Кажуць, што падобныя збудаванні, як магутныя гняздоўі арлінай славы, былі пад сілу толькі сапраўдным волатам альбо нават самім багам. Крэўскі замак будавалі ў адначассе з Медніцкім, да якога было сем міляў. Калі дойлідам з Меднікаў патрэбен быў мулярскі малаток, яго перакідвалі ў паветры з Крэва. Пра волатаўскую сілу крэўскіх дойлідаў сведчаць і велізарныя валуны, якія на недасягальнай вышыні разам з цэглай завапнаваны ў сценах замка. Ці не з той пары захаваўся сярод людзей праклён: “Каб ты на Крэўскі замак валуны цягаў”.
Разам з Лідскім, Новагародскім, Медніцкім і Трокскім Крэўскі замак складаў адну лінію магутных крапасных умацаванняў, якія, кажуць, былі злучаны між сабой падземнымі лёхамі-хадамі.
Замак меў форму няправільнага чатырохвугольніка са сценамі ад 71 да 108 метраў і да 13 метраў увышкі. Ягоную магутнасць падрэслівалі дзве вежы, размешчаныя па дыяганалі. Адна з іх і па сваёй архітэктурнай выразнасці, і па складу насельнікаў справядліва насіла гордую назву Княскай. Хоць Крэўскі замак вылучаўся найперш мясцовымі асаблівасцямі абарончага дойлідства, аднак меў ён і прыкметы еўрапейскай архітэктуры: нагадваў шырока вядомыя ў Еўропе замкі-кастэлі.
За сваё доўгае жыццё замак зведаў славу і няслаўе, шум вялікіх бясед і гоман ведзьміных шабасаў, багацце і заняпад, разбурэнне і аднаўленне, візіты знаных гасцей, дзяржаўных асоб і непамысныя злачынствы. Пра тое сведчыць сама архітэктура манументальнага збудавання. Шыкоўна абстаўленыя верхнія пакоі – для вялікакняскай знаці. Падземныя лёхі і вязніцы – для яе супраціўнікаў, няхай сабе і княскага паходжання. Як сведчыць гісторыя, не пуставалі ні першыя, ні другія.
З лёсам Крэўскага замка цесна знітаваны лёс Вялікага княства Літоўскага. У ХІV-ХVІІ стагоддзях ён быў рэзідэнцыяй вялікіх князёў Гедымінавічаў. Тут станавілася на крыло наша дзяржаўнасць, тут спелілася рунь палітычных, дыпламатычных, культурных набыткаў ВКЛ. Гэта быў час не толькі ўмацавання дзяржавы, але і жорсткіх сутычак з крыжакамі, якія так расперазаліся, што славянам спасу ад іх не было, час міжусобных войнаў, што ганьбілі крэўныя повязі валадароў. На Крэўскі замак прыгоды, здарэнні і нягоды сыпаліся, як гарох з дзіравага меха.
32 гады княскі пасад у Вялікім княстве Літоўскім займаў першабудаўнік замка, адзін з сямі сыноў Гедыміна, вялікі князь Альгерд.
За гэты час узвысілася слава дзяржавы, удвая павялічылася яе тэрыторыя. Але не стала Альгерда, і востры канфлікт выбуховым порахам успыхнуў паміж Кейстуттам і Ягайлам.
Як гэта часта здараецца ва ўладным асяроддзі, каб утрымаць захопленае верхавенства, трэба было не дапусціць да яго іншых. Ці не адсюль узнікалі міжусобныя сутычкі, войны, забойствы? Не абмінуў гэткі лёс і Крэва.
Па загаду вялікага князя літоўскага Ягайлы ў 1382 годзе ў лёхах Княскай вежы адбылося страшнае зладзейства. Залатым матузком свайго ж урачыстага ўбору быў задушаны сын Гедыміна вялікі князь Кейстут. Вось як сказана пра гэта ў Супрасльскім летапісе: “Князя великого Кестутия, дяду своего, оковав, ко Креву послали и всадили во вежю… И тамо во Креиве пятои нощи князя великого Кестутия удавили коморникы князя великого Ягайлавы”. Людзі адразу ж назвалі Княскую вежу вежай Кейстута.
Падобны зыход рыхтавалі і сыну Кейстута, будучаму вялікаму князю літоўскаму Вітаўту, які таксама зведаў вязніцу Крэўскага замка. Аднак яму ўдалося ўцячы. Ён пераапрануўся ў адзенне жончынай служанкі, апынуўся спачатку за сценамі замка, а пасля ў стане крыжакоў. Разам з імі помсціў свайму крыўдзіцелю Ягайлу, спапяляючы велікакняскія гарады і крэпасці.
Пачаўся цяжкі і заблытаны перыяд змоваў, інтрыгаў, бунтаў-пераваротаў, авнтур. Знешняя небяспека, вострыя міжусобныя сваркі, жаданне ўмацаваць сваю ўладу вымусілі Ягайлу заключыць 14 жніўня 1385 года Крэўскую унію. Гэта быў саюз Вялікага княства Літоўскага і Польскага Каралеўства, у выніку якога на чале дзвюх дзяржаў станавіўся адзін правіцель. У 1386 годзе па запрашэнні высокага пасольства з Кракава вялікі князь літоўскі Ягайла стаў каралём польскім Уладзіславам ІІ, заснавальнікам дынастыі Ягелонаў. Разам з каронай Ягайла атрымаў за жонку польскую каралеву Ядвігу. Тады ж ён перадаў Крэва свайму брату Аляксандру – Вігунду, які ў 1391 годзе (такі няўдзячны лёс апошняга крэўскага князя) быў атручаны.
Крэўская унія ўмацавала пазіцыі Вялікага княства ў Еўропе. Але яна паспрыяла ўзвышэнню ролі каталіцызму. Язычніцкія Гедымінавічы ў сваёй большасці перайшлі ў каталіцтва. Касцёл атрымаў мажлівасць ахрысціць апошні язычніцкі народ у Еўропе – літоўскі. Пры падтрымцы Папы Рымскага гэта рабіў Ягайла.