Яна мяняе скрыгат на рогат, а рогат — на супакой, прасякнуты музыкай Грыга,— i ўсё больш супадае з новаю цэласнасцю — з ракой.
Наўкруг крыгі віруе плынь, несучы яе, быццам квадрыгу — коні.
На крыгу ўскокваюць, каб пакатацца на ёй, хлапчукі — мясцовыя «крыганаўты».
З юліянскага — старога — календара крыга ўплывае ў грыгарыянскі.
Аб крызе спрачаюцца крызіс i адраджэнне.
I, можа, тая скрыжаль, у якую сэнс упісаў схаваныя ад «Рыгведы» гімны,— крыга?!.
Гэтакі код перашкоды: адоленая — яна шкадуе чалавека, неадоленая — шкодзіць яму, адоленая — яна «шакалад», неадоленая — шок, адоленая — дух згоды, неадоленая — дух варажнечы, кадук.
Перашкода засяроджвае на сабе чалавечыя намаганні i чалавечую ўвагу, якія ў «роўных» абставінах змарнаваліся б i расцярушыліся б, збірае ix у «кош» i ў «кадушку», i пакуль «кош» i «кадушка» не напоўняцца дарэшты, яна не ўступае чалавеку дарогі i не дае перадышкі, але як толькі напоўняцца — адчыняе браму ў шырокі абшар.
Перашкода не ашуквае чалавека, а дашукваецца ў ім да прычыны, што растлумачыла б яе самую,— i няма ад яе іншай мікстуры, іншых таблетак, іншага парашка, як толькі перажыць яе ўсёю душою: ад — да.
У гонар перашкоды не складаюцца оды, аднак яна — школа, што запрашае чалавека расці вышэй за сябе, i толькі таго, хто прайшоў першы клас, яна пераводзіць у ДРУгі.
Дзверы адчыняюцца ў два бакі, у дзве веры: у прыход i адыход, у прыйсце i выйсце.
Яны робяцца з жывой матэрыі — з дрэва, з дзерава, i адгукаюцца табе тваім жа стукам: асцярожным — на асцярожны, бадзёрым — на бадзёры, усхваляваным — на ўсхваляваны...
Дзверы аддзяляюць унутраную прастору ад знадворнай, i той, хто ўваходзіць у дзверы, уваходзіць у новае становішча, у новую веру: з «нідзе» — у «дзе», з дня — у «дзень добры», з двара — у «дзяржаву».
Дзверы — перагародка, але «дзіравая», рубеж — але схільны да «дэзерцірства», забарона — але не зацвярдзелая: раз-пораз яна «рэвізуецца», i тады замест яе зеўрыць прахон.
Падмазаныя — дзверы маўчаць, непадмазаныя — верашчаць, цвярозыя — разважаюць, нецвярозыя — вярзуць лухту, разнасцежаныя — высцюжваюць хату, зачыненыя — берагуць яе дух, яе мары, яе вярозы.
Каля дзвярэй ляжаць лапці-кавярзні, ляжыць дзяркач.
Да дзвярэй нахіляецца калодзежны журавель — асвер.
У дзверы дзярэцца сівер.
I звер недаверліва спыняецца перад дзвярамі, вынюхваючы ў іхнім двувер'і ерась.