Калі сустракаюцца людзі, яны падаюць i адкрываюць адзін аднаму далонь.
Далонь — дол, які супадае з лонам.
I доля, нібыта па эталоне, звярае свае паводзіны па далоні.
У лапаты багата клопату: яна садзіць у печ на сваёй лапе-далоні хлеб, зграбае апалае лісце, пад хаты, хлявы i палаты «латае» пляц, маючы плату за гэта не ў талерах, літах ці латах, a ў тым, што ёй гэта латва, што ёй гэта прыемна рабіць.
Лапата падобная i на лапаць, i на лопух, але калі лопух, ціхмяна альбо лапочучы лапушынамі, усё жыццё застаецца стаяць на тым самым месцы, дзе вырас, то лапата, «урастаючы» то ў адно, то ў другое месца, падрушвае яго, пераварочвае, перамяшчае; i калі хада лапця «тупая» i топчацца па паверхні глебы, то хада лапаты «ўклыпваецца» ўглыб.
Лапата адкапала з-пад напластаванняў часу Вавілон, Трою, Паталіпутру, i ўсё, што калісьці прапала, ці патанула, ці растапталася, вяртаецца нанава ў свет праз рупатлівасць лапаты.
Шлях вынікае з самой чалавечай сутнасці i не вымяраецца ні гадзінамі, ні кіламетрамі: ён не аддегласць, а «далегласць» — лінія адпаведнасці між вонкавым i ўнутраным, зямным i зорным, мусовым i вольным.
Шлях ураўнаважваецца на шалях чалавечай хады і, ураўнаважыўшыся, ушляхетнівае чалавечыя памкненні. Калі ж чалавек, падбухтораны шаламі, ухіляецца на іншыя шляхі, «шляецца», яго памкненні марнуюцца i не атрымліваюць таго, што ix жывіла б i апраўдвала б — шолах i зык водгуку.
Шлях не павольны i не хуткі, а паслядоўны, «пешы», i той, хто ішоў i ідзе па ім, заўсёды ідзе першы раз, як на сяўбе, вылешваючы яго дукатамі i шэлягамі сваіх учынкаў.
Быццам шво, што змацоўвае вопратку, каб яна не распаўзлася на лахманы, шлях, злучаючы між сабою мінуўшчыну, цяпершчыну i будучыню, змацоўвае само чалавечае бытаванне на зямлі, пакідаючы яе, нібы яна лішняя, ззаду i зноўку адшукваючы перад сабой.
Мост засноўваецца на процілегласцях i, састыкоўваючы раз'яднаныя берагі, «ост» i «вэст», уяўляе сабой не мясцовасць, а свядомасць мясцовасці — пастаянны нястомны палёт над прадоннем, над стромаю, над глыбінёю, у атмасферу цэласнасці i адзінства, у космас.
Мост не масціты, але змястоўны: на ім збіраюцца разнастайны «госці» — роздум, каханне, смутак, помета, i мост, валодаючы мноствам «могстваў», усіх ix атэстуе паводле іхняга чыну, іхняга мастакоўства.
Быццам востраў Патмас, дзе апостал Іаан пісаў свой «Апакаліпсіс», мост мае свой самастойны i асаблівы статус: ён у вадзе i ўзнесены над вадою, ён на сушы i ссунуты з сушы, ён у паветры, але мае форму квінтэсенцыі паветра — вясёлкі, ён яшчэ прастора, але ўжо i час.
Мост здзяйсняе містэрыю: пераводзіць таго, хто ідзе, з аднаго паўсвету ў другі паўсвет, з аднаго паўстановішча ў другое паўстановішча, з адной паўнаступнасці ў другую паўнаступнасць і, пакуль доўжацца гэтыя пераводзіны, вызваляе таго, хто ідзе, ад уплыву палавіннасцяў — каб з двух паўсветаў змог утварыцца ўвесь свет, з двух паўстановішчаў — усё становішча, з дзвюх паўнаступнасцяў — уся наступнасць.