Іван Мележ
У гарах дажджы
І. Карабутэнку
Даліна ляжала між шасэ і ракою. З аднаго боку гула мутная жаўтаватая плынь Стрыя, з другога — дыбіўся круты схіл невысокай гары, што кучаравіўся знізу хмызняком, а вышэй — галлём сосен. Гару, самае падножжа, абгінала шасэ, — гладкая істужка яго неўзабаве, нібы радуючыся таму, што вырвалася з горнай цеснаты, выпроствалася і весела бегла па бяскрайняй, здавалася, раўніне. Тут канчаліся горы, канчалася апошняя града сіне-зялёных Карпат.
Па даліне — найбольш усцяж берагу — было раскідана некалькі дробных густых хмызнячкоў, у адным месцы ўздоўж пераразаў яе амаль высахлы, глеісты на дне раўчак. На ўсім астатнім прасцягу шаўковы ад вільготнай травы, дзе-нідзе купісты дыван быў роўны і трывалы. У карпацкім краі на многія кіламетры цяжка было б знайсці мясцінку, больш прыдатную для жыцця і заняткаў артылерыстаў, што рыхтаваліся да вайсковага вучэння ў гарах.
Артылерысты прыехалі сюды з глыбіні Карпат. Гэта быў дывізіён горнага артылерыйскага палка, іншыя падраздзяленні якога размяшчаліся паблізу на схілах другіх гор, а штаб у невялічкай гуцульскай вёсцы над ракою.
Летнія лагеры артылерыстаў былі за трыццаць пяць — сорак кіламетраў адсюль, на высокім беразе гэтай жа ракі. Там засталіся акуратныя рады белых палатак, густа настоены пах сасновых галін, шум вялікага лесу; засталіся зручныя, добра падрыхтаваныя парк для гармат і канавязі.
У даліну артылерысты прыехалі хмурным надвячоркам, прытомленыя нялёгкім маршам па звілістай і камяністай горнай дарозе. Адчапіўшы і ўладаваўшы маленькія гарняшкі — горныя гарматы, — да позняй ночы ў важкай цемры ўкопвалі на беразе слупы, прыбівалі бярвенні канавязей, кармілі аўсом з палатняных торб і паілі халоднай вадой са Стрыя коней.
Стрый тут — заўважылі — паводзіў сябе інакш, чым сярод гор, адкуль яны прыехалі. Рака тут не раўла па каменні. Яшчэ да таго, як выпусціць яе зусім на волю, на прастор раўніны, горы патроху адступалі ад яе, і яна ўсё шырэла ў нізкіх гліністых берагах. Яна гнала ваду не так бурна, без дзікага шалу, але больш магутна і велічна…
Жыллё сабе артылерысты абсталёўвалі каля хмызняку, блізка ад грэбня шасэ. Зрабіць простыя буданчыкі, каб прыкрыцца ад дажджу, буданчыкі з галля і плашч-палатак, было хоць справай і звычайнай, але не такой ужо лёгкай у цемры, пасля немалога паходу і ўсіх клопатаў мінулага дня. Людзі змарыліся. Калі, атрымаўшы вячэру, чародкі салдат з кацялкамі разышліся, пераклікаючыся, па сваіх буданах, даліна пачала хутка сціхаць. Праз якія пяць хвілін на ўсім беразе не спалі толькі вартавыя ды днявальныя на канюшні.
З наступнага дня пачаліся заняткі. Седзячы паўкругам, хто наўколенцах, хто — абняўшы калені, слухалі палітрукоў, што расказвалі пра міжнародныя навіны (у той час вельмі непакоіў Гітлер), пра справы роднай бацькаўшчыны. На выгане па-над ракою тапталі падбітымі жалезам кірзавымі ботамі траву, крочылі па загаду камандзіра «па-страявому», рабілі на хаду павароты налева, направа, кругом. Жыццё ішло такое, як і ў лагеры, звычайнае салдацкае жыццё ў летнюю пару.
На прасторным пляцы, каля прырэчнага хмызняку, займаліся з гарматамі. Заняткамі гэтымі ў першым узводзе кіраваў няўрымслівы, галасісты памкамузвода, старшы сержант Запара. Худы, з рудаватым чубком, з кірпатым носам, ноздры якога неспакойна хадзілі, у пілотцы, надзетай глыбока, на самыя вушы, ён насіўся на маленькім махнатым коніку па поплаву і крычаў:
— Ры-ы-ыссю, мар-рш!
Упражкі, на якіх сядзелі ездавыя і частка разліку, дробныя горныя гарматкі, рэшта прыслугі, што была за гарматкамі таксама на конях, коні са снараднымі скрынкамі — усё гэта зрывалася з месца і з такім грукатам, ад якога аж дрыжаў, стагнаў купісты пляц, імчалася што было духу берагам Стрыя. Ездавыя люта ўзмахвалі бізунамі, совалі заднікамі ботаў у конскія бакі, прыпадалі да грыў, якія ўзбіваў, раскідаў шалёны бег.
Памкамузвода ў напятай пілотцы, раздзімаючы тонкія ноздры, таксама ляцеў на сваім махнатым коніку. На ўсім ляту ён паварочваўся і, нацягнуўшы повад так, што ашчэраны конік задзіраў галаву і заміраў адразу, камандаваў:
— Гарматы-ы-і-і, к бою!!!
Негусты голас яго, што нярэдка пераходзіў у фальцэт, быў на дзіва моцны. Калі Запара крычаў, салдаты, якія былі за кіламетр, без памылкі разбіралі ўсе яго каманды. Чуючы гэты галасок, увесь дывізіён ведаў: Запара займаецца.
Артылерысты яшчэ на скаку саскоўзвалі з коней і ўвішна кідаліся да прыземістых гарняшак. Запара, стрымліваючы дзікаватага каня, дробнымі няласкавымі вачыма паглядваў то на салдат, што адчэплівалі і ўстанаўлівалі гарматкі, то на выстаўленую, з жоўтымі валаскамі руку з вялікім срэбраным гадзіннікам. Звычайна пасля гэтага ўсё пачыналася спачатку. Незадаволены памкамузвода загадваў зноў прычапіць гарматы, і коні зноў ляцелі па беразе, сапучы і ўскідваючы грывы.