Лічыцца, што некалі існавала прыпяцкае адгалінаванне знакамітага гандлёвага шляху “з варагаў у грэкі”, узбоч якога былі заснаваны гарады Тураў (980), Пінск (1097), Мазыр (1155). А ўвогуле першыя пасяленцы ў басейне Прыпяці з’явіліся ў 25-м тысячагоддзі да нашай эры. Сведчыць пра гэта адна з самых старажытных стаянак чалавека на Беларусі, якая была адкрыта каля в. Юравічы Калінкавіцкага раёна.
У герадотавы часы паселішчаў у пойме Прыпяці было зусім мала. Ляпіліся яны на пясчаных пагорках-боханах сярод балот. Цягам стагоддзяў палешукі былі адарваныя не толькі ад усяго свету, але і ад сваіх супляменнікаў. Лодка стала іхнім звыклым транспартам, лес – іхнім надзейным жытлом, вялікая вада вызначала лад іхняга існавання. І хоць праз вякі жылі яны “паміж пустак, балот”, “на ўзбярэжжы ракі шумнацечнай”, ды іхняе светапазнанне не было абмежаваным, не былі яны абяздоленымі жабракамі. Гадавалі скаціну, лавілі рыбу, палявалі, даставалі з борцяў мёд. Будавалі судны і сплаўлялі ў далёкія краі сваё тутэйшае дабро ў абмен на тое, чаго нельга было здабыць на сваіх балотах, у шматлікіх азёрах і рэках, спракавечных пушчах. І няхай пушчанскі гушчар не адкрыў ім таямнічую папараць-кветку, не знайшлі яны з дапамогай яе чароўнага святла ні скарбаў, ні багаццяў, а галотай сябе не лічылі. Бо не толькі лапці ўмела плялі, а цнатліва аберагалі і перадавалі ў спадчыну сваю непаўторную мову, свае дзівосныя показкі, свае высокага кшталту маральныя запаветы і сваю непарушную паляшуцкую годнасць.
Такія яны былі – герадотавы прашчуры беларусаў: будзіны і неўры, скіфы-земляробы, дзеці вады і лесу, якім выпала плаваць па таямнічым старажытным “моры Герадота”. Такімі яны і засталіся – самабытныя і здатныя палешукі, аўтахтоны гэтага краю, выштукаваныя і загартаваныя ракой і ветрам, сонцам і пушчай, працай і песняй.
А пра старадаўнасць і унікальнасць гэтага краю сведчаць шматлікія сённяшнія запаведнікі, заказнікі, паркі, музеі, навукова-даследчыя станцыі, помнікі прыроды.
Дык ці адкрые сваю таямніцу “краіна чараўнікоў і ваўкалакаў” Неўрыда, ці набудзе рэальныя абрысы легендарнае мора Герадота?