— Гарматы-ы, к бою!..
Амаль кожны раз вочы старшага сержанта з непрыхільнасцю заўважалі, што апошні з каня злез, апошні, перавальваючыся, падаўся да гарматкі Макоўчык. Маруда, таўсцель, ён нібы знарок не спяшаецца, нібы пасмейваецца з сержанта, трухае, як мяшок, робіць выгляд, што бяжыць, але хіба ж гэта бег? І колькі ўжо разоў адно і тое ж, колькі разоў памкамузвода ўшчуваў яго, гразіўся яму вымовамі, — ніякай перамены.
— Макоўчык, вы сёння снедалі? — грозна паварушыў тонкімі ноздрамі Запара, хвацкі саскочыўшы з каня.
Макоўчык, поўны, рыхлаваты, з тоўстай шыяй, нязграбны ў ваеннай гімнасцёрцы, яснымі нявіннымі вачыма паглядзеў на памкамузвода.
— Як жа. Снедаў, таварыш старшы сержант.
— Не відаць! Вы так ходзіце, быццам суткі не елі!
— Я, таварыш старшы сержант, заўсёды быў такі.
— Мне не цікава, які вы былі!
— Тады выбачайце, таварыш старшы сержант, я думаў…
Макоўчык гаварыў з самай сур'ёзнай мінай, але Запару ў яго словах чуўся прытоены смех.
— Я ведаю, што вы думаеце!.. Адпраўлю дняваліць!..
— Воля ваша, таварыш старшы сержант, — спакойна павёў крутымі плячыма баец.
Старшы сержант з раздражненнем падумаў, што праз аднаго такога можа на вучэннях праваліцца ўвесь узвод. «Куды б яго прыладзіць, у ездавыя — там таксама патрэбна паваротлівасць, а больш, куды можна больш перавесці ва ўзводзе?» Гэта праблема, трэба сказаць, неаднойчы ўжо займала памкамузвода.
Запара быў чалавек, які не ведаў кампрамісаў у сваіх вывадах. Закаханы ў вайсковую службу, адданы ёй усімі сваімі пачуццямі і думкамі, старанны, ён любіў і цаніў у другіх таксама стараннасць і адданасць службе.
«Збыў жа хтосьці скарб гэтакі, — думаў ён, правяраючы, як падрыхтавана гармата да «бою». — Узнагародзіў…»
Усё было як належыць. Панарама ўстаноўлена правільна, — ртутныя кроплі ўзроўняў між рысак, замок адчынен, чахол са ствала зняты. Прыслуга стаяла на сваіх месцах, іменна так, як належала па статуту. Нават Макоўчык быў гатовы: прыгнуўшы галаву, трымаў у шырокіх, з кароткімі пальцамі руках працягнуты да зараджаючага снарад. Невысокі, але плячысты, ён амаль не згінаўся, згіналася толькі яго мяккая нізкая шыя.
— Першым жа снарадам вас забіла б, — кінуўшы пагардлівы позірк, прарочым голасам упэўнена прамовіў Запара.
— Гэта яшчэ невядома…
Плечы Макоўчыка ніяк не хацелі хавацца за шчыт гарматкі.
— Прыгніцеся! — загадаў старшы сержант, ружавеючы ад гневу. Макоўчык неахвотна прысеў, з выглядам чалавека, які не ведае, чаму да яго чапляюцца.
Запара стаў камандаваць вугламеры, прыцэлы, і гэты клопат на нейкі час адвёў яго ўвагу ад Макоўчыка. Але калі памкамузвода загадаў змяніць пазіцыю, калі коні на ўсю сілу памчаліся да гармат, Макоўчык зноў увёў старшага сержанта ў гнеў. Пакуль ён узлез на сядло, другая гарматка бегла ўжо на дальнім канцы пляцу.
Дзень быў хмурны, невясёлы. У сініх гарбінах гор, што цямнелі наводдаль у пройме стрыйскай даліны, збіраліся, дымячыся, навальнічныя хмары. Шчэць лясоў на вяршынях, на вышэйшых схілах то там, то тут танула ў клубах дыму, знікала з вачэй. Раз-поразу адтуль даносіліся глухія пагрозныя грымоты.
— Гу-гу-гу…
Адчувалася, што хутка пойдзе дождж. Але дождж нібы не спяшаўся. Вось ужо і заняткі скончылі, рассядлалі і накармілі коней, а хмарнасць якая была, такая і засталася.
Макоўчык, які падвечар заступіў дняваліць на канюшню, гледзячы ў бок захмараных гор, прамовіў раздумліва:
— Глядзі ты, там лье, як з прорвы, а тут — ціха… І вецер пайшоў адтуль, а дажджу не нясе…
— Горы не пускаюць, — адгукнуўся павучальна яго таварыш па днявальству, узводны спявак Халюта. — Хмары, бач, ляжаць на гарах…
Макоўчык прамаўчаў. Нельга сказаць, каб не любіў ён пагаварыць з таварышамі, але меў звычку ў кожнай гаворцы шукаць нейкі сэнс, пагарджаў пустой балбатнёй. Чалавек, які сказаў некалькі пустых сказаў, мог яму здацца нікчэмнасцю, надоўга страціць яго павагу. Адным з такіх здаваўся яму Халюта, самы вясёлы ва ўзводзе і самы пявучы хлопец.
«Горы не пускаюць!.. Адкрыў», — няласкава падумаў Макоўчык, адыходзячы ад таварыша.
Ён стаў пазіраць на раку. Канавязі былі амаль на самым беразе, за якіх дзесятак метраў ад вады. Макоўчыка здзіўляла, як хутка папаўнела і пашырэла за некалькі гадзін знаёмая рака. Яна зрабілася мутная, неспакойная, як там, у гарах, магутная плынь праносілася паўз Макоўчыка з такім гулам, што, здавалася, берагі ледзь стрымлівалі яе.