Выбрать главу

Я дапамог загнаць казу ў сенцы маленькай бабульчынай хаткі, што знаходзілася на тым баку вуліцы, насупраць сінагогі.

Бабуля не ведала, чым мяне ўзнагародзіць за дапамогу. Я сказаў, што мне ніякая ўзнагарода не патрэбна. Бабуля запрасіла мяне ў хату і пачаставала коржыкамі.

Лістапісец

З таго часу пачалося наша знаёмства з бабулькай Бейляй.

Яна была адзінокая. Яе дочкі і сыны жылі ў Амерыцы. Прысылалі ёй акуратна грошы, і яна спакойна дажывала свой век у маленькай хатцы. Тут жа ў хатцы жыла з ёю дойная каза. Старэйшы ўнук бабулі ў Амерыцы быў аднаго ўзросту са мною і аднаго імені. Гэта яе вельмі чуліла. Яна часта даставала са старога камода пачку лістоў, фотаздымкаў усіх яе дзяцей ды ўнукаў. Я чытаў і перачытваў уголас лісты, а яна, непісьменная, слухала з вялікай асалодай.

Яна запрашала мяне прыходзіць да яе па вечарах. Я ахвотна выконваў яе просьбу. Бабуля частавала мяне коржыкамі і арэхамі ў мёдзе. Час ад часу паіла мяне цыкорыяй з казіным малаком. Добрая бабулька была набожная. Часта прасіла мяне чытаць раздзелы са святой кнігі ў перакладзе на жывую жыдоўскую мову. Такая кніга называецца «тайч-хумеш». Яна друкавалася выключна для жанчын. Я чытаў, а старая Бейля слухала ды шаптала за мной слова ў слова.

Пасля кожнай чыткі на стале з'яўляліся пачастункі…

Я перабраўся да старой на кватэру. Яна за мною глядзела, як родная. Часта пад яе дыктоўку я пісаў у Амерыку лісты. Пры пісанні я ўжываў усё красамоўства Бібліі. Старая раструбіла аба мне ў дзесяць труб па мястэчку.

Ка мне пачалі прыходзіць «амерыканкі» з просьбай пісаць іх мужам у Амерыку. Прыходзілі і нявесты пісаць лісты жаніхам. У мяне пачалася вялікая перапіска.

Для апісвання гора замужніх, якія чакалі грошай ад мужоў, я ўжываў стыль псалмоў. Для любоўных пісем ад нявест я пазычаў радкі з «Песні-Песень». Пакрысе ў мяне выпрацавалася свая ўласная мова. За пісьмы плацілі. Снеданнямі і вячэрамі карміла старая Бейля. У мяне пачала збірацца капейка да капейкі. Праз якога паўгода я за свой першы літаратурны ганарар купіў сабе боты. Яшчэ праз паўгода я набыў нямала кніжак жыдоўскіх і расейскіх.

Маімі кліентамі былі ў большасці бедныя непісьменныя жанчыны і нявесты. Перада мною разгортваліся жудасныя малюнкі жыцця местачковай галечы. Горам і слязьмі былі перапоўнены іх сэрцы. Пакуль не прывыклі да мяне, некаторыя з іх сароміліся дыктаваць хлапчуку тое, што набалела ў іх на душы. Ад сораму яны бляднелі, чырванелі, засланялі далонямі вочы, нібы перад запаленымі шабасовымі свечкамі; адварочваліся ад мяне і гаварылі прыдушанымі галасамі. А як прывыклі, без аніякага сцяснення дыктавалі мне такія словы, ад якіх мяне часам страх прабіраў. Такім чынам яны пакрысе пратоптвалі для мяне сцежкі ў самыя нетры народнай нядолі.

У іх разнастайных галасах і выразах твару гучэлі і адлюстроўваліся злосць, гнеў, крыўда, літасць, смутак, жальба, падзякаванне і праклёны. Мабыць, яны ўяўлялі сабе, што перад імі не хлапчук, а іхнія «амерыканты» — мужы і жаніхі. Часам такія пісьмы-споведзі хвалявалі мяне да таго, што я па начах спаць не мог. Гаротныя жанчыны ўзвальвалі на мае слабыя хлапчукоўскія плечы свае цяжкія жорны несупыннай пакуты. Я, пішучы пісьмы пад іх дыктоўку, знаходзіўся пад гіпнозам іхняй бяды. Я натхняўся іхнімі пачуццямі. Нібы падатлівая глеба, упітваў у сябе чужыя жыцці, гарэў шчырым гневам, сумаваў вялікім сумам і радаваўся маленькімі радасцямі сваіх кліентак.

Пішучы пад іх дыктоўку, я на ляту адшліфоўваў чужыя фразы, надаючы ім блеск красамоўства. Словы ўжо рабіліся маімі. Часам я ўдаваўся ў рыторыку, а часам ярка падкрэсліваў сваім пяром трагедыі жыцця-быцця гэтых жанчын.

Бывала, прыбяжыць да мяне засопшыся цётка з радаснай навіною:

— Памагло!

— Што памагло?

— Тваё пісьмо…

— Умею пісаць?

— О-го-го! Каб так мае дзеці ўмелі! Дзякую, сынок… У адказ на пісьмо, напісанае табою, мой Шмуэл-Меер прыслаў дзесяць далараў і пісьмо. Вось яно! Чытай!

Паглядваючы на яе пасвятлеўшы твар, мне станавілася лягчэй на сэрцы. Жанчына таропіла ў мяне вочы і раптам усхоплівалася:

— Я тады дала табе толькі адну капейку… Вось табе яшчэ тры! Не тры, а яшчэ дзве капейкі…

А то прыйдзе чорная, як зямля, бабуля ды крыўдзіцца і лямантуе ў вялікай роспачы:

— Ой, і напісаў ты!