Выбрать главу

Макоўчык перачакаў іх і выкаціў таксама на шасэ. Павозка лёгка застукацела па гладзенькім, роўным асфальце, коні пайшлі весялей. Праз паўсотню крокаў Макоўчык звярнуў з шасэ і следам за гарматкай са сваёй батарэі, што ўзбіралася па свежай каляіне, наўскасяк, на даволі круты схіл, стаў таксама падымацца на гару. Коням цягнуць было цяжка, і ён злез з павозкі, пайшоў побач, адной рукой падпіраючы скрынку. Павозка ішла, нахіліўшыся набок, і колы раз-поразу саслізгвалі з абадранага мокрага грунту і спаўзалі, грозячыся падмяць яго.

У адным месцы павозка спынілася: змораныя коні не цягнулі яе, дыхалі цяжка і часта, і Макоўчык даў ім крыху пастаяць. Тут яго нагнаў на кані Халюта, які трымаў некалькі палатняных вёдраў. Макоўчык загадаў яму падсабіць. Папіхаючы павозку ззаду і з ніжэйшага боку, пакрыкваючы на коней, яны рушылі далей і неўзабаве дапалі да таго месца, дзе трэба было разбіць канавязі. Тут ужо ўладоўваліся днявальныя з другой батарэі.

Выбраўшы некалькі сосен ускрай лесу, што коса падымаўся ўгару, знікаючы недзе за схілам няблізкай, невіднай адсюль вяршыні, Макоўчык выцягнуў з павозкі вяроўку і стаў абвязваць яе вакол камля адной крайняй сасны. Адсюль ён працягнуў вяроўку да другой сасны, потым абвязаў вакол трэцяй. Халюта дапамагаў яму, увесь час расказваючы пра розныя праявы неспадзяванай падзеі.

— Эх, Мак, б'е плынь у раўчаку! На паваротцы. Я там пераязджаў… Каб яшчэ трохі, закруціла б! Яй-богу, закруціла б!

— Знайшоў чым хваліцца! Глупства зрабіў, ды яшчэ хваліцца! — буркнуў без злосці Макоўчык.

— Чаму гэта глупства?!

— А таму, што хто ж разумны лезе на паваротку, дзе круціць?

— Ты — разумны! Пасля ўсе мы разумныя…

Халюта выпрастаўся, паглядзеў на раку. Стрый цьмяна пабліскваў у ранішняй мокрай шэрасці, незнаёма магутны, неабсяжны. Былыя берагі вада ўсюды затапіла. Вадзяны прастор, пачынаючыся ўнізе каля шасэ, даходзіў амаль да падножжа панурых гор, што цямнелі на другім баку. Да іх было не менш паўтара кіламетра.

Толькі дрэвы ды хмызнякі выбіваліся з цьмянай аднастайнасці разліву.

Нават адсюль было відаць, што разліў гэты неспакойны. Пасярэдзіне і па баках яго несла рознае лясное ламачча, нейкія бярвенні, вымытыя, вырваныя кусты, сена. Між усяго гэтага Халюта вылучыў вялікае дрэва, якое, круцячы, як трэску, бурлівая рака моцна гнала ўніз.

Халюта ўбачыў непадалёк дручкі, што тырчалі сярод вады. Гэта была рэшта буданчыкаў. Ён павёў вокам далей, туды, дзе стаялі канавязі, і на яго твар раптам лягла трывога. Ён азірнуўся на Макоўчыка, які ўсё важдаўся з вяроўкай.

— Слухай, Лёня, а Арла… мы… забылі!..

Макоўчык падняў галаву ад вяроўкі. Не, Халюта не жартаваў. Ён стаяў пабялелы, і на твары, заўсёды такім вясёлым, бесклапотным, быў страх.

— Што я табе казаў, дурная галава, — правер, ці не забылі чаго-небудзь!

— А ты хіба не мог напомніць?

Макоўчык не адказаў. Ад злосці задрыжалі рукі. Не мог напомніць! Яму трэба, каб за ім хадзілі ды напаміналі! Ах, як Макоўчыку хацелася выказаць тое, што цяпер у яго душы кіпіць да гэтага вертуна, выказаць увесь гнеў, усю пагарду!

Ён убачыў, што да іх, ведучы каня, ідзе мокры, як і ўсе, памкамузвода, заляпаны глінаю аж да напятай глыбока пілоткі.

Толькі гэтага і не хапала. Запара, кінуўшы на Макоўчыка абыякавы позірк, стаў рассядлоўваць каня.

— Авёс увесь прывезлі? — запытаўся ён, выціраючы далоняй запацелую конскую шэрсць пад сядлом.

— Увесь, — пахапліва адрапартаваў Халюта. — І сена, і авёс! Папарваліся, пакуль уз'ехалі, але ўсё ўзялі!..

Макоўчык гнеўна змераў вачыма таварыша і адвярнуўся. Пастаяў хвіліну панура, павольна пайшоў уніз, упіраючыся абцасамі ботаў у асклізлы грунт. У грудзях кіпела новае: нарабіў, пустая галава, кінуў у вадзе каня, і — клопату яму мала! І як гэта ён, Макоўчык, так проста даверыўся гэтаму вертуну, не затрымаўся, не праверыў усё сам.

Разам з гневам на Халюту ў Макоўчыка было і другое адчуванне: ён павінен паправіць становішча, ён, іменна ён, не хто іншы. Макоўчык наогул не ўмеў звальваць справу на другіх.

Для яго не было другой думкі — Арла трэба неяк выратаваць. Гэта быў цяпер першы, самы галоўны абавязак у жыцці. Абавязак неабходны, не якія-небудзь заняткі, дзе невядома чаму Запара ўвесь час падганяе. Яго чакае жывое стварэнне, гняды быстры Арол, конь Федзькі Камарова, што не мог са шпіталя прыбегчы на ратунак…