Я з непакоем пытаюся:
— А што?
— Ужо мінула два месяцы, а мой яшчэ не адказаў на пісьмо. Відаць, што ты, сынок, няўдала напісаў…
— Гэта няпраўда, я напісаў удала, — апраўдваўся я. — У вашага сына, мабыць, такое дубовае сэрца, што нічым яго не прасвідруеш.
— Напішы, будзь ласкаў, другое пісьмо.
— Добра.
— Цяпер я табе нічога плаціць не буду. Я ж тады заплаціла без аніякай карысці…
— Добра.
Калі на пісьмо, напісанае мною, не адказвалі, вінаватым аставаўся я. Я сам бываў упэўнены ў сваёй вінаватасці. Я ж павінен быў надаваць пісьму такую сілу, каб мастацкія словы чаравалі адрасата, каб яны ўбіваліся ў яго сэрца, як вострыя цвікі. Я ўпадобіўся адвакату, якому кліенты дапаручаюць свае кроўныя інтарэсы на судзе. А калі справа правальвалася, вінаватым у вачах кліентуры бывае толькі адвакат. Я павінен быў сваім мастацкім словам у пісьмах так уздзейнічаць на сумленне мужоў і сыноў-амерыкантаў, каб усе патрабаванні і просьбы жанок і матак адразу выконваліся.
Так вымагала ад мяне мая кліентура. За гэта і плацілі капейку ці дзве за пісьмо.
Часам звярталіся да мяне і пісьменныя. З майго чарнавіка яны перапісвалі пісьмы сваёй рукой. Такім чынам я своеасабліва і рана пачаў разумець значэнне мастацкага слова.
І кожны мой слоўны твор, накіраваны да аднаго канкрэтнага чалавека, адразу браўся на пробны камень жывога сэрца: ну, ці зазвініць мая пісаніна? Ці выкліча яна патрэбны водгаласак?
Ка мне прыходзілі пісаць пісьмы многія, але ярчэй за іншых асталіся ў маёй памяці дзве — змучаная непасільнай працай і нястачамі Голда з вечным выразам гневу ў вачах і стройная, чарнавокая, прыгожая Рахіль. Я часта пісаў ад імя Голды мужу і ад імя Рахілі жаніху.
Вось адно з маіх пісем ад імя Голды:
«Шаноўнаму мужу майму, знатнаму і слаўнаму Шмуэл-Мееру. Няхай доўга свеціцца зорка яго жыцця!
Па-першае, паведамляю цябе, што я, адданая жонка твая Голда, і нашы дзеткі — Гітка, Мотл, Ёська, Зорахка і Цыпачка — дзякуй святому імені, жывы і здаровы. Дай Бог чуць ад цябе не горшыя навіны.
Па-другое, я дзіўлюся твайму доўгаму маўчанню. Маўчыш як рыба. Ці я табе не жонка? Ці мае дзеці не твае дзеці? Ці акіян змыў з тваёй памяці родную сямейку? Ужо бадай год, як ад цябе ні пісьма, ні грошай. А дзеці не маўчаць. „Дзе наш тата?“ — пытаюцца яны. Маленькая Цыпачка замест „тата“ кажа „цяця“ і ручкамі пры гэтым паветра ловіць. Галасок у яе, нібы ў птушкі. Сам разумееш, што дзеці не лялькі, а жывыя істоты. Вочы ў іх пільныя. Шмат чаго бачаць, шмат чаго просяць. Дай ім бульбы, мяса, селядца, крупніку, малака. Дай ім чаравічак, гарнітурчыкаў, сукеначак, кашулек, шапачак, хустачак. Хоць ты для іх крамку адкрывай! Ім шмат чаго трэба — нават дактароў і фельчароў, хоць яны і не царскія дзеці.
Ад голаду і холаду яны вечна хварэюць. То жываток баліць у Гіткі. То Ёська босую нагу цвіком наскрозь праб'е. А ў Цыпачкі коклюш. Вечна яна робіць адно — кашляе ды кашляе. А Мотл кашляе і без коклюша. А ў Зорахкі і дагэтуль крывыя ножкі. Гады яго ідуць наперад, а ён сіднем сядзіць на адным месцы ўжо зараз пяць год. За Моталэ трэба заплаціць рэбэ пяць рублёў. Я вырвала б з свайго рота пяць зубоў і аддала б рэбэ, але за мае пяць зубоў у краме не дадуць і атруты для мышэй. Вось такая, як бачыш, мая гаспадарка. Б'юся як рыба аб лёд, а жыццё маё — палын, а не мёд.
Дзеці нашы маюць бацьку, а гадуюцца, як безбацькоўцы. Мсстачкоўцам і паскардзіцца нельга — вочы выдзеруць, заклююць! Пра мяне яны кажуць так:
— Голда жыве, як графіня-манархіня. Голдзе бедаваць тое самае, што багатай Лібе-Лэі жабраваць. Жартачкі, муж Голды — былы балагула Шмуэл-Меер — у Амерыцы золата збірае ды брыльянтамі прыпраўляе. А яна, Голда, абаранкі з лазовага кошыка прадае ды яшчэ на сваю долю скардзіцца.
Вось так местачкоўцы пра нас гавораць і ядуць мяне без хлеба. А вохці мне, вох! Яны ж не бачаць, што ў маім гаршку на камарыным шмальцы ліха варыцца, бядою і слязою соліцца.
Шмуэл-Меер, ты чуеш ці не? Скажы хоць раз, што мне рабіць? Праз акіян да цябе рукой не дастану. Плачу майго не пачуеш і слёз маіх не пабачыш. Сядзіш сабе ў амерыканскім шынку з капялюшыкам на галаве, з залатым гадзіннічкам у кішэні — акурат магнат — ды і п'еш амерыканскую гарэлку кілішак за кілішкам. Ты ж зрабіўся, як чужы. О, гора маё! О, ліха маё! Слава таму мужу, які не вядзе кампаніі з лайдакамі, у шынках не бывае ды злых шляхоў не ведае, не знае. Слава таму мужу, які з пустымі людзьмі не сябруе ды з хітрунамі не хітруе.
Але гэта не пра цябе, Шмуэл-Меер, сказана, бо ты сумленне згубіў у Амерыцы. Жаласць і літасць да роднай сям'і ты ўтапіў у лужы, як сляпых шчанят. Ты гарэлку п'еш, а я смалу п'ю. Адумайся, разбойнік без нажа, гіцаль без вяроўкі… Злітуйся, люты чалавек… Выбачай, Шмуэл-Меерка, за такія словы. Не я гавару — гора маё гаворыць. Не я гневаюся — нядоля мая гневаецца. Каб ты хоць разок зірнуў на схудалых дзяцей, на іх тонкія, бы саломінкі, ручкі і ножкі, — тваё акамянелае сэрца стала б добрым, як золата, і мяккім, як воск…