Выбрать главу
Гутарка

Гутарка — гаспадарка, у якой усё ў зборы, усё ў гурце, усё зацікаўлена адно ў адным i ўторыць адно аднаму.

Яна грунтоўная, нетаропкая i доўжыцца звычайна не хвіліну i не гадзіну, а, як нейкі торг, як рада — да заўтра, да аўторка, бы таркай, пераціраючы ўсе меркаванні, здагадкі, здарэнні, чуткі.

Лепш за ўсё гутарка пачуваецца не ў горадзе i не ў мястэчку, дзе чалавека не здзівіш ні чалавекам, ні навінамі, а на хутары, дзе чалавек — падарунак чалавеку i дзе раскатурхваюцца нават самыя старыя ўспаміны.

У гутаркі свой лад, свой парадак, яна не тарабарыць дарма, як тара, а па-сакратаўску сааўтарнічае, узаемнічае, «сутарыць», частуючыся мяккім гумарам i моцнай махоркаю.

Плуг

Плуг паслухмяны, як слуга, i якой бы вымогі гэта яму ні каштавала, якой бы вялікай ні была яго натуга, ён не пакідае раллі, пакуль не «пераплыве» ўсё поле.

Перад плугам тупае конь, за плугам пхнецца араты, ля плуга матляецца пуга, але сярод ix усіх плугу належыць галоўная роля.

Аблогу i лугу, пакуль плуг не ўцягнецца ў сваю гульню, у сваю работу, плуг здаецца кволым i недалугім, але калі ўцягнецца, дык Гуліверам.

Плуг трымаецца такога вугла паводзін, які не дае яму выпасці ў плыткае i захраснуць у глыбокім.

Плуг перакульвае поле, робячы ніжняе верхнім, унутранае — вонкавым, i гэтае перакульванне спрыяе зямлі рабіцца ўрадлівай, а яму — бліскучым, нібы само люстэрка.

Лёд

Вада ўтрымлівае ў сабе лёд як сваю іпастась, як сваю патаемную патэнцыю, як свой летаргічны сон i ўсялякі раз, калі «прыціскаюць» абставіны, пералітоўваецца ў яго.

Лёд літы, чысты, празрысты: дол, пад якім зімуе казка, літаграфія, якая памятае лета.

У лёд умарожваюцца човен i лодка, але сам лёд — замкнёны палёт па гарызанталі, лодка, якая злучае ўсе берагі i ў адну i тую ж хвіліну знаходзіцца ў любым пункце палетку возера ці ракі.

Лёд апякае, як ёд, але ў ім — мёд літасці, якою ахоўваецца ўсё жывое ад лёзаў марозу i лютасці холаду.

Імя

Кожны, хто прыходзіць на свет, атрымлівае сваё імя.

Імя «імаецца» з самой чалавечай сутнасці i запісваецца — іматрыкулюецца — у кнігу жыцця, каб усё жыццё той, хто яго мае, быў менавіты. Мяняецца імя — мяняюцца матыў i тэма жыцця.

Імя — адзіная маёмасць, якую чалавек заўсёды носіць з сабою; яно нават даўжэйшае за самое жыццё, i калі чалавек пакідае гэты свет, яно застаецца замест яго ці, калі больш дакладна, ім.

Каб ведаць, хто ты такі, мусяць ведаць тваё імя.

Ёсць імя — ёсць тая асоба, тая імасць, да якой звяртаюцца людзі i якая адгукаецца на гэтыя звароты, няма імя — i для ўсіх твая постаць нямая.

Імя ўсё чуе, усё спасцігае, усё ўспрымае, яго ўзносіць слава i паніжае ганьба.

I самы вышэйшы тытул, які можа мець чалавек, унутраны яго імам — i м я.

Вежа

Апярэджваючы падзеі, вежа віжуе, што адбываецца за лесам, за полем, за паплавамі i нават далей, за мяжою самой зямлі,— у сузор'ях Вялікага Воза, Зайца, Касцоў, Вадаліва,— бо ад таго, што адбываецца сёння там, залежыць, што заутра адбудзецца тут, дзе жыве вежа,— у Міры, Камянцы ці Нясвіжы.

Вежа пастаянна папаўняецца свежым запасам пітва, свежым запасам ежы i свежым запасам ведаў.

Адзежа вежы прыгожая — з чырвонай цэглы.

Вежа абведзена чароўным кругам сцярожкасці, які разнасцежваецца толькі перад сваімі.

Вакол вежы блукаюць, вяжучыся ў паданні, хвала i звяга.

Важкая, нібы старажытнасць, i стромкая, нібы свечка, пастаўленая на падсвечніку ўзгорка, вежа відаць абсягу i неабсяжнасці, i што б ні варажыў ёй вецер, ні дажджыў дождж i ні снежыў снег, для вежы самае важнае служыць абсягу i прыналежаць да неабсяжнасці.

Вада

Вада валодае ўладаю павадыра: яна ніколі не застаецца на месцы, яна заўсёды Ў РУХУ — альбо прасочваецца ў кладоўкі зямлі, альбо падымаецца ў зводы неба, альбо цячэ ў далячыні гадоў — i вядзе за сабою прыроду, надвор'е, людскую долю.

Вада жыццядайная: там, дзе яе няма, жыццё засыхае i чэзне, там, дзе яна льецца нібы з вядра, жыццё вымакае i нікне, а там, дзе яна «ўдойлівая» i дзе яе даволі, там жыццё «ўвадавочніваецца» возерам i ўвыдатніваецца аазісам, водар якіх адчуваюць зводдалі вярблюды, валы, каровы i іхнія спадарожнікі — авадні.

Вада ведае пра людзей нешта настолькі глыбокае, чаго яны самі не ведаюць, і, здольная замаўляцца, яна альбо спрыяе сваімі ведамі чалавеку, альбо — наадварот — вадзіць яму.