Выбрать главу

«Расхадзілася!» — незадаволена хмурыўся Макоўчык, пазіраючы на раку.

У гэты вечар сцямнела раней, чым звычайна. Хмары, здавалася, паважчэлі і насунуліся ніжэй. Ціха, амаль непрыкметна, пачало накрапваць, але шуму дажджу не было чуваць, бо яго глушыў няўціхны гул рачных хваль.

Нудны дожджык, хмары, аднастайны гул ракі наганялі сум. На нейкі час гэтую сумную панурасць развеялі байцы, што прыйшлі даглядаць коней, ад іх воклічаў і мітусні Макоўчыку стала весялей. Пасля таго як таварышы падаліся да палатак, Макоўчык падышоў да Халюты.

— Ты калі хочаш дняваліць — цяпер ці пасля паўночы?

— Цяпер.

— Тады пайдзі зараз павячэрай… Ды не затрымлівайся, не балбачы там лішняга.

— Не бойся, не затрымаю…

Ён сапраўды прыйшоў хутка. Халюта, якому многае даравалі за песні і які не цырымоніўся з іншымі, асцерагаўся і нават чамусьці пабойваўся няўклюды Макоўчыка.

Макоўчык прайшоўся яшчэ раз каля коней, праверыў, як яны прывязаны, і, кінуўшы таварышу пахмурнае: «Ну, глядзі тут!», непаспешлівай хадою падаўся да палатак.

Яму доўга не спалася. Дождж шапацеў і шапацеў, і рака гула, не ўціхаючы. Ён заснуў амаль каля паўночы — і, калі яго разбудзілі, адразу не паверыў, што ўжо час уставаць на змену. Але гадзіннік паказваў: пара. Макоўчык надзеў яшчэ мокрую халаднаватую плашч-палатку і, сонна сапучы, высунуўся на двор.

«Выбраў сабе змену звечара, — падумаў пра Халюту. — Усё дзе лягчэй стараецца».

— Ну, тут нічога такога не было, — сказаў Халюта, узрадаваны. — Прыходзіў толькі Леанід Пятровіч…

— Які Леанід Пятровіч? — панура, сонна прамармытаў Макоўчык.

— Старшы лейтэнант Харунжы, дзяжурны па часці.

— Знайшоў Леаніда Пятровіча!

— Мы з ім добра знаёмыя… — Халюта хацеў яшчэ штосьці сказаць пра знаёмства, але стрымаўся. — Ага — ледзь не забыў, — я пераставіў Арла, біўся ён вельмі. Да дубка прывязаў. Прывязаў надзейна, так што будзь спакойны…

— Пагляджу.

— Ага, — зноў успомніў Халюта: — Харунжы казаў, нага ў Камарова нішто. Ён хутка паправіцца. Гэта дакладна.

Камароў — наводчык першай гарматы — быў гаспадаром Арла. Дзень назад наводчыку пераехала пальцы нагі колам гарматы, і ён ляжаў зараз у палкавой санчасці.

Халюта намерыўся ісці.

— А рака, Мак, ліха яе, усё пухне. Як з дрожджаў. Каб яна, глядзі, нас не затапіла…

— Затопіць! Выдумаў, — буркнуў Макоўчык.

Калі Халюта пайшоў, Макоўчык сеў на цюк спрасаванага сена, накрытага папонай, паправіў на галаве капюшон плашч-палаткі так, каб не цякло за шыю, і, прытуліўшыся да другога, вышэйшага цюка, даў спакой зморанаму целу. Чорт ведае, як хацелася спаць: пасля паўночы заўсёды вельмі хіліць на сон, а тут яшчэ гэты нудны шаптун-дожджык!

Ён і не заўважыў, як задрамаў. Але неўзабаве зашумелі коні, паспрачаўшыся аб нечым, і Макоўчык прачнуўся. Ён устаў, пайшоў паўз канавязь. Коні дыхалі цяплом, пырхалі, цягнуліся да яго храпамі, што ў цемры здаваліся яму маркотнымі. Ён перавязаў чымбур, які ўжо амаль не трымаўся, стаў, пазяхаючы, пахаджваць туды-сюды, баючыся, што калі сядзе, то зноў засне.

Праз дрымотную абыякавасць чамусьці выпаўзла, згадалася Халютава трывога — «пухне… каб не затапіла». Ён зірнуў у бок Стрыя. Ракі амаль не было відаць, яна напамінала пра сябе глухім незадаволеным гулам, якога прызвычаены Макоўчык дагэтуль нібы не чуў. Ён, як і раней, аднёсся да Халютавых слоў скептычна. «Затопіць! Балбатун!..»

І ўсё ж Макоўчык пацягнуўся да берагу, пацягнуўся больш таму, што стаяць было нудна.

Тое, што Макоўчык убачыў на беразе, прымусіла яго адразу насцеражыцца. Вада, якая ўдзень была метра на паўтара ці два ўнізе, цяпер хлюпала каля самых ног, час ад часу ўзліваючыся на траву.

«Глядзі ты!»

Санлівасць адразу вылецела з яго. Усхваляваны, ён адкінуў з галавы капюшон, хутка азірнуўся, нібы чакаючы парады. Але за ім было цёмна і ціха. Што рабіць? Яшчэ крыху, і несамавітая рака залье бераг, затопіць канавязі, пляц, на якім стаяць гарматы. Яму прыгадалася глеістая лагчынка раўчака, што была між канавязямі і палаткамі. Яе можа затапіць, і тады вада адрэжа канавязі ад лагера…

Макоўчык подбегам падаўся ў той бок, дзе была лагчына. Мінуўшы звыклы хмызнячок, ён ледзь не ўваліўся ў ваду — па раўчаку рушыла, бурліла незнаёмая рэчка. І хоць яна, ведаў салдат, была неглыбокая, з'яўленне яе ззаду канавязей, да якіх падступала папаўнелая рака, занепакоіла Макоўчыка.

Разважаючы, што трэба рабіць: клікаць дзяжурнага, узнімаць трывогу ці чакаць, як будзе далей, ён успомніў Запару, і гэты ўспамін нібы астудзіў. Вядома, памкамузвода, даведаўшыся, што занепакоіла Макоўчыка, гляне зняважліва на яго і кальне: аказваецца, і ён, Макоўчык, можа быць часам паваротлівы. Нават не ў меру паваротлівы. Ручая напалохаўся!..