Taro, хто бярэцца за зброю, зброя таксама забірае i абавязвае, каб ён укладаў у яе сваю змогу, сваё ўменне, сваё жыццё.
Зброя пад забаронай: да яе нельга звяртацца, каб адплаціць за крыўду ці за абразу, нават калі свярбяць рукі, але калі да яе звяртаецца той, хто крыўдзіць i абражае,— яна найлепшая абарона.
I з аднаго, i з другога боку зброя з'ядноўвае ўсіх, як сяброў, як братоў, але паміж самімі гэтымі бакамі развор? вае баразну барацьбы.
На зброі зазубрыны, аднак вызвоньвае ў ёй старадаўняе — «зубрынае» — высакародства бронзы.
Зброя: на полі бою разбураны бор целаў, над полем бою абразовы рой душаў.
Парог перагаворваецца з мінулым i з будучыняй, але сам ён «парожні».
Парог — нарог, якім пераворваецца надвое катэгорыя прасторы i катэгорыя часу; рог, за які чапляюцца крокі; пагорак, аб які спатыкаюцца, прылятаючы зблізку, віхура і, прылятаючы здалёк, ураган.
Любая дарога пачынаецца ад napora i парогам канчаецца.
На парозе ацярушваецца прах.
З парогам спрагаюцца параграфы руху i нерухомасці.
I прага, якая вядзе чалавека па свеце, мае сваёю мэтай парог.
Парог — наш «рок»: мы стаім на парозе — на самым няўстойлівым, на самым «парушаным» месцы, але на ім здабываецца перамога.
Пачатак відушчы: ён мае ўнутраныя вочы, i нібы сонца — праменне, i нібы ручаіну — крыніца, вытачае з сябе сваю існасць — час, i гэтакім чынам чапае ўсё, што адбываецца потым.
Пачатак — «пачасак», i «чат» — час: ён дзейсніцца пад знакам чатыры i з таго «напачатку», калі Бог стварыў неба й зямлю, рухаецца ў свой канец, дзе здымаюцца з таямніцаў пячаткі i дзе чатыры апакаліптычныя істоты: леў, бык, чалавек, арол,— тлумачаць загадку сфінкса.
У пачатку супадае цот i няцот, нашчадак i прашчур, цэлае i частка, i сярод воклічаў роспачы i незлічоных «чаму?» толькі адзін ён — пачатак — нязрушаны i трывалы, як шчыт.
Пачатак — «нашча», пачатак — «яшчэ», ён чысты ад хібаў i ад скажэнняў, i ўсе наступныя поры дня, поры года i поры жыцця, абуджаныя ім ад спячкі, пачціва ўслухоўваюцца ў яго слова i чытаюцца з аглядкаю на яго: ад пачатку.
Конь тупае ступою, i, у адпаведнасці з тым, які тут топас, якая тут тапаграфія, яго ступа то спутаная, то свабодная.
Аднак ступа ступы не залежыць ад гэтай — топкай ці тупкай — тапаграфіі, яна ў яе свая, i свой рухавік — памяло, i свой пілот — баба-яга, ці, па-іншаму, ёга; ступа ляціць, i расступаецца перад ёю адлегласць, i верталёты-«цюльпаны», «Ілы» i «Тупалі», калі сустракаюцца з ёю, захапляюцца ёю — для ix яна выступ у наступную рэчаіснасць, уступ у бясконцасць.
Але калі ступа пачынае сама захапляцца сабою, яна робіцца сапсутаю i ca сваёй ступені спадае на той план быцця, дзе пануе побыт.
Ды за лясамі, рэкамі, стэпамі ёсць у ступы свае сваякі i свае заступнікі — ступы-бажніцы, якія нястомна пытаюцца ў наступнасці: «Дзе пуп зямлі?» i якім наступнасць нястомна адказвае: «Пуп зямлі — ступа».