Аднак умелі берасцяне і годна адпачываць. Сведчанне таму – шахматныя фігуркі, шашкі, косці для гульні, мастакоўскія прыналежнасці, металічныя пісалы, скураныя мячы. Але, бадай, ці не галоўным клопатам берасцян была абарона роднага горада ад рознай навалачы. Таму з усёй жарствой саплі тут кавальскія гораны, гартуючы наканечнікі стрэлаў, шпоры, кальчугі. А побач працавітым дзятлам стукалі сякеры, даводзячы да ладу вёслы, калёсы, сані, сохі, прасніцы. У гэтым натуральным спалучэнні чыста гарадскіх і традыцыйна сельскіх клопатаў і здабывалі свой хлеб надзённы шмат якія пакаленні берасцян.
А зараз можаце пачуць іншы звон – манетны. Гэта працуе першы і адзіны на тэрыторыі Беларусі манетны двор Рэчы Паспалітай. Ён быў заснаваны ў Бярэсці ў 1659 годзе. Тут чаканілі дробныя медныя манеты соліды. Ад прозвішча арандатара двара Ціта Лівія Бараціні яны называліся яшчэ барацінкамі.
Не раз сур’ёзна і самавіта шумелі ў Бярэсці сеймы і з’езды беларускіх і літоўскіх магнатаў, дзяржаўныя сходы і зборы Рэчы Паспалітай. Таму трошкі ўяўлення – і вы можаце сустрэцца тут з многімі выбітнымі гістарычнымі асобамі, якія ў розныя часы мелі апеку над горадам. Князі тураўскія і кіеўскія, галіцка-валынскія. Польскі князь Баляслаў Храбры, кіеўскі – Яраслаў Мудры. Літоўскі – Скірмунт. Валынскія князі Уладзімір Васількавіч і Мсціслаў Данілавіч. А вунь, бачце, вялікі князь Вялікага княства Літоўскага Гедымін, польскі кароль Казімір ІІІ, вялікалітоўскі Кейстут… Ось колькі іх ваявала і змагалася за Бярэсце…
Паслухалі? Паглядзелі? А цяпер давайце завітаем у госці, спазнаем, як пачуваліся тут нашыя далёкія продкі. Зойдзем у любую з 200 адкапаных пабудоў, якія шчыльненька, у тры-чатыры шарэнгі, выстраіліся між трох паралельных вуліц. Амаль квадратныя хаціны з круглых хваёвых бярвенняў мелі падлогу з тоўстых колатых дошак. У куце ля ўваходу стаяла курная печ. Акенцы былі малюпасенечкія – ну, сапраўдныя шчыліны. Дзверы, каб цяпло дарэмна не марнавалася, мелі каля аднаго метра ўвышкі. Хаваючыся ад цікаўных вачэй, хаты стаялі глухой сцяной да вуліцы. Фундаментамі часта служылі рэшткі ранейшых збудаванняў. Старажытнае Бярэсце цягнулася ўгару на плячах сваіх папярэднікаў, пакуль яго самога не напаткаў гэткі ж лёс.
Непаўторная адметнасць раскапанага берасцейскага гарадзішча ў тым, што жылыя і гаспадарчыя пабудовы як нідзе болей выдатна захаваліся, будынкі маюць па 6–9 вянкоў. Ёсць і наогул унікальны зруб вышынёй 12 вянкоў. Выяўлены нават цэлы дваровы комплекс – жылы дом, паветка для жывёлы, невялікі надворак, абгароджаны частаколам.
Археолагі адшукалі тут самы першы, самы старажытны і адзіны на тэрыторыі Беларусі буквар. Ім з’яўляецца самшытавы грэбень, на абодвух баках якога яшчэ ў пачатку ХІІІ стагоддзя выразана 13 кірылічных літар -- ад А да Л. Вось бы даведацца, колькі маленькіх берасцянятак вывучыў грамаце гэты незвычайны буквар!
Само старажытнае Бярэсце бярэ пачатак у атуленым смугой часу ХІ стагоддзі. Упершыню паселішча згадваецца ў “Аповесці мінулых гадоў” пад 1017 і 1019 гадамі ў сувязі з барацьбой за кіеўскі пасад дружын наўгародскага князя Яраслава і ягонага брата тураўскага князя Святаполка, які быў разбіты на рацэ Альта /Пераяслаў/ і ўцёк у Бярэсце.
“Святополк бежа. Бежащу ему, нападе на нь бес, и расслабеши кости его, не можаше седети на кони, и несяхуть и /его/ на носилех… принесоша и /его/ к Берестью…»
За доўгую гісторыю гораду часта выпадала быць цэнтрам вялікіх і значных падзей. Згадаем хоць некаторыя з іх. У 1553 годзе берасцейскі стараста, віленскі ваявода і літоўскі канцлер, нясвіжскі князь Мікалай Радзівіл Чорны заснаваў тут першую на Беларусі друкарню, з якой пайшла ў свет знакамітая і вельмі рэдкая зараз Брэсцкая Біблія. Як згадвае добра абазнаны ў нясвіжскай гісторыі Уладзіслаў Сыракомля, Радзівіл Чорны, адзін з галоўных кальвіністаў у ВКЛ, выдаткаваў на гэта вялікія грошы і сабраў у Бярэсце 30 славутых тады літаратараў-перакладчыкаў. А пазней па загаду ягонага сына епіскапа Юрыя гэтую Біблію цэлымі стосамі палілі на кастрах у Вільні і Нясвіжы.
У канцы ХУІ стагоддзя ў горадзе ўзнікла праваслаўная брацкая школа, у якой настаўнікам быў вядомы беларускі асветнік Лаўрэнцій Зізаній. У ХУІІ стагоддзі ў езуіцкім калегіуме вучыўся, а пасля быў памочнікам рэктара беларускі мысліцель Казімір Лышчынскі. Гэта яго, сярэдневяковага атэіста і філосафа, 30 сакавіка 1689 года спалілі на кастры ў Варшаве. А берасцейская сінагога лічылася самай старажытнай і першай у Еўропе.