Вада — удава, палова раздвоенага адзінства, і, як Ізіда Азірыса — свайго загубленага брата i мужа,— яна шукае агонь, які паводле сусветнай волі ператварыўся ў яе процілегласць,— але як толькі знаходзіць, агонь зноў гіне ў яе абдымках.
У сваіх бясконцых вандроўках вада, выпараючыся, супадае з паветрам, замярзаючы, супадае з зямлёй, аднак, пераадольваючы перашкоды, звады i крыўды, якія існуюць на свеце, яна не пакідае намаганняў трапіць у край свабоды i праўды i там супасці з тым, з кім ёй дагэтуль не выпадала супасці,— з агнём.
Каб аперазаць паўнеба, маланцы дастаткова вокамгнення, вокаміргнення: яна амаль бязмежная ў прасторы — такая вялікая i амаль бязмежная ў часе — такая малая.
Яна вынікае з хмарнай імглы i, рассвятляючы гэтую імглу, дасягае найярчэйшага напалу.
Яна ўсюды паспявае, усё спасцігае, i людзі ёй моляцца, як святой, i называюць яе чалавечым імем: Малання, аднак i сама яна — малітва, яскравая малітва прасторы, якая, як людзі, мае патрэбу ў споведзі, ачышчэнні i прасвятленні.
Маланка — ламанка: яна ломіць магутныя дрэвы i вымалёўвае трапятлівыя — «ліхаманкавыя» — узоры вышэйшай — электрамагнетычнай — трыганаметрыі.
Маланка спакон вякоў маладая, яна вечная «муза»: калі яна гаворыць, пануе нямая ціша, калі замаўкае, пачынае гаварыць «гармата» — гром.
Гром агромністы: ён «ахорвае» бязмоўнае i пашырае імгненнае, палохаючы старых i малых тым, чаго ўжо няма, што ўжо мінула.
Гром — гурма i гармідар; пакінуўшы свае харомы, ён гоніцца ўслед за маланкай, за ўсё чапляецца, усё зрушвае, усё пераварочвае дагары.
Маланка лёткая, гром грувасткі, маланка маляўнічая, гром красамоўны, маланка — змест, гром — форма, маланка — інтуіцыя, гром — логіка, маланка — мелас, гром — рыторыка, маланка крэсліць граматы, адрасаваныя Садому i Гаморы, гром ix абвяшчае.
Маланка жне, гром малоціць, маланка — серп, гром — молат; яны такія розныя, такія непадобныя, але ix яднае гармонія.
Стараславянскі б р а т р ъ брытае каня i з ім едзе на раздарожжа, дзе ў розныя тры бакі разыходзяцца тры дарогі.
Старажытнаіндыйскі b h r a t а r складае найвялікшы твор колішніх спраў — «Махабхарату».
Нямецкі Bruder руды: яго радуе, што ў яго ёсць бутэрброд i што ён завецца Рудольф.
Шведскі b r о d е r з барадой: атабарыўшыся, ён сядзіць каля броду i радзіцца ca сваім радаводам.
Лацінскі frater, сягаючы да Афрыкі i Еўфрата, засноўвае там фарты.
Літоўскі b r о l i s бароніцца борам i лесам, ад бураў з усходу i захаду, мроячы аб той пары, калі яго роля ў ягоным лесе будзе залежаць ад аднаго яго.