— Мако-оўчык!.. Лё-ёня-а!.. — пачуў ён ззаду, з гары. Макоўчык пазнаў голас Халюты, але не азірнуўся. Ён нават прыбавіў хады.
Перайшоўшы шасэ, Макоўчык мімаволі спыніўся. Ён здзівіўся, убачыўшы зблізку, як прыбавілася вады, але думка гэта адступіла перад клопатам. Трэба ісці крыху правей — адтуль бліжэйшы шлях да канавязей.
Ён збочыў і стаў спускацца па крутым слізкім схіле. Вада тут падступала да пояса, стрымлівала хаду, але цячэнне было нямоцнае, і ён спачатку ішоў лёгка.
Працерабіўшыся праз хмызнячок, за якім пачыналася нізінка раўчака, ён заўважыў, што плынь стала інакшай. Вада па нейкіх сваіх законах бегла за хмызняком хутчэй, віравала, бурліла, несучы зламанае галлё і сена. Макоўчык адчуў, што яго збівае з ног, цягне ў глыбіню, і прыпыніўся. Унутры пахаладзела, калі ён падумаў, што трэба ўсё ж перабірацца далей. Ён павёў вачыма, шукаючы спакайнейшае месца, але ўсюды было адно. Макоўчыка ўзяў роздум: ці зможа ён утрымацца, пераходзячы, ці ўстаіць перад дзікай напорнасцю гэтай быстрай плыні? А калі не ўтрымаецца, калі вада сарве яго, закруціць, панясе!..
Ён нават плаваць не ўмее! Не вучыўся ніколі: у яго зялёнай вёсачцы на Віцебшчыне не было ні рэчкі, ні азярца хоць бы з добрую лужыну. Не ўмее плаваць!..
Паўз яго пранесла вялікі ашмётак сарванага недзе ў гарах вымаклага сена, — вось і яго можа так панесці. Што гэтай плыні сарваць чалавека, гэтай дзікай сіле вады!..
— Мако-оўчык! — дачуў ён ззаду, з гары, голас сержанта, чарнігаўскага настаўніка. — Вярні-і-цеся-а!
Ён не ведаў, што за ім сочаць. Яго гэта не цікавіла. Макоўчык быў запоўнены сваімі развагамі і клопатамі. А тым часам за ім сачылі, — малодшы сержант з-пад Чарнігава і Запара, стоячы на схіле гары, пазіралі ў яго бок, адзін з прыкметнай трывогай, а другі — недаверліва, скептычна.
— Чорт, я ўсё роўна як ведаў раней, што ён мне падстроіць дрэнь якую-небудзь!.. Макоўчык твой! — не мог супакоіцца Запара. — Ну, хопіць ужо мне важдацца з ім! Хопіць!
Ён са злосцю кінуў на зямлю цыгарку, падаўся ўніз да вады. Малодшы сержант пайшоў за ім, разважаючы ўголас, што можна б зрабіць, каб выратаваць каня.
— Што?! — адказаў нервова Запара. — Лодак тут зараз няма. Ды каб і былі — над раўчаком…
— Перавярнула б, абавязкова!
— Пустая балбатня! — Памкамузвода раптам заключыў: — Адным словам — ЧП[1].
Ён, здаецца, быў перакананы, што каня выратаваць не ўдасца, і гэта злавала яго…
— Не трывожся, ён не пойдзе!.. Не з такіх! — Запара гаварыў малодшаму сержанту тонам, якому не можна было не верыць. Спускаліся хутка, і памкамузвода некалькі разоў прыпыняўся, аддыхваўся. — Я іх ведаю, гэтых!.. Ён і ў ручай не пойдзе, калі там вады вышэй калена… З каня не саскочыць, каб не падвярнуць нагу… І так многа прайшоў, аж дзіва… Гэта згарача…
— А што, калі пойдзе? У вір. А? Сарве яго, чаго добрага!
Яны саскочылі на шасэ. Малодшы сержант паглядзеў на тое месца, дзе быў Макоўчык: постаць салдата ледзь віднелася ўскрай хмызняку.
— Не пойдзе, кажу! — Запара адвярнуўся ад ракі, прамовіў непрыязна: — Эх, чорт пабяры, такога каня ўгробілі! Шляпы, — бераг залівае вадой, а яны дрэмлюць, чакаюць, калі затопіць усё!.. Я на месцы кампалка за гэту ночку таму-сяму так уклеіў бы, што ён усё жыццё памятаў бы.
— Уклеіў бы! У цябе і слоў іншых няма!
— А якіх ты хочаш за такое слоў?! Можа, пахваліць, што ўгробіў мне каня?! Не, ужо не дачакаешся! І гэтага, і Макоўчыка гладзіць не думаю!..
— Ты глядзі, як бы цябе за Макоўчыка не пагладзілі, дзе трэба! — Чарнігавец гукнуў: — Мако-оўчык!!!
Рэха панесла па горным схіле, па вадзяной роўнядзі: о-оў-і-і.
— Стаіць, яшчэ думае. Гукні ты, — сказаў ён Запару. Памкамузвода завагаўся, але не паклікаў.
Макоўчык знік у зарасніку, — напэўна, паслухаўся малодшага сержанта і падаўся назад.
— Эх, разліло, а? — сказаў чарнігавец, акідваючы вачыма шырокі прастор вады. — Расплыўся, а? Цёк сабе дзень, другі — ціхі, звычайны, а потым — глянь. Сіла! Мора, сапраўднае мора… Канца краю няма, а?
Ён памаўчаў і нечакана скончыў:
— Часам так і чалавек… Аднаго адразу пабачыш, а другога, брат, і за год не зразумееш…
Ён крыкнуў:
— Мако-оўчык!
— Вяртаецца ўжо, — прамовіў Запара. — Эх, чорт, непрыемнасць якая з гэтым канём!.. Наварылі кашы, а мне за вас аддувайся! Але не, я за цябе адказваць не буду. Сам парабіў, адказвай сам! Няма чаго другіх ганьбіць!..
— Адкажу, калі запытаюцца.
— Ты ж вінаваты. Ты дзяжурыў… Толькі, мусіць, усё роўна на мой узвод зваляць. Мой конь застаўся, я і вінаваты!..
Запара сціх: наводдаль, за хмызняком, пачулася ржанне. Так, чорт, непрыемнасці праз гэтага каня яму не мінаваць.