Выбрать главу

Мо за такую слынную мінуўшчыну і размаітае багацце Бярэсце станавілася аб'ектам частых нападаў. Як вабны райскі яблык. Якія толькі заваёўнікі не спрабавалі яго прысвоіць. Не раз нават вецер галасіў тут і войкаў ад жудасці, калі летапісны горад быў дашчэнту зруйнаваны і спалены, разрабаваны і знішчаны. Аднак на хісткіх сцежках паміж войнамі і мірам Бярэсце ўедліва адбудоўвалася зноў і зноў.

Калі ў пачатку ХV стагоддзя над горадам навісла  чарговая пагроза з боку Тэўтонскага ордэна,  нараду ў Бярэсце правялі польскі кароль Уладзіслаў ІІ /Ягайла/ і вялікі князь Вялікага княства Літоўскага Вітаўт. Быў выпрацаваны сумесны план адпору крыжакам, якія злюцела руйнавалі славянскія землі. 15 ліпеня 1410 года адбылася знакамітая бітва на Грунвальдскім полі, дзе зарунела і нашая нязломнасць, якая шматкроць каласілася на  беларускай зямлі. Разам з іншымі ў той бітве перамогу здабывала і Берасцейская харугва. З таго часу ўзброеныя германцы больш за 500 гадоў баяліся ступаць на беларускія землі.

Ды няўмольны час не пашкадаваў старажытнага горада. Берасцейскае гарадзішча стала падмуркам Брэсцкай крэпасці, назаўсёды схавалася пад пылам гісторыі.  Аднак сённяшнія пераемнікі і спадчыннікі ягоных даўніх дзеяў помняць і шануюць ахінутую наміткай стагоддзяў сваю прарадзіму.

КРЭМНЕВЫЯ ШАХТЫ

Тое, што Беларусь з’яўляецца сёння шахцёрскай краінай, ведаюць многія, нават далёка за яе межамі. Звязана гэта найперш са здабычай калійнай солі ў Салігорску. Па здабычы гэтых дражджэй урадлівасці Беларусь займае трэцяе месца ў Еўропе. А вось тое, што першыя шахцёры на беларускіх землях з’явіліся больш як 5 тысяч гадоў таму, для многіх  нечаканае адкрыццё. А гэта сапраўды так.

Нашы далёкія старажытныя прашчуры, якія сяліліся найперш у далінах рэк, умелі паляваць на маманта і скародзіць матыкай зямлю, лавіць рыбу і ляпіць гліняны посуд, але вырабляць шмат якія каменныя прылады -- каб хадзіць на паляванне, секчы лес, дзяўбсці лодкі. Выраблялі іх з крэменю. А для гэтага патрэбна была сыравіна. Той, што знаходзілі часам на паверхні, не хапала. Тады позіркі нашых усё больш здатных і кемлівых прашчураў скіраваліся пад зямлю.

Так і ўзніклі на памежжы неаліту і бронзавага веку на беларускай зямлі першыя беларускія шахты па здабычы крэменю. Было гэта ля цяперашняга гарадскога пасёлка Краснасельскі, што на левым прытоку Нёмана – рацэ Рось у Ваўкавыскім раёне. Зараз тут знаходзіцца Краснасельскі археалагічны комплекс. Ён уключае помнікі каменнага і бронзавага вякоў – шахты па здабычы крэменю, крэменеапрацоўчыя майстэрні, стаянкі людзей, могільнік, а таксама селішчы жалезнага веку і сярэднявечча.

Упершыню беларускія шахты былі выяўлены толькі ў 20-я гады ХХ стагоддзя, праз шмат тысячагоддзяў пасля свайго запачаткавання. З таго часу вялося іх інтэнсіўнае вывучэнне. Аказалася, што беларуская практыка здабычы крэменю, як асноўнай сыравіны для вырабу прылад працы, нічым не адрознівалася ад той,  што існавала ў Бельгіі, Англіі, Францыі, Венгрыі, Швецыі і іншых еўрапейскіх краінах. А на тэрыторыі былога СССР Краснасельскі быў адным з пяці шахцёрскіх цэнтраў. Інтэнсіўнасць распрацоўкі залежаў крэменю была тут высокая. Па сведчанню некаторых даследчыкаў, у розны час тут дзейнічала каля тысячы шахт. Нават па цяперашніх мерках гэта надта вялікі масіў. Сёння многія дзесяткі іх даследаваны, вывучаны і нават пройдзены нанава – каб больш дакладна зразумець сэнс і змест  працы першых краснасельскіх шахцёраў.

На беразе Росі некалі знаходзіліся вялікія крэйдавыя адклады. У іхняй тоўшчы і хаваліся тыя патрэбныя для майстравітых людзей камяні, з якіх латва было рабіць розныя карысныя ў жыцці рэчы. Толькі засталося невядомым, хто ж быў першым геолагам, тым шчаслівым першаадкрывальнікам, які ў крэйдавай белі здолеў разгледзець невялікіх памераў крэмневыя самародкі. Аднак шахцёрская справа развівалася даволі шпарка. Каб здабыць патрэбную сыравіну, капалі вертыкальныя калодзежы дыяметрам да паўтара метра. Глыбіня іх залежала ад насычанасці крэйды крэменем і дасягала 5 метраў.

Капаў, як правіла, адзін чалавек. Але ж голымі рукамі шмат не напрацуеш, ды і крэменю не здабудзеш. Каб паскорыць працэс, патрабаваліся пэўныя прылады і інструменты. Дзеля гэтага шахцёры выкарыстоўвалі рогі высакародных аленяў, якіх вадзілася тады безліч. З іх рабілі  своеасаблівыя кіркі, матыкі, завостраныя капачы, карысталіся нават цэлымі рагамі. У адрозненне ад прылад з крэменю, на рогі не наліпала крэйда, гэткі  інструмент  меў здольнасць сам па сабе вастрыцца. Каб не замінала шахцёрам, адпрацаваную пароду ў спецыяльных скураных мяшках выцягвалі на паверхню.