Быццам вандроўная выспа, воблака блукае па паднябессі i па-над зямлёю, не могучы апусціцца на самую зямлю i ўзняцца ў самое неба — яно трывала «заблакавана» абодвума бакамі.
Няма ніводнай мясціны, ніводнай вобласці, дзе б воблака не пабывала i якую б не кранулі яго «воплакі», але найболей прывабліваецца воблака абалонамі рэк: i Об, i Обаль, i Абалянка сунімаюць воблака, суцяшаюць, наталяюць i «аблакаюць» у новае аблачэнне — трохі белае, трохі блакітнае, трохі бухматае i трохі воблае (круглявае).
Воблака не мае нязменлівага, «пашпартнага», вобліку, i, можа, таму, паклаўшыся на зямлю, людзі ўглядаюцца ў воблака не толькі вачамі, але самою сваёю душою, бо, як i воблака, душа — блукальніца.
Нехта, бывае, кажа, што воблака добрае, нехта наадварот,— што благое, але само воблака пастаянна аддаляецца ад нітак гэтых меркаванняў; яно — нібы нябесны клабук, прызначаны, каб увянчаць увесь «клубок» — нашу зматаную з супярэчнасцяў планету.
Kaca — косая, аднак там, дзе яна праходзіць, застаюцца чыстыя, без касмыкоў, касынкілугоў i роўныя каснікі пакосаў.
Kaca не спакушаецца славай i не выстаўляецца напаказ: яна толькі першаю, у расу, каштуе тыя «смакосы», якія пасля будуць каштаваць каровы i козы.
Kaca касуе ўсё, што ўзводзілі вясна i лета: яе кранае не краса званцоў, касачоў ці каласоўнікаў, a косінусы i катангенсы стасункаў з імі.
Пасада ў касы каставая — ад Касандры: яна прадказвае ўсім аднолькавы лёс i сама ж вершыць яго.
На касу, як на смерць, касавурацца гусакі, на касу сыкае асака, яе кусаюць камяні, ад яе адкасоўваюцца кусты, але, вітаючыся з ёю, касу ксціць касец Ясь i — развітваючыся з ёю — касінер Кастусь.
Ноч перайначвае рэчаіснасць: утойвае відавоч-нае і ўвідавочнівае патаемнае.
Учора — вечар, заўтра — раніца, сёння — дзень, і толькі ноч не мае свайго адпаведніку, які азначыў бы яе месца ў часе: яна — прысутнасць адсутнасці, нішто, ніякая, нічыя.
Ноч змыкае людзям вочы і адмыкае новыя — не бачныя для вачэй — далячыні.
Уначы, знітоўваючы зямлю і неба, палымнеюць знічы, коцяцца, знячэўку сарваўўшыся з зорных галінаў, знічкі, а ў неабсяжных ночвах нябёсаў плавае месяц-човен.
Ноч як нябыт: хвіліна ў ёй не адрозніваецца ад вечнасці, пакута ад шчасця, пачатак ад завяр-шэння, набытак ад страты, і калі, скончыўшы свой чараўнічы сеанс, ноч растае, свет паўстае абноўленым, «нашчым», перапісаным начыста.