Выбрать главу
*
Стаіўся за дрэвам — i для половы свету стаў толькі дрэвам.
*
Натрапіў у кнізе на захаваны даўні білет цягніковы: не ведае ён, дзе я быў, не памятае — куды ездзіў.
Пчала.

Пчала нікога не чапае сама, але калі нехта чапае яе альбо той церам, у якім жытлуе яе радзіна, яна не шкадуе жыцця, караючы — i лечачы ад сваволі — крыўдзіцеля, апякаючы яго сваім роспачным пацалункам.

Пчала — чалядніца працы, i на чале летняга дня, ведучы яго за сабою, яна вылятае ў поле, у луг, у сад, цешачы ix сваім прылётам, тым, што пачаўся дзень i што яна, пчала, пачала паломнічаць.

Увесь дзень пчала зносіць у вулей, у яго каморы, падпечкі i ночвы, праз яго чалеснікі i атворы, тое, што яна возьме ў поля, у луга, у саду,— узятак, i тое, што яны ёй дадуць,— уздатак, адводзячы адпачынку ноч.

Пчалу нельга забіваць: яна — пЧАЛа, у ёй захоўваецца чалавечы пачатак, i людзі шануюць яе, як чалавека.

Пчала мае справу з самымі прыгожымі, з самымі чулымі, з самымі духмянымі стварэннямі — кветкамі, але ў глыбіні яе існавання тоіцца плач.

Барана

Барана — з бору: забраная адтуль, яна ўсё роўна не згаджаецца са сваёй абранай роляй i абараняецца рукамі i нагамі ад прымусовага абранніцтва.

Зацята, «па-барановаму», барана ўпарціцца руху: яе валакуць, пераадольваючы яе натуру, яе супраціўленне, але якраз дзякуючы гэтай упартасці i гэтаму супраціўленню робіцца работа.

Барана драпае, раніць, скародзіць, вя'рэдзіць, «бурыць» поле i такім чынам бароніць яго ад няўроду.

Усякае поле для бараны — поле барацьбы, поле «брані».

Сон

Калі пагасае дзень i дзённае сонца заходзіць на адваротны бок чалавечага існавання, з таго, адваротнага, боку ўзыходзіць новае сонца — сон.

Насеннем сну засяваецца людское сёння, ім жыватворацца ўсе істоты, усе асобы, усе персоны: так, з боскага сну ўтварыўся Адам, так, з Адамавага сну ўтварылася Ева.

Сон — аснова: ён мае не ўскосны i не пераносны, a дзівосны сэнс, i рассыпаны ў ім дзівосныя скарбы; каб зразумець гэты сэнс i каб здабыць гэтыя скарбы, чалавек мусіць адхінуь усе заслоны i, як Ясон па залатое руно, выправіцца ў вандроўку, поўную прыгодаў i небяспекі.

Сон моцны, як сома — пітво багоў, i жыццё, стомленае самой неабходнасцю жыць, баслаўляе сон як збавенне, i шле яму свой песнапеў — асанну.

Певень

Сербскі петао, тупаючы нагамі i лапочучы крыллем, нібы ён намерваецца ўзляцець, можа, пяты, можа, пяцьдзесят пяты раз, апантана пытае-дапытваецца, ці ёсць дзе-небудзь той супернік, што здольны спаборнічаць з ім, i сваім апантаным пытаннем-дапытваннем пераконвае ўсіх — i перш-наперш самога сябе,— што няма.

Балгарскі петел «пытляваны» — выпрабаваны: ён называецца Петар i дае пытлю ўсім іншым пеўням у наваколлі, якія «ўляпетваюць» ад яго, як ад гарачай патэльні.

Славенскі р е t е l i n, як дырьгжабль-цэпелін, вылеплен з неспатольнай прагі палёту; застаючыся делам на лінялым палетку зямлі, ён «ліецца» душою ў ільняны палетак нябёсаў.

Украінскі п i в е н ь, сп'янелы ад акавітай кроплі вады i перапоўнены спеўным натхненнем, аб'яўляе на ўвесь белы свет, што наступіла вясна.

Беларускі п е в е н ь пнецца на пень, упэўнены, што без пня ён не лепшы за пыльны венік, а на пні — лепшы за вабную паву.

Рускі петух хуткі на рух: ён тушыць полымя ўсходу i, калі ўсход патухае, ганарыцца, што гэта яго заслуга; ён ходзіць пехатою, але пастаянна памятае, што ён — птах, што ён — дух.

Царкоўнаславянскі пѣтель — вястун святла: з лета ў лета ўносіць ён лепту за лептай у перамогу багаславёнай сілы, перакульваючы сваім спевам платы патаемных поцемных клятваў i распутваючы петлі адпетых замоў.

Кнот

Кнот укручваецца ў лямпу, у свечку, у каганец, становячыся іхняю сарцавінаю, іхняю асновай, іхнім канонам.

Ён тонкі, нібы сцябліна, і, нібы на сцябліне вясновы сок, па ім цячэ ток воску, алею, газы ці туку, вянчаючы кнот кветкай агеньчыку, якой асвятляецца ўсё наўкола.

Кнот выконвае свой добраахвотны самаахвярны абавязак: аддаючыся пакуце, ён перацягвае, нібы канат, прыцемнае ў празрыстае, нерухомае ў дзейснае, тлустае ў цнатлівае.

Кнот атуляюць — як яго гукавы кантэкст — гукі кантаў.

На кнот, перад тым як заснуць, пазірае вачасты кот.