152. Міхасю Казлоўскаму (с. ). Друкуецца паводле час. “Куфэрак Віленшчыны”, 2007, №12. Публікацыя М. Казлоўскага. Казлоўскі Міхась (нар. 1959) – беларускі краязнавец, бібліяфіл, рэдактар гісторыка-краязнаўчага і літаратурна-мастацкага часопіса “Куфэрак Віленшчыны”. “Чабарок” не ўсім прыйшоўся да смаку…– гаворка ідзе пра зб. “На чабары настоена”. Каханоўскі Генадзь (1936—1994) – гісторык, археолаг, краязнавец, фалькларыст, літаратуразнавец, доктар філалагічных навук (1992); жыў у Маладзечне.
153. Максіму Танку (с. ). Друкуецца паводле час. “Полымя”, 1995, №8. Публікацыя Т. Кекелевай. Магільніцкі Адам (нар. 1930) – пракурор Беларускай ССР (1973—1984). Лісты 151 і 152 друкуюцца паводле той самай крыніцы.
158. Максіму Танку (с. ). Друкуецца паводле час. “Полымя”, 1995, №8. Публікацыя Т. Кекелевай. “Пахне дзёгцем, потам, рыжаю аўчынай…” – радок з верша М. Танка “Песня кулікоў” (1936). Машара Міхась (1902—1976) – паэт, празаік, актывіст нацыянальна-вызвольнага руху ў Заходняй Беларусі. Васілёк Міхась (сапр. Касцевіч; 1905–1960) – беларускі паэт. Падчас Другой сусветнай вайны жыў на акупаванай тэрыторыі, падпольна ўдзельнічаў у антыфашысцкім руху.
159. Зосьцы Верас (с. ). Друкуецца ўпершыню паводле аўтографа з архіва З. Верас (БДАМЛіМ, ф. 318, воп. 1, спр. 48). Няхай спіць спакойна с.п. Тонік…– Антон Шантыр (1919—1976), сын Зоські Верас і Фабіяна Шантыра (1887—1920).
160. Юзэфе і Чаславу Найдзюкам (с. ). Друкуецца ўпершыню паводле копіі аўтографа, атрыманай складальнікам ад Я. Запрудніка.
Біяграфічная даведка
Ларыса Геніюш (сапраўднае прозвішча – Міклашэвіч) нарадзілася 27 ліпеня (паводле новага стылю – 9 жніўня) у заможнай сям’і землеўласнікаў Антона Паўлавіча і Аляксандры Васільеўны Міклашэвічаў у фальварку Жлобаўцы (паводле пасведчання аб нараджэнні – у вёсцы Палаўкі) Гарадзенскага павета (цяпер – Ваўкавыскі раён). Вучылася ў Гудзевіцкай школе, закончыла Ваўкавыскую польскую гімназію (1928). 3 лютага 1935 г. у Воўпенскай царкве ўзяла шлюб са студэнтам медычнага факультэта Карлавага універсітэта (Прага) Янкам Геніюшам і пераехала жыць на яго радзіму, у Зэльву, дзе ў тым самым годзе ў маладой сям’і нарадзіўся сын Юрка. У 1937 г. маці з сынам перабраліся ў Прагу да мужа, дзе ён працаваў лекарам.
У 1940 г. на старонках беларускай газеты “Раніца”, якая выдавалася ў Берліне, былі надрукаваныя першыя вершы Л. Геніюш – пад псеўданімам Чайка. Праз два гады ў Празе выходзіць яе першая кніга “Ад родных ніў”, складзеная з дапамогай Вітаўта Тумаша.
У Празе Л. Геніюш актыўна займалася літаратурнай і грамадскай дзейнасцю, уваходзіла ў Беларускі камітэт самапомачы, была сакратаром Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.
У 1944 г. паэтка пад прымусам нямецкіх акупацыйных уладаў прыязджала ў Менск, дзе праходзіў Другі Усебеларускі кангрэс. Пасля вайны, імкнучыся пазбегнуць незаконнай дэпартацыі ў СССР, Л. Геніюш прыняла чэхаславацкае грамадзянства (27 ліпеня 1947 г.). Аднак гэта не ўратавала яе ад дамаганняў савецкіх уладаў – 5 сакавіка 1948 г. Л. Геніюш разам з мужам была арыштаваная ў г. Вімпэрку, пазбаўленая чэхаславацкага грамадзянства, выдадзеная савецкім спецслужбам і пад канвоем дастаўленая ў Менск, дзе яе дапытваў тагачасны міністр МГБ БССР Л. Цанава, патрабуючы аддаць архіў БНР.
7 лютага 1949 г. Вярхоўны суд БССР прыгаварыў Ларысу і Янку Геніюшаў да 25 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Пакаранне паэтка адбывала на Поўначы (Інта, Абезь Комі АССР, Поцьма Мардоўскайі ССР). 1 ліпеня 1956 г. Ларыса і Янка Геніюшы былі вызваленыя паводле пастановы ААН – як несавецкія грамадзяне. Прыехалі ў Зэльву, дзе жылі ў старым доме Геніюшаў па вуліцы Савецкай, 7. Л. Геніюш не стала грамадзянкай БССР, жыла з пазнакай у пашпарце – “без грамадзянства”. З 1959 па 1961 г. працавала сястрой-гаспадыняй у Зэльвенскім раённым шпіталі.
Памерла Л. Геніюш 7 красавіка 1983 г. у Гарадзенскай абласной больніцы (у анкалагічным аддзяленні ў Лабне). Пахаваная 9 красавіка на новых могілках у Зэльве.
Трагічным быў лёс сям’і Л. Геніюш: бацька як “сацыяльна небяспечны элемент” (буйны землеўласнік) арыштаваны ў 1939 г. і высланы ў Карагандзінскую вобласць, дзе прапаў без вестак; маці не вярнулася з высылкі ў Казахстан; браты Аркадзь і Расціслаў загінулі на франтах Другой сусветнай вайны. Сын паэткі Юрка Геніюш, па прафесіі лекар, па прызванні – таленавіты пісьменнік, жыў у Беластоку, дзе заўчасна памёр у 1985 г.