрэбны для каўчэга два львы і два арлы! Самыя прыгожыя цары звяроў і птушак, загадваю вам з'явіцца сюды!

З-пад неба прыляцелі два арлы. Прыбеглі ў адзін міг два львы. Арлы ўзмахвалі крыллямі. Львы білі аб зямлю хвастамі. Іх вочы і грывы былі залацістыя і велічныя.

Пракляты габай таропіў у іх свае бельмы, малаціў ад страху зубамі.

Разьбяр махнуў рукой.

У арлоў задрыжэлі крыллі. У львоў ад страху ўзняліся залацістыя грывы. Львы і арлы загаварылі голасам чалавечым:

— О, чалавек, о, цар зямлі… Злітуйся над намі. Дай нам вольна жыць у стэпе. Не хочам адзеравянець на векі вечныя… Мы хочам жыць… Мы хочам назад у свае гнёзды, у свае логвы, да сваіх серабрыстых ручаёў. Мы хочам у свае пахучыя лясы… Мы хочам волі…

З вачэй львоў і арлоў цяклі слёзы. Звяры і птушкі дрыжэлі ад страху і прыпадалі да ног разьбяра. Але ён быў непадатлівы і строгі:

— Загадваю вам!

Разьбяр махнуў рукой.

Два арлы ўзляцелі над каўчэгам. Два львы сталі дуба па абодвух баках каўчэга. Пярэднімі лапамі яны ўпёрліся ў сцены яго, хвастамі ўпляліся ў жывыя гірлянды кветак і застылі.

Разьбяр яшчэ раз махнуў рукой.

Расліны, кветкі, апельсіны і вінаград, львы і арлы адзеравянелі. З суфіта новага будынка знікла неба, з падлогі знік квітнеючы стэп.