Выбрать главу

Прапяялі другія пеўні.

Новы будынак быў асвечаны адной свечкай. Разьбяр узяў у рукі кавалак вострага шкла і давай шліфаваць і тачыць драўляныя расліны, драўляных звяроў і птушак. Потым ён узяў пэндзаль, гліняную міску з фарбай і пакрываў іх лёгкім золатам.

Пракляты габай таропіў у разьбяра свае бельмы.

Разьбяр нават не зірнуў на яго. Робячы сваю работу, ён сказаў:

— Затое, пракляты габай, што ты мяне не паслухаў і прыйшоў сюды глядзець, зараз жа аслепні!

І габай (каб яго імя сцёрлася з памяці людзей!) тут жа аслеп.

Ён ужо не бачыў цудоўнага разьбяра.

— Калі толькі каму-небудзь раскажаш аб тым, што бачыў, з табою станецца, як з гэтымі арламі і львамі. З табою будзе нават горш. Ідзі!

Аслепшы габай пац-мац рукамі аб сцяну і ледзь выбраўся на двор. Пабрыў па дварэ і зноў — пац-мац рукамі і дабраўся да хаты рабіна. Зайшоўшы к рабіну, ён, шэльма і гад, расказаў рабіну ўсё. Рабін павёў габая дамоў, палажыў яго на шоўкавую пярыну і загадаў спаць, а сам склікаў зборышча кагальных братчыкаў. Расказаў ім аб гэтым дзіўным здарэнні, і на ўсходзе сонца яны пайшлі грамадой у новую сінагогу.

Разьбяра яны ўжо не знайшлі.

Новы каўчэг ззяў золатам, ззяў хараством. Вінаград, апельсіны, кветкі, лаўровыя вянкі, пальмавыя галіны здзівілі прыгожасцю. Здавалася, што яны яшчэ пахнуць садам, стэпам. Львы і арлы былі, як жывыя. Аж страшна было дакранацца да іх пальцамі.

Прапяялі трэція пеўні.

Знік пракляты габай з шоўкавай пярыны.

Габаіха шукала яго пад ложкам, па ўсіх каморах багатай хаты, на дварэ, на вуліцах — габая не стала.

Слухаючы казку шамеса рэбэ Элі, мы ўсе мімаволі з новай цікавасцю паглядалі на каўчэг, які заўсёды красаваўся перад намі. Разьба была сапраўды дасканалая. Рухлівыя светацені нашых свечак плылі хвалямі па цудоўнай рабоце. Здавалася, што львы і арлы зараз ажывуць.

Шамес заўсёды заканчваў гэтую казку такімі словамі:

— А ведаеце, хто быў гэты разьбяр? — прарок Ілья!

Аднаго разу пасля такой бяссоннай ночы мы пад раніцу паляглі апранутыя спаць на падлозе жаночай галёркі сінагогі. Мы толькі што заснулі, аж раптам усхапіліся ад дзікага крыку:

— Уставайце, дзеці Ізраіля, ягняты святыя! Да вас з'явіўся я — прарок Ілья! Уста-вай-це!

Мы ўскочылі на ногі. Перад намі стаяў местачковы вар'ят Моўша. Ён дзіка лупіў на нас вочы і загадаў:

— Распранайцеся, а то я вас зарэжу!

Ён стрыг паветра вялікімі кравецкімі ножніцамі.

— Распранайцеся… а то…

Мы былі так змучаны бяссонніцай, аглушаны і напалоханы яго дзікім крыкам, што і не думалі бараніцца. Паслухаліся. Вар'ят схапіў нашу вопратку і пабег уніз па лесвіцы. Без кашуль мы падышлі да акон і ўзнялі крык. За вар'ятам пагналіся людзі. Ён кінуў нашу вопратку і ўцёк.

З таго разу мы перад сном запіралі дзверы сінагогі на ўсе засовы, каб да нас больш не прыходзіў няпрошаны прарок Ілья.

Мае заработкі

З самага пачатку я прывучаўся ў ешыбоце да самастойнага жыцця. Мыў сабе бялізну кожную пятніцу ў лазні і развешваў на гары сінагогі. Таксама навучыўся латаць падраныя штаны. Мой гарнітур даўно парваўся. Выпадковыя заработкі мелі ў ешыбоце ўсе юныя талмудысты: чытка Псалтыра пры нябожчыках і спяванне малітваў пры нованароджаных. Ці пры нараджэнні, ці пры смерці чалавек чалавеку заўсёды даваў хлеб.

Мяне карміў мой ножык.

Я меў патаемную майстэрню ў шуфлядзе майго штэндара, і пад заслонай скураных фаліянтаў з залатым цісненнем мой ножык тварыў цуды. Я вырэзваў з дрэва пеналы, скрыначкі, пакрываў іх лакам, пасля чаго наводзіў прыгажосць разьбой. З мяккіх чорных брускоў вырэзваў пячаткі. З аркушаў паперы рабіў маленькія кніжачкі ў прыгожых пераплётах і чырвона-сінім алоўкам размалёўваў іх звяркамі і дрэўцамі. Я прадаваў маленькія альбомчыкі свайго вырабу. Альбомчыкі цаніліся сярод местачковых дзяцей не менш высока, чымся ножыкі і пісталеты ў вясковых пастушкоў. Цэны хісталіся ад двух да пяці капеек за штуку.

Ад строгага інспектара рэбэ Шмар'я мяне ахоўвалі ўсе юныя талмудысты. І я ні разу не папаўся ў яго лапы.

Старэйшыя таварышы — 16-17-гадовыя юнакі звярнулі пільную ўвагу на мае вырабы: скуплівалі ў мяне «тавар» за грошыкі і прадавалі ў пяць разоў даражэй. Яны стварылі «рынак». Закіпела жыццё. Каля сінагогі сярод густых зарасляў палыну была наша біржа. З'явіліся бабулькі з кошыкамі. Прадавалі нам яблыкі, арэхі, абаранкі, боб, гарохавыя бліны, жоўтыя і круглыя, нібы ясны месяц.

Аднак бывалі моманты застою ў «гандлі». Ножык мой адпачываў, бо рынак быў перапоўнены і ніхто больш не купляў. Мне прыходзілася галадаць. Выратаваў мяне ад голаду адзін выпадак. Седзячы раз увечары на ганку сінагогі і марачы аб кавалку хлеба, я заўважыў, як адна нізенькая бабулька гоніцца за гарэзнай казой, гоніцца ды не можа дагнаць.