Выбрать главу
Сонца

Лацінскае sol — квінтэсенцыя свету, соль рэчаіснасці.

Нямецкае Sonne знае сэнс (Sinn) усіх з'яў; яно ззяе, як звон, i, як звон сваю звонкасць, выпраменьвае сваё ззянне, свой «зной», сваё знанне-распазнаванне.

Стараславянскае слъньце сланяецца ад небасхілу да небасхілу: у ім тая няспешнасць, тая ленасць, якая дазваляе ўсім істотам адчуваць сябе далучанымі да лона вечнасці.

Італьянскае sо1е ў арыі жыцця выконвае сольную партыю.

Рускае солнце пасылае свае пацалункі ўсім абліччам (лицам), але сланечнікам (подсолнухам) — найахвотней.

Беларускае сонца — прывабны, бяско цы сон, які ўсім сніцца адначасова.

Чэшскае s1unсе лунае па самай строміне неба, замкнёнае ў абалонцы — у «лунцы» — смугі, месяцовасці («луннасці»).

Славацкае s1nко ласкавае i ўсяму, што ёсць у людзях ласкавага, яно адслонена як акенца.

Сербскае сунце з сумай горкіх i кіслых высноў сунецца ў восень, ведаючы, што там яны выспеюць у ласункі.

Літоўскае saule насяляе ўсе сялібы, увесь свет — i свет называецца яго імем pasaulis.

Сарочка

Сарочка творыцца з сораму: калі Адам i Ева зразумелі, што яны голыя, яны паспляталі сабе з лістоты ўборы, якія змаглі б засланіць ад боскіх вачэй ix галечу.

Ці яна крамная, ці шарачковая, ці, як у Індыі, сары, сарочка — родавы знак чалавека, ён ёю «сурочаны».

Ён можа выбраць сабе сарочку, якая яму падабаецца, змяніць яе, здзець, i гэтым ён розніцца ад усіх іншых жывых істотаў, чые «сарочкі» намёртва зрасліся з целам: каб скінуць ix — трэба памерці.

Выгнаны з раю, чалавек скіроўваецца ўпрочкі, у вонкавы свет, дзе ён будзе жыць па-сірочы i дзе адзінаю рэччу, якая яму застанецца як спадчына i як напамінак пра страчаную айчыну, будзе сарочка.

Прыкмета: хто родзіцца ў сарочцы,— шчаслівы.

Смяротны праклён: «Хай не чапае цябе сарочка!»

На таго, хто не мае сарочкі — ці, можа, дакладней, сораму — сварыцца вешчая птушка сарока.

I толькі ў сарачыны, праз сорак дзён пасля таго, як чалавек пакладзецца ў сырую зямлю альбо ў саркафаг, чалавечая душа канчаткова «рассурочваецца», «рассарочваецца» і, вольная ад прыцягнення ўрочышча ценяў, паварочваецца да зор.

Нітка

Нітка танюткая, а апранае яна ўвесь свет: з яе ткуцца міткалёвыя кашулі, наміткі i тунікі, a калі гэтая нітка — каніцель, то i слуцкія паясы.

Нітка — ні я, ні ты, ні яны, аднак яна да кожнага датыкаецца, з усімі кантактуе i ўсіх нітуе ў кампанію, у талаку, у людскасць, i таму кожны — i я, i ты, i яны — становіцца нейкім чынам усім астатнімі.

Тэзіс высноўвае: так; антытэзіс: гэтак; a нітка знаходзіць яшчэ два пакінутыя станы, два прамінутыя «паўстанкі»: i так, i гэтак — ні так, ні гэтак, без садзейнічання якіх немагчымае пранікненне ў скінію сінтэзу.

Чалавек блукае па лабірынце жыцця, не ведаючы, што яго напаткае заўтра i паслязаўтра i дзе ён спаткаецца з Мінатаўрам, але нітка ведае вынік, і, трымаючыся яе, чалавек не ўпадае ў паніку, не нікне, a кіруецца наперад — туды, дзе яго чакае багіня перамогі Ніка.

*
У парасткаў-клёнікаў такія ж сапраўдныя, як i ў вялікіх кляноў, лісты i — такая ж сапраўдная восень.
*
Світае — так паволі, так неахвотна, нібы засталіся на цэлым свеце насельнікамі адно толькі шэрыя камяні.
*
Прачнуўся ўночы: па чорных дахах кралася жоўтая поўня, кагосьці высочваючы — ці не мяне?
*
Зялёны мох на страсе — песнаспеў зялёны асенняму хмураму небу.
*
Да каменя прытуліўся жоўты кляновы ліст — хочацца стаць каменным?!.
*
У вокнах запальваецца святло. Хто праходзіць узбоч дамоў — зазірае ў вокны, хто ўнутры — засланяе вокны.
*
Быццам само чаканне ўвасобілася i стала постаццю — дрэва на гарадскім прыпынку.