Выбрать главу

З кнотам знаходзіць кантакт кантычка.

Да кнота датыкаецца, спасцігаючы таямніцу рэчы ў сабе, роздум Канта, i гутараць наконт кнота ў спаконвечнай размове скон i бясконцасць.

Рэчы

Рэчы дарэчы, калі яны становяцца памочнікамі чалавеку, калі яны яму зручныя i спадручныя, i недарэчы, калі яны пачынаюць панаваць над чалавекам i супярэчыць яму.

Рэчы насяляюць чалавечы свет, яго рэчаіснасць, i жыццё чалавека цячэ ў рэчышчы, абумоўленым рэчамі, не могучы выхіліцца з-пад іхняга ўплыву i не могучы заставацца там, дзе застаюцца яны.

Страчваючы рэчы, чалавек сірацее, Hiбыта страчваюцца яго стрыечныя двайнікі, i набывае новыя магчымасці ў новай сустрэчы з імі.

Чалавек трымаецца за рэчы, як за парэнчы, i яшчэ невядома, хто болей каго не хоча адпусціць ад сябе — ці ён ix, ці яны яго.

У рэчах назапашваецца рэха чалавечых думак, зарокаў i адрачэнняў.

З рэчаў, як выява іхняй спрадвечнай i таямнічай моцы, узнікае rex — цар.

Лес

У лесе ўсё пазрасталася i паспляталася: лісце, галіны, камлі, карэнне, зямныя лёхі,— ледзь закранецца нешта адно, адгукнецца другое.

Лес пачынаецца адразу за аселіцай, за сялом, за сялібай, i насяляюць яго іс.тоты, якія не ўмеюць жыць у сялібе — мядзведзі, ваўкі, лісы, ласі, лесуны.

Калісьці ў лесе жылі i людзі, але, палюбіўшы бяспеку болей, чым небяспеку, пляскатае болей, чым звілістае i галінастае, адасобіліся ад яго: між імі i лесам — адлегласць, i гэтая адлегласць не дазваляе, каб лес увайшоў у сялібу; калі ж усё-такі ён уваходзіць альбо ўязджае ў яе на калёсах, дык як паляўнічы здабытак, як балясіны i як бёрны, якія карнаюцца па людской мерцы лёзамі піл i сякераў i з якіх выбудоўваецца яна сама.

Сяліба ;— дом: у ёй усё відавочна i ўсё вядома, лес — лёс: у ім усё хістка i пакручаста, і, каб аднойчы сустрэцца з лёсам i даведацца пра саміх сябе нешта такое, што здзівіць i ўразіць ix саміх, людзі блукаюць па сцежках, якія ім сцеле пад ногі лес, i лезуць у глухамань, у сляпыя нетры, бо — на якой бы прыступцы жыццёвае лесвіцы ні давялося стаяць чалавеку — знадворку заўсёды ён гэтакі, як сяліба, а знутры гэтакі, як лес.

Летапіс i летапісец — лес памятае, што было летась i пазалетась, i безліч гадоў таму назад: якая часіна была ласкавейшая, якая слязлівейшая i якая балеснейшая, ён памятае нават тое, што будзе пасля, бо ад таго, які ён сягоння — знясілены ці ў сіле, у пялёстках ці ў плесені,— залежыць наступнасць.

Над лесам бліскаюць ясныя бліскавіцы, над лесам ляскаюдь бязлітасныя перуны.

*
Вяртаюцца з выраю птушкі — зямлі вяртаюць нябёсы.
*
Каштан у набраклых пупышках: прыгожы будучай прыгажосцю.
*
Садзяць бульбу: цяпер думай сама, турбуйся сама, як выбрацца з гэтай сховы.
*
Гоніцца чалавек увесь век за сваёю думкай: машынаю, цягніком, самалётам, ракетай...— i ўсё-ткі дагнаць не можа, i ўсё-ткі не можа не даганяць.
*
I табе ахвота з усімі разам пабыць на свяце вясны, пякучая крапіва?!.
*
Сад атуляюць плотам. А ён усё роўна цвіце для ўсіх.
*
У ранку я выйшаў з дому i ўвесь дзень ішоў у кірунку да сонца. Якім супярэчлівым аказаўся мой шлях!..
*
Ці чуеш, асушаная балацінка: кнігаўкі прыляцелі?!.
*
Пачало неўпрыкмет змяркацца — i неўпрыкмет аціхла гаворка, a ціша загаварыла.
Свечка

Свечка асвятляе чалавечы твар i сведчыць пра чалавека; гледзячы на яе, чалавек пазнае ў ёй сябе: ён таксама, як i яна, запалены, ён таксама, як i яна, нявечны, ён таксама, як i яна, аднойчы згарыць альбо знячэўку пагасне,— i няма ў яго іншага выйсця, апроч таго выйсця, якое паказвае свечка: ператвараць воск плоці ў агонь духу.