Алесь Разанаў
У горадзе валадарыць Рагвалод
Вершаказы і пункціры
Падрыхтаванае на падставе: У горадзе валадарыць Рагвалод: Вершаказы i пункціры/ Маст. М. Казлоў.— Мн.: Маст. літ., 1992,— 14З с.: іл.
ISBN 5-340-01156-9.
Copyright © 2013 by Kamunikat.org
Горад горды i высакародны: ён стаіць на высокім месцы — на ўзгорку, на грудзе, і, адгароджваючыся ад навакольнага асяродка вежамі i сцяною, не адлучаецца ад яго, а вылучаецца з яго — як яго цэнтр, сярэдзіна, сарцавіна.
Ён — бесперапыннае пераўтварэнне дольняга ў «горнае», мінулага ў «градучае», ён — іхнія народзіны, i таму ўсе позіркі скіроўваюцца да яго, i таму ўсе дарогі сыходзяцца ў ім, i таму ўсім крывічам i радзімічам ён нібы ўзнагарода, родны i дарагі.
Горад загартаваны ў горне розных нягод i прыгод, ён перагараджае ордэну i ардзе дарогу да валадарства, i калі на ўсё горла ворагі прадракаюць: «Гора — гораду!» i абрушваюць на яго град камянёў i стрэлаў, горад адказвае ім пагардай.
Да горада горнуцца вёскі, лясы, пасады, палі, агароды, i ён з'ядноўвае ix у радзіму, a разнаісную грамаду — смердаў, рамеснікаў, гандляроў — гуртуе ў народ.
I нават калі горад знішчаецца дашчэнту, згарае да гарадзішча, народ i радзіма становяцца тым радовішчам, з якога ён адраджаецца зноўку.
У горадзе валадарыць Рагвалод, горад радуецца Рагнедзе.
З усіх дрэў дуб самы дужы, самы векавечны, самы даўні i самы будучы — ён увасабляе сабою трыяду часу: даўніну, цяпершчыну i будучыню i сваім існаваннем сцвярджае: быў, ёсць, буду.
Аб дубе бытуюць паданні, але сам ён не дбае аб тым, каб каму-небудзь падабацца: уся яго турбота — каб i ўлетку, i ўзімку быць сабою самім — дубам.
Усё, што робіцца з дуба, усё, што з яго будуецца, мае адменны характар: яно трывалае, яно добрае — яго не паточыць шашаль i ў ім не наробій,ь гнёздаў цвіль.
Дуб i падобны да ўсіх іншых дрэў, i адрозніваецца ад ix менавіта сваёй большай драўлянасцю, дрэвавасцю: ён дрэва ў дзве кроці, у два разы, у «дубль».
Дуб — тутэйшае дрэва ведаў: на ім сядзіць вешчая птушка бусел, пад ім — сівы дзед: вясковы буда.
Жалеза ляжыць у зямлі, у залежы, у глыжы, калі ж яго дастаюць на паверхню зямлі, яго ліжа агонь i хрысціць молат, вылуджваючы i выштурхоўваючы яго са стану золаку ў стан дня.
Жалеза мае мноства характараў, мноства кшталтаў: яно i лязо, яно i лыжка, яно i плуг, яно i жазло, але які кшталт яно мусіць займець, у які характар ужыцца, чый бок узяць — зла ці дабра — залежыць не ад яго.
З кім жалеза варагуе, таго яно джаліць, з кім прыязніцца, да таго мае жаль. Джалячы, жалеза цэліцца ў жылу, лечачы, уздзейнічае на кроў i залозы i набліжае чалавека да адказнасці за самога сябе i за ўсіх, і робіць чалавека заложнікам яго ж учынкаў.
Калі жалеза разважае пра сваё месца ў жыцці, яго залоціць іржа, калі знаходзіць яго — спаборнічае з бліскавіцай.
Безмаёмасны, бы манах-дамініканец, i багаты, бы цар Мідас, дым падымаецца ўгору i падымае з сабою, што ўзняцца само не можа: бадылле, ігліцу, галіны, а часам нават будынкі.
Але калі ў паднябессі ён адтуляе абдымкі, каб адняць ад сябе свой набытак, каб адмыцца i ачысціцца ад яго, ён адымаецца i сам: становіцца проста яснасцю, проста «невідзімнасцю», i паднябессе, як мытня, бесперашкодна прапускае яго ў свой эдэм.
Дым думае, i хоць на мадэль яго думання ўплываюць шмат якія ўмовы i абставіны: адкуль ён распачынае сваю вандроўку — з даліны, з гары, ці з выдмы, якія «модлы» — каінавы ці авелевы — нясе з сабою i каму прысвячаецца — дэману ці дэміургу,— найпершая, найдамінантная ўмова — каб ён рухаўся, каб падымаўся, каб быў дынамічны, бо нерухомы — ён толькі сажа, толькі куродым, толькі туман.
Дзе дым, там дом, i калі агонь для дома — дыямент, дык дым — дыядэма.
Дым дамаўляецца i знаходзіць супольную мову з усімі стагоддзямі i гадамi i ўпадабняецца то матыльку, то гатычнай бажніцы, то пірамідзе, то дзьмухаўцу, то, урэшце, дамоклаву мячу, i па дыме, нібы па здымку, можна даўмецца, якія гэта стагоддзі i якія гады.
Дым не падманвае нас: ён — матыў, які вынаходзіцца намі самімі i ў якім ёсць мы, ты i вы...
Адкрышаная ад цэласнасці, гутарачы i карагодзячы разам з іншымі «крыхамі», крыга плыве ў свабоду, туды, дзе стаіць горад Рыга, дзе ўюцца харугвы i дзе рыгво ракі «ўстрагае» ў мора, i па дарозе скругляе ўсё, што ў ёй ёсць квадратнага, сточвае ўсё, што ў ёй ёсць рагатага, i пакідае ззаду сябе ўсе тыя вярыгі, што лучаць яе з лядовай рыгарыстычнасцю.